Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня БХК: Міліцыянты не разумеюць розьніцы паміж удзелам у акцыі і прысутнасьцю на ёй


Міліцыянт складае пратакол на журналістаў падчас акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-96

Міліцыянт складае пратакол на журналістаў падчас акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-96

Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў ва ўправу менскай гарадзкой міліцыі зварот, у якім заступіўся за сваіх назіральнікаў Сяргея Касьпяровіча і Натальлю Сацункевіч. БХК патлумачыў міліцыянтам, што ў адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі 24 лістапада Касьпяровіч і Сацункевіч назіралі за вулічнай акцыяй у Менску, якая прысьвячалася гадавіне рэфэрэндуму 1996 году, а ня ўдзельнічалі ў ёй. БХК просіць спыніць адносна назіральнікаў адміністрацыйны перасьлед.

За акцыяй 24 лістапада назірала і Наста Лойка зь «Вясны». Пратаколы на Сяргея Касьпяровіча і Натальлю Сацункевіч складаліся ў яе на вачах. Карэспандэнт Свабоды спытаў у Насты Лойкі, чаму міліцыянты прычапіліся менавіта да гэтых назіральнікаў з тых шасьці, якія прысутнічалі на акцыі.

Наста Лойка

Наста Лойка

«Зразумець цяжка, але мая вэрсія такая, што зьвярнулі ўвагу на навічкоў у нашым асяродзьдзі, якімі былі Сяргей і Натальля. Увогуле гэта выключны выпадак. З 2012 году я назіраю за вулічнымі акцыямі і не прыпомню такога. Бывала, што да назіральнікаў падыходзілі міліцыянты і цікавіліся пасьведчаньнямі, але каб складаць на іх пратаколы — такога не было. Сярод міліцыянтаў, якія працуюць на акцыях, звычайна ёсьць гэтак званая інфармацыйная група, сябры якой заўсёды ідуць на кантакт з назіральнікамі, але тут ад пачатку акцыі інфармацыйнай групы ўвогуле не было, а калі мы напісалі пра гэта ў твітэры, дык у канцы акцыі яны зьявіліся. Але нічога нам не патлумачылі, сказалі, што будзе высьвятляцца, чаму склалі пратаколы на нашых калегаў Сяргея Касьпяровіча і Натальлю Сацункевіч», — распавяла Наста Лойка.

У 2010 годзе падчас разгону Плошчы былі затрыманыя назіральнікі Беларускага Хэльсынскага камітэту — старшыня арганізацыі Алег Гулак і актывістка Юля Хлашчанкова. Алега Гулака з пастарунку выпусьцілі празь дзень, назіральніцу Юлю Хлашчанкову адпусьцілі з аўтазака празь некаторы час пасьля затрыманьня. За 5 гадоў падобных затрыманьняў не было. Чаму цяпер сытуацыя стала мяняцца? Алег Гулак не выключае, што прычына ў юрыдычнай непісьменнасьці некаторых міліцыянтаў.

Алег Гулак

Алег Гулак

«Хутчэй за ўсё, гэта працяг той самай зьявы, зь якой я сутыкнуўся ў 2010 годзе. Я тады скардзіўся ў Кастрычніцкі РУУС і атрымаў адказ, што „ў вас не было дакумэнтаў, якія даюць права ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі“. Вось і зараз яны не разумеюць, што ўдзел яны павінны даказаць і што менавіта ўдзел у акцыі, якая несанкцыянаваная, зьяўляецца парушэньнем, а не любая прысутнасьць у гэтым месцы і ў гэты час. Таму мы ім і напісалі падрабязны зварот, каб патлумачыць гэтыя рэчы».

XS
SM
MD
LG