Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэстабілізатар Расеі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ну ня ўсё толькі Пуціну выступаць, Мядзьведзеву далі даручэньне назваць «актам агрэсіі супраць нашай дзяржавы з боку Турэччыны» зьбіты самалёт.

Гучыць даволі адыёзна. Турэччына ня мае мяжы з Расеяй і яе вайсковыя самалёты не лятаюць на расейскіх рубяжах. Чаго ня скажаш аб расейскіх – на турэцкіх межах.

Істотны момант: расейцы так і не далі адказу – ці меў зьбіты Су-24 апазнавальныя знакі? Калі ня хочуць адказваць, ускосна гэта можа сьведчыць аб тым, што мог ня мець. Калі Крым захапілі расейскія войскі без апазнавальных знакаў, крамлёўскае начальства ў тэлевізары дапускала і ўсьмешкі, і жарцікі, і кепікі. Зь недалужных украінцаў. Усё прайшло на ўра. Але вечна так не бывае.

Не зьдзіўлюся, калі Дума не пакіне «каменя на камені» ад Турэччыны. У гістарычным пляне. Толькі што яны рабілі гэта з Украінай: Крым ёй не належаў ніколі, і самой такой краіны не існавала, кіпяціліся думцы. Які-небудзь Жырыноўскі можа нагадаць зараз, што й Турэччыны не існавала, а была на тым месцы Візантыйская імпэрыя, туркамі захопленая…

Увогуле ўсё болей вылазіць на паверхню, што Пуцін наслухаўся Жырыноўскага. Можа й парагатаў часам, але сам робіцца Жырыноўскім, толькі ўжо не на словах. Дваццаць гадоў таму той заяўляў: скінуць на Грозны атамную бомбу і праблема будзе вырашаная. Але Жырыноўскі быў заўсёды «майстрам моцнага слова». Ніякай бомбы скідаць на галовы чачэнцаў ён не зьбіраўся, дый ня меў. А Пуцін мае. Праўда, ворагі цяпер у яго іншыя, замежныя… Калі розныя дэпутаты спэцыялізуюцца на безадказных палітычных заявах, то на іх можна махнуць рукой – ат, клоўны. А калі паяўляецца чалавек іншы – моцнага жэсту і моцнага ўчынку, то не адмахнесься, клоўнам не назавеш, хіба што злавесным клоўнам.

З год назад я выказваў здагадку: выглядае, што Пуцін можа выканаць нэгатыўную ролю ў лёсах сьвету, і гэта датычыць і самой Расеі. Падобна, што пачынае збывацца. Яму відавочна не даваў спакою Буш-юніёр, якому ён напэўна зайздросьціў і не любіў адначасова. Што той можа раз… і пачаць вайну ў Іраку. Якая, між іншым, вельмі паўплывала на эканамічнае ўзмацненьне Расеі, паколькі падаражэла нафта. Так што радавацца трэ было Пуціну і папаўняць залатыя запасы, а яму хацелася самому быць Бушам. Яму хацелася ляўраў «сильных мира сего».

Але чаму Пуцін гэтак грэбуе элемэнтарнымі эканамічнымі ведамі? Пасьля моцнага крызысу 1929-га – пачатку 1930-х ЗША былі, так ці інакш, пастаянна на ўздыме. Калі Буш пачаў вайну ў Іраку, за плячыма Штатаў былі семдзесят гадоў стабільнага эканамічнага разьвіцьця, назапашваньня патэнцыялу. Калі Пуцін узяўся за Ўкраіну, а цяпер укараніўся ў тую Сірыю, у яго за плячыма было ўсяго якіх дзесяць гадоў раптоўных прыбыткаў ад нафты – пасьля доўгага глыбокага крызысу, у якім была Расея, пачынаючы яшчэ з часоў СССР.

Палітык высокага ўзроўню павінен бачыць сваю задачу ў захаваньні статус кво краіны, у назапашваньні эканамічнага патэнцыялу. Аднак не такі Пуцін. Палітоляг Арэшкін у інтэрвію Свабодзе зьвяртае ўвагу на тое, што той «увесь час чакае агрэсіі супраць сябе, таму што сам унутрана ён вельмі агрэсіўны».

Памятаю, летам 2014-га (пасьля анэксіі Крыму) расейцаў яшчэ шмат было ў Грэцыі, яны паводзілі сябе, як заўжды, упэўнена. Што ж, у людзей ёсьць грошы, яны могуць дазволіць сабе нармальны адпачынак. Задаволеныя яны, задаволеныя грэкі. Сёлета мне кінулася ў вочы, што расейцы ў Грэцыі ўжо стараліся не зьвяртаць на сябе ўвагу: яны адчувалі, якую рэпутацыю набывае Расея за мяжой праз ваяўнічыя дзеяньні Пуціна. Што датычыць Эгіпту і Турэччыны, там расейцаў была заўсёды плойма. Цяпер гэтага ня будзе. Ня кажучы, прыбыткі жыхароў Расеі сталі істотна зьмяншацца, асабліва не паезьдзіш па заграніцах.

Спачуваць ім я не зьбіраюся. Але мяне трывожыць, што Расея можа рабіцца нестабільнай. Гэта будзе адбівацца на ўсіх яе суседзях. Што магло быць лепшым: Расея багацее, людзям не ў галаве бомбы і ўсе задаволеныя. Купляюць дарагія машыны, нерухомасьць, у тым ліку за мяжой. На сусьветных курортах поўна адпачыньнікаў з расейскім пашпартам. Але Пуцін зрабіў так, каб цэны на нафту абрынуліся. І што будзе далей? Невядома.

Што зробіш, іншых прыкладаў нам гісторыя не прапануе: апошнія (да Крыму) анэксіі ў Эўропе былі ў сярэдзіне 1930-х. І таксама ўсё спачатку было гладка, лепей не прыдумаць. Мэтай Гітлера было значна пашырыць межы Нямеччыны. Досыць параўнаць: наколькі скарацілася нямецкая тэрыторыя пасьля завяршэньня яго, напачатку «бліскучай», кар’еры.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG