Лінкі ўнівэрсальнага доступу

95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначаюць у Слуцку, Менску, Вільні, Нью-Ёрку, Варшаве.

Менск

27 лістапада актывісты моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» ў цэнтры Менску каля Камароўскага рынку будуць раздаваць нацыянальную сымболіку з выявай герба «Пагоня».

Гэткім чынам яны ўшануюць памяць паўстанцаў у 95-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну. Мінакі таксама атрымаюць віншаванкі з Днём Герояў-случакоў.

Як патлумачыў лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан, у 95-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну важна паказаць, што беларусы памятаюць і шануюць гістарычныя падзеі на Случчыне і гатовыя абараняць Радзіму ад магчымых захопнікаў.

Варшава

У вечаровым эфіры 27 лістапада беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які вяшчае з Польшчы, пакажа дакумэнтальны фільм «Слуцкі збройны чын», зьняты ў 2008 годзе беларускім рэжысэрам Сяргеем Ісакавым.

Слуцак

Слуцкі райвыканкам дазволіў правесьці ў Слуцку 28 лістапада ўрачыстую дэманстрацыю і мітынг з нагоды 95-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Збор а 14:30 каля будынку Слуцкага краязнаўчага музэю. Адтуль калёна рушыць па ходніках да гарадзкога парку культуры і адпачынку на вуліцы Віленскай, дзе мае адбыцца ўрачысты мітынг ушанаваньня памяці ўдзельнікаў Слуцкага паўстаньня 1920 году.

У акцыі плянуюць узяць удзел прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За свабоду», руху салідарнасьці «Разам», Моладзі БНФ ды іншых арганізацыяў. Чакаецца, што прымуць прысягу новыя актывісты «Маладога Фронту».

Пасьля мітынгу мяркуецца правесьці ў Слуцку сустрэчу з гісторыкамі, якія дасьледуюць падзеі антыбальшавіцкага супраціву на Случчыне.

Вільня

29 лістапада Таварыства беларускай культуры ў Літве, асацыяцыя «Крывія» і таварыства «Vilnija» запрашаюць на імпрэзу да 95-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Беларускія і літоўскія выступоўцы распавядуць пра гісторыю змаганьня за незалежнасьць сваіх краін, будзе канцэрт барда Аляксея Галіча. Імпрэза адбудзецца ў нядзелю а 14-й гадзіне па адрасе: Вільня, Raugyklos, 25 (Дом нацыянальных меншасьцяў).

Нью-Ёрк

29 лістапада ў Нью-Ёрку ў грамадзкай залі царквы Сьвятога Кірылы Тураўскага (401 Atlantic Ave. Brooklyn NY 11217) адбудзецца тэатралізаваная пастаноўка «Слуцкія жаўнеры», арганізаваная актывістамі Бруклінскага аддзелу БАЗА. Пачатак а 12-й гадзіне.

Слуцак

29 лістапада Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ правядзе мэмарыяльныя мерапрыемствы на Случчыне ў гонар 95-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

Актывісты праедуць па месцах баёў з расейскімі агрэсарамі і ўшануюць памяць беларускіх герояў у Грозаве, Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) і Семежаве. Мерапрыемствы завершацца мітынгам у Слуцку, каля мясцовага Краязнаўчага музэю (у будынку якога адбыўся Зьезд дэлегатаў Случчыны і працаваў штаб паўстаньня). Мітынг пачнецца ў 14:30.

XS
SM
MD
LG