Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Лукашэнка не паехаў у Маскву, а вырашыў сустрэцца з Аліевым у Менску?


Аляксандар Лукашэнка сустракае Ільхама Аліева, 2012 год

Аляксандар Лукашэнка сустракае Ільхама Аліева, 2012 год

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў 27–28 лістапада наведае з афіцыйным візытам Беларусь.

Чаму Аляксандар Лукашэнка перанёс візыт у Маскву, аднак вырашыў сустрэцца ў Менску з прэзыдэнтам Азэрбайджану?

Дырэктар менскага Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што дастатковай інфармацыі аб прычынах візыту Аліева ў Менск няма. Паводле Ягорава, апошнім часам у Азэрбайджана ўскладніліся дачыненьні з Эўразьвязам, гэта прывяло фактычна да выхаду Азэрбайджана з «Эўранэсту»:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

— Але гэта не спыняе перамоваў Азэрбайджану і ЭЗ наконт стратэгічнага партнэрства і заключэньня дамовы па мадэрнізацыі Азэрбайджану. Але напружаньне ёсьць, і гучаць пэўныя заявы пра магчымасьць уключэньня Азэрбайджану ў Эўразійскі эканамічны саюз. І ў сувязі з магчымым візытам Лукашэнкі ў Расею гэтае пытаньне ўваходзіць у парадак дня. Тут могуць быць сяброўскія кансультацыі паміж Лукашэнкам і Аліевым. Таксама ёсьць складанасьці Беларусі, зьвязаныя з эканамічным станам, а Азэрбайджан у крызісных умовах можа нечым дапамагчы. Але аб’ём гандлёвага абароту паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам мізэрны. Нейкага ўплыву Беларусі на значныя для Азэрбайджану пытаньні няма. Да таго ж Азэрбайджан цяпер таксама ў крызісным стане, цэны на нафту падаюць. Таму невядома, ці можа Азэрбайджан нечым дапамагчы Беларусі.

Палітоляг Андрэй Фёдараў лічыць, што візыт Аліева ў Менск досыць нечаканы:

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

— Не выключаю, што гэта нейкім чынам зьвязанае з тым, што адбываецца на расейска-турэцкім кірунку. Калі абвастрэньне паміж Расеяй і НАТО будзе ўзмацняцца, дык зразумела, што тая самая расейская авіябаза стане вельмі важным фактарам двухбаковых дачыненьняў. Ня выключана, што Расея хоча неяк падключыць да процістаяньня з Турэччынай сваіх каўкаскіх партнэраў. А тыя ня хочуць гэта вырашаць без хаця б кансультацыяў зь беларускімі калегамі.

— То бок Аліеў хоча пракансультавацца з Лукашэнкам, як сябе паводзіць?

— Я ня думаю, што яму патрэбныя парады беларускага кіраўніцтва, як сябе паводзіць, але яму б хацелася ведаць пазыцыю беларускіх уладаў на гэты конт. І гэты абсалютна не анансаваны і нечаканы візыт сьведчыць, што нешта адбываецца даволі неспадзяванае на постсавецкай прасторы, менавіта ў каўкаскім рэгіёне. Я думаю, што Баку будзе бліжэй да Анкары, чым да Масквы.

Напярэдадні было абвешчана, што Аляксандар Лукашэнка пераносіць свой візыт у Маскву, анансаваны раней і заплянаваны на 25–26 лістапада, «у сувязі з загружанасьцю працоўных графікаў прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі».

Амаль год таму міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей пасьля сустрэчы са сваім азэрбайджанскім калегам Эльмарам Мамед’яравым заявіў, што Ільхам Аліеў наведае Беларусь у 2016 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG