Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Зубаў: Калі Расея стане на шлях помсты...


«Тое, што адбылося, гэта яшчэ не вайна, але гэта вялікі крок да вайны. Шлях у прорву пачынаецца з некалькіх каменьчыкаў, якія абсыпаюцца з-пад абцасаў», — піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку расейскі гісторык Андрэй Зубаў.

Андрэй Зубаў: Учора ўвечары блізу майго дома, ля турэцкага пасольства сабраліся людзі, якія пратэставалі супраць зьбіцьця турэцкімі зьнішчальнікамі расейскага штурмавіка. Чуліся крыкі — хто едзе ў Турэччыну — той не патрыёт; Турэччына — памагаты «Ісламскай дзяржавы», за адзін наш самалёт — дзесяць турэцкіх і гэтак далей. І зноў замільгалі георгіеўскія стужачкі...

І ўсё гэта зразумела, як першая, эмацыйная рэакцыя на вестку аб зьбітым самалёце і забітых у паветры пілётах (дзякуй Богу, цяпер мы ведаем, што адзін зь іх жывы!). Але «зразумела» — ня значыць «слушна». Калі эмоцыі праверыць розумам, то, на мой погляд, пратэстоўцы мусілі прыйсьці, рэалізуючы сваё неад’емнае права па 31 артыкуле Канстытуцыі Расеі, не да Турэцкай амбасады, а на Старую плошчу да старога гатэля Баярскі Двор, які бальшавікі зрабілі сваім ЦК, а цяпер прэзыдэнты РФ сваёй адміністрацыяй.

Прыйсьці на Старую плошчу таму, што нашы воіны гінуць па віне ня турак і ня сырыйцаў, а па капрызе Крамля, які ўвязаў Расею ў чарговую міжнародную авантуру без праліку наступстваў, зь вялікімі амбіцыямі і з надзеяй на трыюмф грубай сілы, на эфэкт ад таго шоку, які заўсёды, як думае спадар Пуцін, выклікае папераджальны ўдар.

Што ж адбылося ў рэальнасьці? Заявіўшы, што Расея змагаецца супраць тэрарызму і для гэтага пасылае свае войскі ў Сырыю, спадар Пуцін у рэальнасьці стаў змагацца за захаваньне ўлады Башара аль-Асада і супраць усіх ворагаў гэтага чалавека і яго ўлады. А супраць улады аль-Асада выступае як мінімум 80 працэнтаў жыхароў Сырыі і практычна ўсе суседнія з Сырыяй суніцкія краіны. Так што сваім неабдуманым учынкам спадар Пуцін сябе паставіў у варожыя адносіны і з большасьцю сірыйскага народа і з Лігай Арабскіх дзяржаў, і з Турэччынай. Саюзьнікі Асада — Іран, лібанскі рух Хезбала і шыіцкая большасьць Ірака (да некаторай ступені). У гэтай кампаніі і апынулася Расея.

Для Турэччыны як для былога цэнтра Асманскай імпэрыі, зусім не абыякава, што адбываецца ў сфэры яе традыцыйнага ўплыву, у яе былых правінцыях, якія сталі незалежнымі дзяржавамі, сярод якіх асаблівае значэньне мае Сырыя, якая мяжуе з Турэччынай і якая мае значную частку адзінавернага, а ў некаторай ступені і супляменнага турэцкага насельніцтва (зусім як ўкраінскі Данбас для Расеі). Уявім сабе на хвіліну, што сувэрэнны прэзыдэнт Пятро Парашэнка папрасіў бы прэзыдэнта Эрдагана дапамагчы яму справіцца з данецкім сэпаратызмам, дазволіў бы стварыць недзе пад Чаркасах ваенна-паветраную турэцкую базу і турэцкія штурмавікі сталі б «прасаваць» Данецк і Луганск. Як бы гэта спадабалася прэзыдэнту Пуціну і да якіх бы наступстваў прывяло?

Туркі былі вельмі стрыманыя. Амаль два месяцы яны прасілі Расею засяродзіцца на «Ісламскай дзяржаве» і не бамбіць ўмераную суніцкую апазыцыю асабліва ў паўночнай Латакіі, дзе яна складаецца з туркмэнаў, а значыць сырыйскіх туркаў і традыцыйна падтрымліваецца Турэччынай. Але Асад ненавідзіць і Турэччыну, і сірыйскіх туркмэнаў, якія выступаюць супраць яго ўлады, і паказвае расейскім вайскоўцам цэлі ў паўночнай Латакіі.

На жаль, спадар Пуцін больш слухаў Асада, чым Эрдагана. Апошнія перамовы прайшлі ў Анталіі, падчас сустрэчы «дваццаткі», паміж Эрдаганам і Пуціным ўсяго некалькі дзён таму. І зноў былі просьбы да Расіі засяродзіцца на «ісламскай дзяржаве». І, як аказалася, зноў марна. Расейскія самалёты працягвалі бамбаваць туркмэнскія вёскі Латакіі. І вось — вынік. Туркі зьбілі самалёт, а разьюшаныя мясцовыя жыхары, на якіх ужо паўтара месяца падаюць расейскія бомбы і ракеты, забіваючы іх блізкіх, забілі пілёта.

Хто вінаваты ў гэтым? Той, хто правакуе канфлікт. А канфлікт у паўночнай Сырыі правакуе ня Турэччыны, традыцыйна прысутная ў гэтым памежным зь ёй раёне, а Расея, якая зьявілася тут у Сырыі без ўзгадненьня з усімі зацікаўленымі краінамі і вядзе там вельмі рызыкоўную гульню. Туркі не жадаюць, каб гінулі іх суайчыньнікі і аднаверцы ў Сырыі ад расейскай зброі, яны ня хочуць, каб павялічвалася колькасьць уцекачоў з Сырыі ў Турэччыну (дзе сірыйскіх бежанцаў ўжо больш за два мільёны). Але Расея не ідзе насустрач Турэччыне — і вось разьвязка. А плата за авантуру — жыцьці нашых воінаў (ужо не кажу аб велізарных сродках, якія РФ траціць на гэтую апэрацыю).

Што ж цяпер трэба зрабіць? Галоўнае не помсьціць ані туркам, ані сірыйскім туркмэнам, а зразумець іх. Калі Расея ўстане на шлях помсты, яна канчаткова ізалюе сябе ад антытэрарыстычнай кааліцыі і стане сама памагатым тэрарыста Асада (а ён забіў і пазбавіў волі істотна больш людзей у Сырыі, чым «Ісламская дзяржава». Неабходна прыняць пасярэдніцтва НАТА, а не адмаўляцца ад яго, дамовіцца з Турэччынай аб бясьпецы прымежнай паласы, спыніць наносіць ўдары па ўмераным апазыцыі і засяродзіцца на барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» ў сыстэме каардынаваных дзеяньняў з усімі членамі антытэрарыстычнага альянсу. Адначасова, разам з іншымі членамі альянсу, распрацоўваць плян мірнага пасьляваеннага ўрэгуляваньня ў Сырыі.

Вядома, тое, што адбылося, гэта яшчэ не вайна, але гэта вялікі крок да вайны. Я ведаю, зьяўляючыся гісторыкам, як эмоцыі захліснулі Расею летам 1914 г. пасьля забойства Фэрдынанда ў Сараеве. І я ведаю, што гэтыя эмоцыі падштурхнулі цара да вайны, якая скончылася праз 2,5 года гібельлю Расеі. Тады таксама грамілі нямецкае пасольства ў Пецярбургу і нямецкія крамы і фабрыкі па ўсёй Расеі. Але да дабра гэта не давяло.

Трэба супакоіцца, сабрацца, памаліцца, калі ўмееце, і прымаць вельмі спакойныя і абдуманыя рашэньні. Інакш хутка будзе позна. Шлях у прорву пачынаецца з некалькіх каменьчыкаў, якія абсыпаюцца з-пад абцасаў".

Прафэсар, доктар гістарычных навук Андрэй Зубаў у 20014 годзе быў звольнены з працы ў Дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін у Маскве за выказанае 24 сакавіка параўнаньне анэксіі Крыму зь дзеяньнямі гітлераўскай Нямеччыны ў 1938 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG