Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшла прэзэнтацыя кнігі вядомага амэрыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра «Крывавыя землі. Эўропа паміж Гітлерам і Сталіным».

Кніга выйшла ў сэрыі бібліятэкі часопіса «Беларускі гістарычны агляд» з фінансавай падтрымкай Польскага інстытуту ў Менску.

Гістарычнае выданьне выйшла ў сьвет у перакладзе на беларускую мову і дзеля гэтага аўтар напісаў асобную прадмову. Адзін з ініцыятараў ідэі яе выданьня — гісторык Генадзь Сагановіч.

Выступае Генадзь Сагановіч

Выступае Генадзь Сагановіч

Паводле словаў удзельнікаў прэзэнтацыі, кніга зьяўляецца першым навукова-гістарычным выданьнем, у якім на падставе фактычных зьвестак прыводзіцца параўнаньне паміж двума таталітарнымі рэжымамі, якія панавалі ў Эўропе: сталінізмам і гітлерызмам.

У прыватнасьці, у кнізе адлюстраваны маштабны факталягічны агляд злачынстваў, учыненых нацысцкімі і савецкімі рэжымамі на «крывавых землях»: тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, краінаў Балтыі. У аўтарскім дасьледаваньні параўнаныя матывы і мэтады дзеяньня абодвух дыктатараў, а таксама прыводзяцца некаторыя зьвесткі пра колькасьць забітых. У прыватнасьці, паводле гісторыка, з 1933 да 1945 гадоў на гэтых тэрыторыях было зьнішчана 14 мільёнаў чалавек.

Падчас прэзэнтацыі

Падчас прэзэнтацыі

Кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі адзначыў на імпрэзе:

«Унікальнасьць кнігі ў тым, што нашая айчынная гістарыяграфія, і ня толькі нашая, але і суседніх краінаў, яна не паднялася да асэнсаваньня такога маштабу і глыбіні тых гістарычных падзеяў. У кнізе праводзіцца паралель і прыводзяцца падабенствы паміж гэтымі двума рэжымамі. І калі ў каго ёсьць яшчэ сумневы адносна таго, што, маўляў, Сталін, пераможца, Савецкі саюз, то такія ўнутрыпалітычныя працэсы, як Галадамор і рэпрэсіі ставяць яго поруч з Гітлерам і такімі ягонымі апэрацыямі, як Галакост і іншыя».

Анатоль Вялікі

Анатоль Вялікі

Удзел у прэзэнтацыі прынялі таксама вядомыя гісторыкі і дасьледчыкі пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі і гісторыі Другой усясьветнай вайны Ігар Кузьняцоў, Эмануіл Іофэ, Сяргей Новікаў, а таксама выкладчыкі і студэнты гістарычных факультэтаў ВНУ, якія задавалі пытаньні і выказвалі свае меркаваньні адносна кнігі. Адзін з выдаўцоў — каардынатар праектаў Польскага інстытуту ў Менску Аляксандр Гарадэцкі — адзначыў:

«У выпадку выданьня кнігі Цімаці Снайдэра пытаньне падтрымкі не стаяла, бо яна адлюстроўвае гісторыю Беларусі, Польшчы, Украіны. І гэта кніга вядомага аўтара, які вывучае і дасьледуе гісторыю эўрапейскіх краінаў. Тым больш, што ў нас быў досьвед папярэдняга супрацоўніцтва з гэтым жа аўтарам».

Цімаці Снайдэр

Цімаці Снайдэр

Цімаці Снайдэр — вядомы амэрыканскі гісторык, прафэсар Йельскага ўнівэрсытэту, спэцыяліст па гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Дасьледуе пытаньні нацыяналізму, таталітарызму Галакосту і іншыя. Аўтар шэрагу прац, адзначаных міжнароднымі прэміямі. Папярэдняе выданьне Цімаці Снайдэра «Рэканструкцыя нацый» было прысьвечанае гісторыі станаўленьня нацый на тэрыторыі сучаснай Эўропы і перадусім Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG