Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

7 імпрэзаў, прысьвечаных 85-м угодкам Караткевіча


Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Віцебску

26 лістапада спаўняецца 85 гадоў славутаму беларускаму пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу. З гэтай нагоды ў розных гарадах Беларусі адбудзецца некалькі юбілейных імпрэзаў.

Менск

У сталічнай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а) адбудзецца вечарына да 85-годзьдзя Ўладзімера Караткевіча. У імпрэзе возьмуць удзел старшыня творчага саюзу Барыс Пятровіч, першы намесьнік старшыні Алесь Пашкевіч, літаратары Ўладзімер Арлоў, Анатоль Верабей, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, сьпявак Алесь Камоцкі.

На вечарыне прэзэнтуюць часопіс «Дзеяслоў» № 78 з публікацыяй раней не вядомых дзёньнікаў Уладзімера Караткевіча. Пачатак у 18:30, уваход вольны.

Ворша

У гэты дзень на радзіме пісьменьніка ў Воршы адбудзецца адкрыцьцё мастацкай выставы Беларускага Саюзу мастакоў «Зямля пад белымі крыламі — 2015». Адкрываць выставу будзе яшчэ адзін вядомы аршанец — мастак Мікола Купава.

А 16 гадзіне ў гарадзкім цэнтры культуры пачнецца сьвяточны канцэрт, прысьвечаны юбілею пісьменьніка.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Воршы

Горадня

29 лістапада — «Уладзімер Караткевіч і хрысьціянства». Мастацкая культурна-асьветніцкая вечарына.

Возьмуць удзел: дасьледчыкі Аляксей Пяткевіч, Анатоль Брусевіч, манах Іаан (Бембель), протаярэй Георгі Рой, ярэй Павал Касьпяровіч, рок-сьпявак Алесь Дзянісаў, бард Тацяна Салаўёва. Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч распавядзе пра апублікаваны ў новым нумары «Дзеяслова» дзёньнік Уладзімера Караткевіча.

29 лістапада, пачатак а 18.30, актавая заля Сьвята-Пакроўскага сабора (Горадня, вул. Акадэмічная, 2)

Тэлебачаньне

Тэлеканал СТВ запусьціў у эфіры акцыю памяці, у якой беларускія артысты чытаюць урыўкі з твораў Караткевіча — з казкі «Чортаў скарб», з аповесьці «Сівая легенда», з раманаў «Дзікае паляваньне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім» ды іншых.

Тэлеканал Беларусь-3 пачынаючы з 23 лістапада кожны дзень паказвае мастацкія фільмы і спэктаклі паводле твораў Караткевіча. Ужо паказалі фільм «Маці ўрагану», спэктакль «Сіняя-сіняя». 25 і 26 лістапада пакажуць «Чорны замак Альшанскі» і дакумэнтальны фільм пра пісьменьніка «Сівая легенда».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG