Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму ў Расеі кепскія адносіны з суседзямі? Амэрыка вінаватая, бо зайздросьціць Расеі!», — магілёўцы


«У Расеі склаліся кепскія адносіны амаль з усімі суседзямі — Украінай, Польшчай, Грузіяй, краінамі Балтыі. Цяпер да гэтага сьпісу дадалася Турэччына. Як вы лічыце, чаму так адбываецца?». Адказвалі жыхары Магілёва

— Расея вялікая, а ўлада сканцэнтраваная ў адным вузьле, і гэты вузел дыктуе ўмовы ўсім астатнім.

— Амэрыка ўва ўсім вінаватая. Зайздросьціць Амэрыка Расеі, бо ў Расеі дужа шмат закапана карысных выкапняў. А Амэрыцы не хапае.

— Спрадвеку вядзе агрэсіўную захопніцкую палітыку супраць сваіх суседзяў. А праз кіраўніцтва Пуціна гэтая палітыка яшчэ пагоршылася — тры вайны яны правялі. А Амэрыка — апірышча і абарона дэмакратыі ўва ўсім сьвеце. Яна ня можа быць вінаватая.

— Усе гэтыя краіны альбо ў блёку НАТО, альбо імкнуцца туды, таму пагроза ў бок Расеі — дужа вялікая.

— Грузія першая парвала адносіны з Расеяй. З Украінай — усё і так зразумела. Глядзім тэлебачаньне. Літва, Латвія і Эстонія — яны не любілі, ня любяць і ня будуць любіць Расею ніколі. Пуцін жа малайчына — Расею паставіў на ногі. І цяпер усе пачалі лічыцца з Расеяй. Чаму Расея мае прыніжацца перад усімі?

— Расеі ўсе баяцца, таму і адносіны такія з суседзямі. Пачынаецца ў Расеі вялікае разьвіцьцё, і някепска, што яе ўсе баяцца. Якая ж ізаляцыя, калі яна стала разьвівацца?

— Па-мойму, усе праблемы ад Амэрыкі. Яна хоча кантраляваць Расею. І наагул бальшыню краін. А з Расеяй пакуль «не пракатвае».

— Таму што прынцыпы ўнутранай палітыкі, захаваньня ўлады ў Расеі захоўваюцца і дамінуюць над зьнешняй палітыкай. А гэта шаснаццатае стагодзьдзе. Насельніцтва дужа хутка зразумее ўсе мінусы такой сытуацыі.

— Мо трэба яшчэ і суседзям думаць, як з Расеяй жыць, асабліва Ўкраіне? Яна без Расеі нікуды ня дзенецца. Турэччына — я ня ведаю, ці вінаватая. Калі самалёт пераляцеў мяжу, дык кожная дзяржава мае права бараніцца.

— Гэта падкопы імпэрыялістаў, вобразна кажучы. Яны спрабавалі задушыць Расею ў першую і другую ўсясьветныя войны. І цяпер працягваецца тое ж самае. ЗША — імпэрыя. Расея — імпэрыя. З гэтага і ствараецца шматпалярны сьвет. А калі б была адна імпэрыя, то яна б магла навязваць усім свае жаданьні.

— У кожнага свае інтарэсы. Такія ж інтарэсы і ў Расеі. Што адбываецца між гэтымі краінамі — мы даведаемся гадоў празь пяцьдзясят. Праз 50 год, можа, мы і прыйдзем да нейкага маніфэсту, дзе ўсе будуць мець правы аднолькавыя. Цяпер жа мы далёка ад узаемапаразуменьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG