Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны аб авіябазе РФ: Пазыцыя выкладзена прэзыдэнтам, больш ніякіх камэнтароў


У Міністэрстве абароны Беларусі ня сталі даваць новых камэнтароў у сувязі з учорашняй заявай начальніка апэратыўнага кіраваньня глаўкамату Паветрана-касьмічных сілаў Расеі Аляксандра Ляпкіна пра тое, што дакумэнт аб разьмяшчэньні расейскай авіябазы ў Бабруйску ўзгоднены зь Менскам.

«Мы не камэнтуем ніякіх заяваў. Пазыцыя выкладзена кіраўніком беларускай дзяржавы, і іншых заяў вайсковае ведамства не упаўнаважана рабіць», — адзначыў прэс-сакратар Мінабароны Беларусі Ўладзімер Макараў. На ўдакладняльнае пытаньне, ці засталася пазыцыя Беларусі нязьменнай, ён сказаў, што ніякіх камэнтароў ня будзе, паведамляе TUT.BY.

У канцы верасьня Ўладзімер Пуцін даручыў падпісаць пагадненьне аб стварэньні авіябазы ў Беларусі. У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што нічога пра гэта ня ведае і што гэткае пытаньне не абмяркоўвалася. Ён таксама выказаў зьдзіўленьне, «навошта гэта было расейцам <...> укідваць у сродкі масавай інфармацыі». Пазьней Лукашэнка назваў абмеркаваньне гэтай тэмы ў СМІ «шуміхай», якая носіць «чыста палітычны характар». Апошні раз такую заяву беларускі прэзыдэнт зрабіў 30 кастрычніка, адзначыўшы, што пры разьмяшчэньні расейскай вайсковай базы Масква і Менск будуць мець больш мінусаў, чым плюсаў.

22 кастрычніка супраць разьмяшчэньня расейскай авіябазы выступіў кіраўнік Мінабароны Беларусі Андрэй Раўкоў, заявіўшы, што ў гэтым няма сэнсу. 27 кастрычніка з падобнай заявай выступіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Тым ня менш 24 лістапада расейскі генэрал Аляксандр Ляпкін заявіў, што на аэрадроме Бабруйск плянуецца зьмяшчаць адну авіяцыйную эскадрыльлю з 12 зьнішчальнікамі і 4 транспартна-баявымі верталётамі «Мі-8». Паводле яго, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацьверджаны.

«Хачу зьвярнуцца да беларускіх калег з просьбай паскорыць правядзеньне ўсіх неабходных працэдур па падрыхтоўцы названага пагадненьня да падпісаньня», — заявіў Ляпкін, удакладніўшы, што дакумэнт узгоднены зь беларускім бокам.

Заява Ляпкіна прагучала напярэдадні рыхтаванай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзімера Пуціна, дзе плянавалася абмеркаваць гэтае пытаньне. Сустрэча, аднак, была перанесена ў сувязі з «надзвычайнай загружанасьцю двух прэзыдэнтаў», паведамілі іх прэс-службы. Паведамленьне аб пераносе сустрэчы паступіла празь некалькі гадзін пасьля таго, як Турцыя зьбіла расейскі самалёт «Су-24» на мяжы з Сырыяй. На пытаньне TUT. BY ці зьвязаны перанос візыту ў Расею з інцыдэнтам з расейскім самалётам, прэс-сакратар кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант адказала, што прычына «выключна ў працоўных графіках абодвух прэзыдэнтаў»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG