Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган абяцае «зону бясьпекі» сырыйскім туркмэнам


Рэджэп Эрдаган

Рэджэп Эрдаган

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган заявіў, што яго краіна разам з саюзьнікамі неўзабаве створыць «зону бясьпекі» ў Сырыі для сырыйскіх туркмэнаў (туркаманаў).

Як паведамляе турэцкая тэлерадыёкампанія TRT, на прыёме, дадзеным Эрдаганам ў прэзыдэнцкім палацы 24 лістапада з нагоды Дня настаўніка, кіраўнік Турэччыны пракамэнтаваў зьбіцьцё расейскага самалёта пасьля парушэньня ім паветранай прасторы краіны:

«Мы не хацелі б сутыкацца з такімі сытуацыямі, але, на жаль, гэта адбываецца. Турэччына дзейнічала строга ў адпаведнасьці з абвешчанымі раней правіламі. Аб варожым стаўленьні Турэччыны да якой-небудзь суседняй або іншай краіны ня можа быць і гаворкі. Да сёньняшняга дня больш трагічнай сытуацыі ў Сырыі ўдалося пазьбегнуць дзякуючы вытрымцы Турэччыны. І хай ні ў каго не ўзьнікае сумненьняў наконт таго, што мы зрабілі ўсё магчымае для таго, каб прадухіліць і гэты апошні інцыдэнт» — сказаў Эрдаган.

Турэцкі прэзыдэнт, адзначыўшы, што ў туркмэнскім раёне Баірбуджак у Сырыі няма тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламскай дзяржавы», падкрэсьліў:

«Ня трэба нікога падманваць. У Баірбуджаку ёсць толькі туркмэны, нашы суайчыньнікі, нашы сваякі, і на падставе таго, што наносяцца ўдары па „Ісламскай дзяржаве“, робяцца напады на баірбуджацкіх туркмэнаў» — дадаў ён.

Турэччына мае рашучы намер вызваліць ад усіх тэрарыстычных арганізацый тэрыторыю ад Джэраблуса да Міжземнага мора.

«Мы выдатна ведаем мэты рэжыму Асада і краінаў, якія яго падтрымліваюць — яны робяць напады на туркмэнаў Баірбуджаку. Напады на рэгіён, у якім цалкам няма тэрарыстаў „Ісламскай дзяржавы“, наўпрост нацэленыя на падтрымку рэжыму Асада. Турэччына мае рашучы намер вызваліць ад усіх тэрарыстычных арганізацый тэрыторыю ад Джэраблуса да Міжземнага мора. Турэччына заўсёды аказвала і будзе аказваць усялякую падтрымку сваім братам, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі» — цытуе Эрдагана турэцкая тэлерадыёкампанія.

Прэзыдэнт Эрдаган таксама адзначыў, што вельмі хутка Турэччына разам з краінамі-саюзьнікамі рэалізуюць пляны па абвяшчэньні тэрыторыі ад Джэраблуса да Міжземнага мора зонай бясьпекі. Ён патлумачыў, што гэта дазволіць, з аднаго боку, прадухіліць новыя гуманітарныя трагедыі ў рэгіёне, з другога — даць уцекачам, якія жадаюць жыць на сваіх землях, такую магчымасьць.

«Усе тыя, хто ня стане аказваць падтрымку гэтым ініцыятывам Турэччыны ці паспрабуе перашкодзіць гэтаму, возьме на сябе частку адказнасьці за кожную новую ахвяру, якая дадасца да 380 тысяч нявінных людзей, што загінулі ў Сырыі» — сказаў Эрдаган.

XS
SM
MD
LG