Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на юбілей Караткевіча і Дзень памяці па Міцкевічу раздавалі ўлёткі


Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы нагадала гараджанам пра дзень народзінаў пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча і дзень памяці паэта Адама Міцкевіча. Дзьве сотні ўлётак з тэкстам пра слынных асобаў беларускай культуры магілёўскія рупліўцы беларушчыны раздалі мінакам на цэнтральных вуліцах гораду пасьля шасьці гадзінаў вечара.

«Караткевіч дужа шанаваў Міцкевіча. Нават прысьвяціў яму верш у прозе «Слова Міцкевічу. Тое, што гэтыя дзьве даты прыпалі на адзін дзень, не выпадкова», — адзначае кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў.

Паводле Дзьячкова, тэбээмаўцы зьбіраліся выйсьці з улёткамі на вуліцы імя Караткевіча і Міцкевіча, аднак, высьветлілася, што такіх у Магілёва няма. Мясцовыя ўлады не парупіліся арганізаваць імпрэзаў, прысьвечаных культавым літаратарам. Таму, кажа актывіст, і было вырашана, што мы самі магілёўцам нагадаем пра Міцкевіча і Караткевіча.

«У каго ні пытаўся, ніхто ня ўспомніў, што ў Караткевіча юбілей. Мяне сёньня запрашалі, напрыклад, на юбілей савецкага пісьменьніка Канстанціна Сіманава», — кажа Дзьячкоў.

«Да жалю, цяперашняя моладзь у асноўнай сваёй масе Караткевіча ня ведае, не ўспрымае яго за велічную постаць. Маладыя людзі кажуць: „Нешта чулі такое, але прыгадаць ня можам“, — апавядае актывіст. — А вось для людзей больш сталых гэтае імя сапраўды культавае. Яны адразу называюць і „Чорны замак Альшанскі“, і „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Наколькі я ведаю, сёлета праз скарачэньне колькасьці гадзін у школе на беларускую літаратуру „скарэктавалі“ вывучэньне знакавага твору Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“. У дзевяностых гадах дзьве часткі давалі, цяпер жа яго зусім дзеці не вывучаюць».

Як кажа Алег Дзьячкоў, у гарадзкім транспарце мусяць неўзабаве зьявіцца абвесткі пра юбілей Караткевіча і Дзень памяці па Міцкевічу. Дамоўленасьць з кіраўніцтвам аўтобуснага парку і тралейбуснага дэпо ёсьць.

Ва ўлётках актывісты-тэбээмаўцы запрашаюць магілёўцаў на вечарыну, прысьвечаную 85-годзьдзю Караткевіча. Яна адбудзецца 30 лістапада ў Палацы культуры вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG