Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Расея накіруе ў Сырыю яшчэ 10-12 зьнішчальнікаў


Su-34. Архіўнае фота.

Su-34. Архіўнае фота.

Расея хоча накіраваць у Сырыю яшчэ 10-12 баявых самалётаў, паведамляе «Камерсант» са спасылкай на крыніцы ў міністэрстве абароны.

Паводле выданьня, павелічэньне авіягрупы плянуецца за кошт зьнішчальнікаў, каб кожны з 24 франтавых бамбавікоў лётаў на баявыя заданьні пад прыкрыцьцём Су-27 або Су-30.

Учора міністар абароны Сяргей Шайгу абвясьціў, што на расейскую базу ў Сырыі будуць перакінутыя зэнітныя ракетныя комплексы С-400. Яны лічацца эфэктыўным сродкам паразы, у прыватнасьці, нізкалётных цэляў на вышыні некалькіх кілямэтраў.

Сёньня РИА Новости паведамілі падрабязнасці апэрацыі па выратаваньні штурмана Канстанціна Мурахціна. Паводле крыніцы агенцтва, апэрацыя па пошуку экіпажу зьбітага Су-24 пачалася праз 15 хвілін пасьля таго, як стала вядома пра атаку турэцкіх ВПС. Яна праходзіла на тэрыторыі, дзе ідуць баі паміж сырыйскай арміяй і паўстанцамі. Расейскія марскія пяхотнікі прыбылі на месца крушэньня на трох верталётах і ўступілі ў бой пры падтрымцы некалькіх груп сырыйскага спэцназу. Адзін расейскі вайсковец загінуў, былі параненыя трое сырыйскіх вайскоўцаў.

Расея вядзе вайсковую апэрацыю ў Сырыі ад 30 верасьня. Раней Масква заяўляла, што апэрацыя праводзіцца выключна сіламі авіяцыі, і гаворкі пра наземныя баі ісьці ня можа.

XS
SM
MD
LG