Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманы беларус меў даведку ад Правага сэктару пра ўдзел у АТА


Будынак сьледчага камітэту

Будынак сьледчага камітэту

У затрыманага на менскім чыгуначным вакзале беларуса была даведка пра ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны.

Пра гэта паведамляецца на сайце Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Сьледчы камітэт хадайнічае перад пракурорам, каб узяць беларуса пад варту. Супраць яго ўзбуджаная справа паводле ч.2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў).

28-гадовага ўраджэнца Віцебскай вобласьці затрымалі 26 лістапада ў Менску. Ён уехаў на тэрыторыю Беларусі з боку Ўкраіны 25 лістапада. Для перасячэньня дзяржаўнай мяжы ён выкарыстаў наняты ім аўтамабіль, паведамляе Сьледчы камітэт.

«Пры асабістым вобшуку ў яго былі выяўленыя: маска з прарэзамі для вачэй, два пашпарты, самаробнае выбуховае прыстасаваньне на аснове асколачнай гранаты да станковага гранатамёта, пісталет, электронныя носьбіты, даведка пра ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя таго, у момант затрыманьня на целе падазраванага была надзета армейская бронекамізэлька», — паведамляе sk.gov.by.

На брыфінгу начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч распавёў, што даведка была выдадзена ад імя камандзіра адной са структур Правага сэктару.

Атрыманая інфармацыя сьведчыць пра магчымую датычнасьць мужчыны да ўзброеных фармаваньняў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Данецкай вобласьці ў кастрычніку 2015 году. Для больш дэталёвага вывучэньня і праверкі гэтай інфармацыі прызначаны шэраг экспэртыз.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG