Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аднабаковыя дэманстратыўныя палітычна матываваныя крокі», — кіеўскі экспэрт пра беларуска-ўкраінскую гандлёвую вайну


Уладзімер Сідэнка
Уладзімер Сідэнка

На эканамічныя стасункі Ўкраіны і Беларусі моцна, хоць і не заўжды наўпрост, уплывае Расея, распавядае Свабодзе ўкраінскі экспэрт Уладзімер Сідэнка.

Украіна ўвядзе дадатковае мыта ў памеры 39,2% на мноства беларускіх тавараў у адказ на «дыскрымінацыйныя і несяброўскія дзеяньні» Беларусі адносна ўкраінскіх прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галінаў. Падобная «гандлёвая вайна» ўжо была год таму. Тады яна завяршылася палёгкамі для ўкраінскіх тавараў на Беларусі.

Такія мэтады рашэньня гандлёвых пытаньняў не эканамічныя, а выключна палітычныя, і яны немагчымыя паміж эўрапейскімі краінамі, лічыць навуковы кансультант Цэнтру Разумкова па эканамічных пытаньнях Уладзімер Сідэнка.

«Справа ў тым, што сілавымі прыёмамі намагаюцца вырашаць праблемы ў камэрцыйных стасунках, — распавядае Сідэнка Свабодзе. — Паколькі Беларусь — сябра Эўразійскага эканамічнага саюзу, дзе галоўную ролю адыгрывае Расея, праблемы Ўкраіны з Расеяй зачапляюць пазыцыі Беларусі, якая, дэманструючы сваю палітыку, ужывае празьмерна палітызаваныя меры. Пытаньне палітычнае, як на мой погляд, яно ня мае моцнага эканамічнага падмурку.

Я дапускаю, што ў камэрцыйных адносінах Беларусі і Ўкраіны могуць быць праблемы, зьвязаныя з парушэньнем умоваў канкурэнцыі. Але для іх рашэньня існуюць цывілізаваныя спосабы ўрэгуляваньня пытаньняў, прынятыя ў цывілізаваным сьвеце. Чамусьці на постсавецкай прасторы вельмі часта сталі ўзьнікаць такія формы ўрэгуляваньня канфліктаў, калі ўжываюцца аднабаковыя дэманстратыўныя палітычна матываваныя крокі.

Чамусьці на постсавецкай прасторы вельмі часта сталі ўзьнікаць такія формы ўрэгуляваньня канфліктаў, калі ўжываюцца аднабаковыя дэманстратыўныя палітычна матываваныя крокі

Ідзе канкурэнцыя. Калі хтосьці кагосьці выцясьняе і гэта не падабаецца нейкім чыноўнікам, заўсёды можна ўжыць такія меры, пазьбягаць разгляду пытаньня па сутнасьці. Зразумела, што апошнімі гадамі Ўкраіна мадэрнізавала кандытарскую і піваварную галіны, сёньня яна становіць пэўную праблему для беларускага рынку. І замест таго, каб мадэрнізаваць адпаведныя беларускія галіны, ідуць такім шляхам. Проста навязваюць рашэньне: або вы добраахвотна адмаўляецеся ад падвышанай прысутнасьці на рынку, або мы вас будзем выціскаць палітычнымі мэтадамі.

У прынцыпе, калі паглядзець базу зьвестак Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, там нямала такіх спрэчак, але ніхто не даходзіць звычайна да крайніх мераў. Такая наша схільнасьць да палітызацыі адносінаў, акрамя ўсяго, яшчэ і псыхалягічная: мы між сабой лічым, што так можна вырашаць пытаньні. Калі б такія сытуацыі ўзьніклі з Францыяй, Нямеччынай, Польшчай ці Вугоршчынай, ніхто б не даходзіў да такіх мераў. Я думаю, такое атрымліваецца праз паводзіны абодвух бакоў.

Беларусь — адзін з галоўных гандлёвых партнэраў Украіны. Існуе тэндэнцыя да зьменаў у зьнешнім гандлі Ўкраіны, але значэньне Беларусі ў ім апошнімі гадамі прынамсі не расьце. Трэба мець на ўвазе, што эканамічныя стасункі Ўкраіны з Расеяй значна аслаблі, і падтрымка нармальных эканамічных стасункаў зь Беларусьсю ці Казахстанам зьмяншала нэгатыўны ўплыў гэтага пагаршэньня.

Ва Ўкраіне ня добрыя стасункі з Расеяй. А Расея адыгрывае галоўную ролю ў дзейнасьці Эўразійскага эканамічнага саюзу. Не заўжды наўпрост, але яна ўплывае на стасункі Ўкраіны і Беларусі. Але я спадзяюся, што нейкія зрухі будуць, бо Беларусь апошнім часам хоча падкрэсьліць сваю незалежнасьць, манэўруе. Вядомая формула Лукашэнкі: на кожны напрамак, і на постсавецкую прастору, і на Эўропу рабіць упор. Думаю, ён будзе намагацца вырашыць сытуацыю, але дабіцца і пэўных саступак ад Украіны. Звычайная палітычная гульня. Наўрад ці яна разьвінецца ў маштабны гандлёва-эканамічны канфлікт.

Тое, што такія канфлікты ўзьнікаюць пэрыядычна, кажа пра тое, што ёсьць сур’ёзныя сыстэмныя праблемы. Мабыць, трэба вырашаць іх на шляху падпісаньня больш сур’ёзных дамоваў пра стасункі Ўкраіны з краінамі Эўразійскага саюзу. Але дасягнуць гэтага цяжка ва ўмовах незавершанасьці палітычнага канфлікту Ўкраіны і Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG