Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Хамайда трансьлюе для віцяблян аўдыёкнігі Ўладзімера Караткевіча


Барыс Хамайда трансьлюе для віцяблян аўдыёкнігі Ўладзімера Караткевіча
Барыс Хамайда трансьлюе для віцяблян аўдыёкнігі Ўладзімера Караткевіча

Такім чынам віцебскі актывіст вырашыў нагадаць пра 85-я ўгодкі славутага земляка, якія будуць адзначацца 26-га лістапада.

Барыс Хамайда, як і штодня, прыходзіць да так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна — у якасьці распаўсюдніка незалежнай прэсы. Але цяпер ён узяў на сябе яшчэ адзін абавязак. Ад пачатку гэтага тыдня пад бел-чырвона-белым парасонам яшчэ й гучаць творы Ўладзімера Караткевіча, кажа спадар Хамайда:

«Абсталяваньне самае простае: аўдыёплэер і флэшка з запісамі аўдыёкніг Уладзімера Сымонавіча, якія знайшліся ў інтэрнэце. Адно шкада, што акумулятар вельмі хутка разраджаецца на холадзе — зарадкі хапае недзе на гадзіну. Мінакі спачатку прыслухоўваюцца — што такое незвычайнае гучыць, бо гэта ня музыка, ня радыё. Нехта спыняецца, пытаецца, чаму на вуліцы я ўключаю аповеды. Тады я тлумачу, што на гэтым тыдні сьвяткуем угодкі пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, аўтара славутых твораў „Каласы пад сярпом тваім“, „Чорны замак Альшанскі“, „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Шмат хто іх ведае. Некалькі чалавек сказалі, што заўтра пойдуць ускласьці кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу».

26 лістапада ў Воршы, на малой радзіме знакамітага літаратара, таксама адбудзецца ўскладаньне кветак да помніка. Гэта традыцыйныя штогадовая імпрэза, якую ладзяць разам раённы аддзел культуры, мясцовыя літаратары і грамадзкасьць горада. У музэі Ўладзімера Караткевіча пройдзе ўзнагароджаньне пераможцаў дзіцячага літаратурнага конкурсу і адкрыцьцё выставы «Зямля пад белымі крыламі — 2015», якую мае адкрыць вядомы беларускі мастак Мікола Купава, таксама родам з Воршы.

Аршанскі аддзел культуры нямала зрабіў, каб сёлетнія ўгодкі пісьменьніка былі запамінальнымі. У аршанскім гарадзкім цэнтры культуры 26 лістапада будзе канцэрт у гонар народзінаў Караткевіча. А ўжо з 24 лістапада ўрыўкі з твораў пісьменьніка-земляка гучаць у Воршы ў грамадзкім транспарце. Гэтая акцыя, прысьвечаная памяці Караткевіча, называецца «Ўсе шляхі прыводзяць не да Рыму» і будзе працягвацца да 29 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG