Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: да Новага году даляр будзе каштаваць больш за 19 тысяч


Калі скончыцца новая хваля дэвальвацыі беларускага рубля, спрагназаваць сёньня немагчыма.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў кіраўнік Аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Цяпер адбываецца тое, што ўрад і Нацбанк не рабілі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Тады быццам такая стабілізацыя была. Ну, а сёньня ўжо трэба адаптавацца да той вельмі дрэннай эканамічнай сытуацыі, якая існуе. Вось адсюль і была такая плянавая дэвальвацыя — з аднаго боку, каб паказаць нашым патэнцыйным крэдыторам, што ў нас усё пад кантролем, з другога боку, каб не дапусьціць яшчэ большага напружаньня ў сыстэме. Я думаю, што рубель яшчэ будзе таньнець, бо для гэтага ёсьць усе ўнутры- і зьнешнеэканамічныя падставы. Падстаў для таго, каб казаць пра стабілізацыю нацыянальнай валюты і эфэктыўнасьць барацьбы з інфляцыяй, няма», — падкрэсьліў ён.

Раманчук думае, што пасьля дэнамінацыі людзі проста псыхалягічна перастануць разумець узровень дэвальвацыі: на ваганьні курсу ў некалькі рублёў проста ня будуць зьвяртаць увагі, хоць насамрэч гэта ўжо будзе значная дэвальвацыя.

«Пакуль Беларусь ня будзе паўнавартаснай часткай міжнароднай фінансавай сыстэмы, пакуль мы ня будзем ставіць рэальным прыярытэтам канкурэнцыю на рынку фінансаў і не зразумеем, у чым сапраўдная крыніца інфляцыі, дагэтуль беларускі рубель будзе ляцець у прорву. Мы будзем жыць у сытуацыі дэвальвацыі і інфляцыі рознай хуткасьці яшчэ доўга», — упэўнены ён.

Ці будзе да Новага году даляр каштаваць 19 тысяч беларускіх рублёў? «Я думаю, што і больш», — кажа Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG