Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Турэччына абвінавачвае Расею ў зьнішчэньні гуманітарнага канвою ў Сырыі


На поўначы Сырыі атакаваная турэцкая гуманітарная калёна. Турэцкія СМІ сьцьвярджаюць, што ўдар па калёне грузавікоў з гуманітарнай дапамогай для сырыйскіх уцекачоў быў нанесены расейскімі самалётамі.

Турэцкая праваабарончая арганізацыя Humanitarian Relief Foundation (IHH) паведаміла пра авіяўдары па калёне грузавікоў з гуманітарнай дапамогай на поўначы Сырыі недалёка ад мяжы з Турэччынай. Гуманітарны груз прызначаўся сырыйскім уцекачам каля горада Аазаз, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыйных сілаў.

Паведамленьне ў Твітэры суправаджаецца фатаздымкамі, на якіх пажарныя тушаць падпаленыя грузавікі. Дакладнай інфармацыі аб тым, хто нанёс удары, у арганізацыі няма.

У той жа час турэцкае дзяржаўнае агенцтва Anadolu сьцьвярджае, што авіяўдар быў нанесены расейскімі самалётамі. Паводле дадзеных агенцтва, у выніку нападу загінулі 7 чалавек, ня менш за 10 параненыя. Было зьнішчана 20 грузавых аўтамабіляў. Газэта Hurriyet, у сваю чаргу, не выключае, што гэта магла быць і сырыйская авіяцыя.

Заходнія СМІ неаднаразова вінавацілі Расею ў нанясеньні авіяўдараў у Сырыі па мэтах, не зьвязаных з групоўкай забароненай у Расеі «Ісламскай дзяржавы». У Маскве гэтыя абвінавачваньні адпрэчваюць.

Тым часам Пэнтагон вывучае паведамленьні пра ўдар па гуманітарнай аўтакалёне ў Сырыі.

Маніторынгавая арганізацыя выказала здагадку, што аўтакалёна ля мяжы Сырыі з Турэччынай патрапіла пад удар расейскай ваеннай авіяцыі.

Прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пэнтагон вывучае паведамленьні пра паветраны ўдар па аўтакалёне з гуманітарнай дапамогай у раёне сырыйскага горада Аазаз, разьмешчанага ў шасьці кілямэтрах ад мяжы з Турэччынай.

На відэа інфармагенцтва Reuters бачныя падпаленыя грузавікі ў раёне памежнага пераходу Баб эль-Салам.

Пакуль незразумела, якой арганізацыі належалі аўтамабілі. СМІ і маніторынгавая арганізацыя сьцьвярджаюць, што ў выніку паветраных удараў па калёне тры чалавекі былі забітыя і ня менш за шэсьць атрымалі раненьні.

Прадстаўнік Пэнтагону паведаміў, што ўзначаленая ЗША кааліцыя не наносіла ніякіх удараў у гэтым раёне за апошнія суткі. «Мы працягваем назіраць за сытуацыяй, каб высьветліць усе акалічнасьці гэтага інцыдэнту», — дадаў ён.

Паведамленьні пра ўдар па аўтакалёне паступілі празь дзень пасьля таго як турэцкія ВПС зьбілі расейскі зьнішчальнік. Турэччына сьцьвярджае, што Су-24 парушыў яе паветраную прастору і ігнараваў неаднаразовыя папярэджаньні. Масква настойвае, што самалёт не выходзіў за межы паветранай прасторы Сырыі.

У сераду Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што перакіне зэнітныя ракетныя комплексы С-400 на авіябазу базу «Хмэймім» у правінцыі Латакія на паўночным захадзе Сырыі.

Ракеты, якія будуць разьмешчаныя прыкладна ў 50 кілямэтрах ад турэцкай мяжы, маюць радыюс дзеяньня ў 400 кілямэтраў і даволі высокую дакладнасьць.

Прадстаўнік ЗША паведаміў інфармагенцтву AFP, што гэты крок выклікае «значны неспакой» у амэрыканскіх вайскоўцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG