Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін: «Калі ў лепшую будучыню ня верыць, то гэтай будучыні і ня будзе»


Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін

25 лістапада споўнілася 60 гадоў Аляксандру Казуліну, экс-кандыдату ў прэзыдэнты, былому рэктару БДУ і палітычнаму вязьню.

Служыў у марской пяхоце, з чырвоным дыплёмам скончыў мэханіка-матэматычны факультэт БДУ, у 29 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю па праблемах аналітычнай тэорыі дыфэрэнцыйных раўнаньняў. У 41 год стаў рэктарам БДУ і абараніў доктарскую па новых адукацыйных тэхналёгіях, быў сябрам ураду, міністрам. Лічыцца рэфарматарам вышэйшай школы. Менавіта Казулін выступіў з ініцыятывай уступленьня Беларусі ў Балёнскі працэс. У 2003 годзе — гучная адстаўка. У 2006 годзе Аляксандар Казулін быў кандыдатам у прэзыдэнты. 25 сакавіка 2006 году быў арыштаваны і потым асуджаны на 5,5 года «за злоснае хуліганства і арганізацыю масавых беспарадкаў». У сьнежні 2006 году праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Аляксандра Казуліна «вязьнем сумленьня». У жніўні 2008 году, адседзеўшы два з паловай гады, ён быў памілаваны адмысловым указам Лукашэнкі. У апошнія гады адышоў ад палітыкі.

Свабода павіншавала Аляксандра Казуліна з 60-годзьдзем.

— Інтэрвію ня будзе. Гэта не абмяркоўваецца. А вось пару слоў сказаць магу, — адразу папярэдзіў юбіляр.

І ўсё ж мы паспрабавалі задаць некалькі пытаньняў, на якія атрымалі ня столькі канкрэтныя і дакладныя адказы, якіх чакалі ад матэматыка, колькі хутчэй філязофскія развагі пра жыцьцё.

— Аляксандар Уладзіслававіч, у вашым жыцьці было ўсё: узьлёты, імклівая бліскучая кар’ера, падзеньні, нечаканая адстаўка. Вы дасягнулі вельмі высокіх вышынь — міністар, рэктар, рэфарматар навукі. А потым была адстаўка, сыход у палітыку, турма... З вышыні пражытых гадоў — пра што шкадуеце?

Жыцьцё для чаго нам даецца? Гэта добры падручнік. Каб мы маглі асэнсаваць, што нам даецца, дзеля чаго мы існуем на гэтым сьвеце і што сабой уяўляем.

— Жыцьцё для чаго нам даецца? Гэта добры падручнік. Каб мы маглі асэнсаваць, што нам даецца, для чаго, дзеля чаго мы існуем на гэтым сьвеце і што сабой уяўляем. Усё, што вы пералічылі, — гэта зьнешняе. А самае галоўнае — што ўнутры.

Нам трэба разумець, што ўсё, што нам даецца, і выпрабаваньні таксама — гэта ўсё ня проста так. Так, многае нам даецца зь нябёсаў, але заўсёды ёсьць свабодная воля. І гэтае перакрыжаваньне таго, што зь нябёсаў, і свабоднай волі чалавека і дае пэўны вынік. Часьцяком мы бачым толькі зьнешні бок і забываемся на тое, што ў нас унутры. І што нас рухае наперад. Калі мы ўсё гэта зможам асэнсаваць — атрымаецца вельмі добры падручнік. Ну, і потым, для мяне галоўнае — гэта вельмі сур’ёзнае вывучэньне навукі, сутнасьці чалавечай сьвядомасьці. Бо гэта нашмат сур’ёзней, чым вышэйшая матэматыка ці дыфэрэнцыйныя раўнаньні — мая асноўная спэцыяльнасьць. Альбо тая ж самая пэдагогіка.

Ганарыцца трэба тым, што застаецца і што рухае наперад людзей у пляне асэнсаваньня, эвалюцыі. Калі ня будзе зьменаў у сьвядомасьці, то нічога ня будзе.

Таму, калі вы хочаце пачуць адказ на сваё пытаньне — то яго проста ня будзе. Ганарыцца трэба тым, што застаецца і што рухае наперад людзей у пляне асэнсаваньня, эвалюцыі. Калі ня будзе зьменаў у сьвядомасьці, то нічога ня будзе. І калі мы ня будзем разумець, што галоўнае ў нас — гэта тая боская іскарка, якая павінна быць у кожнага ўнутры. Але некаторыя людзі гэтую іскарку ўнутры сябе не адчуваюць, не заўважаюць, заганяюць кудысьці глыбей унутр ці наагул гасяць. Але калі гэтая іскарка ёсьць, калі вугельчыкі тлеюць, то чалавек павінен гэта падтрымліваць і вельмі беражліва да гэтай іскаркі ставіцца.

— Спадар Аляксандар, тым ня менш, у Беларусі вельмі шмат таленавітых, здольных людзей — вы шмат гадоў працавалі ў найлепшай беларускай ВНУ і гэта ведаеце. І ў шмат каго была гэтая іскарка. Але куды яна потым падзелася? Чаму ў грамадзтве апатыя, абыякавасьць?

— На гэтае пытаньне кожны павінен адказаць сам. Гэта не агульная справа. Кожны павінен сам сабе адказаць, ці ёсьць у яго гэтая іскарка і ці сьвеціцца яна пастаянна. Яна можа то ўспыхнуць, то пагаснуць. Калі лямпачка міргае, наўрад ці гэта добра, праўда ж?

— Пасьля даволі актыўнага палітычнага жыцьця вы адышлі ў цень. Але ўсё ж такі, назіраючы і за апазыцыяй, і за ўладай збоку, — як вы думаеце, ці будзе нейкі штуршок, які штосьці зьменіць, разварушыць у грамадзтве — і ў сьвядомасьці таксама?

Калі мы кажам пра ўладу ці апазыцыю, то трэба параіць ім паглядзець у люстэрка, і адразу ўсё стане відавочна.

— Калі мы кажам пра ўладу ці апазыцыю, то трэба параіць ім паглядзець у люстэрка, і адразу ўсё стане відавочна. Калі глядзець у будучыню, то будучыня заўсёды лепшая, чым сёньняшняя рэчаіснасьць. Калі ў лепшую будучыню ня верыць, то гэтай будучыні і ня будзе.

— Спадар Аляксандар, а чым вы ганарыцеся ў сваім жыцьці?

— Я магу ганарыцца сваімі дочкамі Вольгай і Юліяй за тое, што яны самі знайшлі сабе працу, яны самі змаглі ўладкавацца ў гэтым складаным жыцьці. Бо вельмі доўгі час яны проста не маглі працаваць, маючы добрую адукацыю, валодаючы замежнымі мовамі — у сілу ўсім вядомых абставінаў. Я нават ня ведаю, як гэта назваць — цяжкасьцямі, выпрабаваньнем... І толькі два гады таму мая старэйшая дачка, накіраваўшы ў самыя розныя кампаніі некалькі тысяч сваіх рэзюмэ, прайшоўшы каля пяцісот сумоўяў, знайшла сабе добрую, цікавую ёй працу і сама сябе забясьпечвае, мае годны заробак. Малодшая дачка таксама самастойна ўладкавалася, працуе. Тое, што яны трывала стаяць на сваіх нагах і сталі добрымі спэцыялістамі кожная ў сваёй сфэры, мяне як бацьку вельмі цешыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG