Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце — Тэрэспаль. Мала каму з чачэнцаў удаецца адолець гэты маршрут на шляху да лепшай долі


Чачэнцы на пашпартным кантролі берасьцейскага вакзалу

Чачэнцы на пашпартным кантролі берасьцейскага вакзалу

Карэспандэнт Свабоды праехаў разам зь дзясяткамі ўцекачоў з Чачні, якія транзытам празь Беларусь уцякаюць у Эўразьвяз, шукаючы паратунку ад перасьледу расейскіх сілавікоў і галечы на радзіме.

Штодня некалькі дзясяткаў чачэнцаў сядаюць у Берасьці на цягнік да польскага памежнага мястэчка Тэрэспаль, каб папрасіць там статус уцекача. Вельмі часта — безвынікова. Карэспандэнт Свабоды высьвятляў: што змушае іх па 20–40 разоў «штурмаваць» мяжу, вяртаючыся раз за разам дахаты?

Цягнік для кантрабандыстаў і ўцекачоў

Берасьцейскі чыгуначны вакзал

Берасьцейскі чыгуначны вакзал

Ранішні цягнік да Тэрэспаля адыходзіць зь Берасьця а 9.01. Для беларусаў, якія езьдзяць на закупы, першы вагон самы выгадны, бо зь яго першымі выпускаюць людзей на мытны надгляд у Польшчы. Таму звычайна перад самым адпраўленьнем цягніка ў гэты вагон квіткоў няма. Выручаюць берасьцейцы з прадпрымальніцкай жылкай, якія каля касаў прапануюць набыць у іх квіток па звычайным кошце, а за гэта просяць перавезьці пару пачкаў цыгарэт ды бутэльку гарэлкі. Не адмаўляюся, а кабета, якая прапануе квіток, радуецца маёй не берасьцейскай прапісцы ды дадае на правоз яшчэ адну бутэльку гарэлкі. Берасьцейцам можна правозіць толькі паўлітровую бутэльку, а жыхарам іншых рэгіёнаў — літар.

У чарзе на агляд пашпартоў кідаюцца ў вочы чарнявыя барадатыя мужчыны, жанчыны ў хусьцінках і доўгіх спадніцах. Гэта каўказцы, пераважна чачэнцы, якія спрабуюць эміграваць у Эўропу. Многія едуць сем’ямі, зь імі па трое, а тое і болей дзяцей.

Чакаюць цягніка ў залі чаканьня на вакзале ў Берасьці

Чакаюць цягніка ў залі чаканьня на вакзале ў Берасьці

Мытны кантроль на беларускай мяжы ў часе выезду ў Польшчу — сымбалічны, абмяжоўваецца праверкай пашпартоў. Крыху болей увагі памежнікі аддаюць небеларусам. Часам выходзяць са сваёй кабінкі, каб спраўдзіць, колькі дзяцей едзе з каўказцамі, і пільней спраўджваюць у такіх выпадках дакумэнты.

Іду да свайго першага «віп»-вагону. У чарзе беларуская кабета спрачаецца з чачэнцам, пераконвае яго памяняцца квіткамі на яе чацьвёрты вагон. Кажа, што якая, маўляў, розьніца, яму ж усё роўна апошнім выходзіць. Каўказец адмаўляецца, кажа, што ўжо ўчора мяняўся зь ёю квіткамі, а цяпер хоча ехаць у вагоне разам зь сям’ёй.

Білет у два бакі

Ад Берасьця да Тэрэспаля — кілямэтраў пяць. Таму найбольш часу ў гэтай дарозе займае мытны надгляд, асабліва калі ехаць у апошніх вагонах.

Пасьля прыбыцьця на тэрэспальскі вакзал праваднічка крычыць у вагоне, каб выходзілі тыя, у каго ёсьць візы. Каўказцаў гэта ня тычыцца, яны едуць бязь візаў — прасіць статусу ўцекача. Таму яны застаюцца і чакаюць, пакуль з усіх вагонаў не павыходзяць беларусы.

З Польшчай, якая перайшла на зімовы час, розьніца цяпер дзьве гадзіны. Таму, калі зь Берасьця цягнік выяжджаў а 9-й гадзіне, то першыя вандроўнікі выходзяць з мытнага кантролю ў Тэрэспалі а 7.30.

Большасьць каўказцаў не пабачаць тэрэспальскага вакзалу з боку мястэчка. На гэтым жа цягніку, які адыходзіць з Тэрэспаля а 11.25, іх накіруюць назад.

Вельмі малы адсотак тых, хто спрабуе эміграваць, убачаць вакзал Тэрэспаля з боку мястэчка

Вельмі малы адсотак тых, хто спрабуе эміграваць, убачаць вакзал Тэрэспаля з боку мястэчка

На зваротны шлях палякі запускаюць у цягнік асобна няўдалых эмігрантаў і асобна беларусаў. Спачатку з асобнага выхаду сядаюць чачэнцы, а потым ідуць беларусы. Усе чачэнцы звычайна ў Берасьці набываюць квіток і на шлях назад з Польшчы, таму што працэнт тых, каго прапускаюць, вельмі нязначны.

Ужо вярнуўшыся на берасьцейскі вакзал, чачэнцы адразу купляюць квіткі на наступную спробу на заўтра.

Не ад добрага жыцьця

Спрабую разгаварыць некаторых, запытацца, ці шмат разоў езьдзілі. Адказваюць вельмі неахвотна, не называюць імёнаў і просяць не фатаграфаваць:

«Я дзявяты, а ён (паказвае на мужчыну побач — РС) — дваццаць зь нечым разоў... Яшчэ ёсьць і трыццаты раз каторых не пусьцілі. Прапускаюць, але мала».

Абодва кажуць, што прыехалі з Чачні.

Жанчына ў хусьцінцы зь дзецьмі выходзіць пасьля няўдалай спробы выезду ў Польшчу

Жанчына ў хусьцінцы зь дзецьмі выходзіць пасьля няўдалай спробы выезду ў Польшчу

Падыходжу да іншага спадара каўкаскай зьнешнасьці, пытаюся, адкуль ён — кажа, што таксама з Чачні. У яго 8 спробаў пераезду ў Эўропу.

«Я хацеў візу адкрыць у Нямеччыну, але штамп стаіць у мяне — „адмоўлена“. Вось з-за гэтага ў мяне праблемы. Я ў гатэлі жыву, у дзень паўтары-дзьве тысячы расейскіх рублёў трачу», — кажа спадар.

Пытаюся, чаго ж людзі з Чачні вымушаныя ехаць ды прасіць прытулку на Захадзе?

«Зразумела чаго. Ад добрага жыцьця...»

Суразмоўцы кажуць, што будуць рабіць яшчэ спробы зьехаць на Захад. На радзіму вернуцца ў выпадку, калі ў Польшчу ня пусьцяць і скончацца грошы на жыцьцё ў Берасьці.

Рэдкі чачэнец ня хоча ўцячы ад Кадырава

Колькасьць чачэнцаў, якія спрабуюць эміграваць у Эўропу, звычайна ўзрастае ў канцы лета, увосень. Звычайна за год просяць прытулку некалькі тысяч выхадцаў з Каўказу і Сярэдняй Азіі. Часьцей за ўсё канцавы пункт эміграцыі — ня Польшча, а Нямеччына.

Што штурхае жыхароў Чачні зьяжджаць у Эўропу, мы папрасілі пракамэнтаваць Ахмэда Султанава, карэспандэнта Радыё Маршо (Паўночна-каўкаская служба Радыё Свабода):

«Рэдкі чачэнец, які жыве ў кадыраўскай Чачні, не жадаў бы яе пакінуць. Многіх зь іх трымае дома толькі наяўнасьць блізкіх сваякоў. Сын ня можа пакінуць састарэлых бацькоў адных ды зьехаць са сваёй сям’ёй, і гэтак далей.

Пакідаюць Чачню зь дзьвюх прычын: жорсткая барацьба з іншадумствам і перасьлед з боку ўладаў за сваякоў-баевікоў.

Пакідаюць Чачню зь дзьвюх прычын: жорсткая барацьба з іншадумствам і перасьлед з боку ўладаў за сваякоў-баевікоў.

У апошнія гады адказнасьць за тое ці іншае нават не злачынства, а публічнае выказваньне незадаволенасьці супраць мясцовых уладаў пашыраецца і на блізкіх сваякоў.

Могуць усіх звольніць з працы, спыніць усе дзяржаўныя сацыяльныя выплаты, уключаючы пэнсіі і дапамогу на дзяцей. Сям’я робіцца ізгоем грамадзтва.

Ёсьць і іншая катэгорыя людзей, якія пакідаюць Чачню. Гэта так званыя „каўбасныя бежанцы“. У апошнія гады ў Чачэнскай Рэспубліцы рэзка павялічылася прорва паміж багатымі і беднымі. Беспрацоўе гоніць людзей за межы рэспублікі. Акрамя таго, няма кваліфікаванай мэдычнай дапамогі, а людзі, якія перажылі дзьве разбуральныя вайны, патрабуюць добрай рэабілітацыі».

Ахмэд Султанаў дадаў, што многія чачэнцы на берасьцейскім вакзале баяцца даваць інтэрвію журналістам ды фатаграфавацца, каб не было наступстваў у выпадку вяртаньня на радзіму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG