Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвядзе мыта на беларускія тавары ў адказ на дыскрымінацыю піва і цукерак


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Ад 20 студзеня Ўкраіна будзе абкладаць мытам у памеры 39,2% беларускую «малочку», кандытарскія вырабы і шакаляд, хімпрам і трактары.

Газэта цэнтральных органаў выканаўчай улады Ўкраіны «Ўрадавы кур’ер» апублікавала рашэньне Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі, паводле якога на шэраг беларускіх тавараў уводзіцца дадатковае мыта.

Як пішацца ў паведамленьні камісіі, адмысловае мыта ў памеры 39,2% ад мытнага кошту тавару ўводзіцца на шэраг тавараў, якія імпартуюцца зь Беларусі ва Ўкраіну, у сувязі з «выяўленьнем фактаў дыскрымінацыйных і несяброўскіх дзеяньняў з боку Рэспублікі Беларусь адносна законных правоў і інтарэсаў суб’ектаў зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Ўкраіны — прадпрыемстваў кандытарскай і піваварнай галінаў».

Рашэньне набудзе сілу 20 студзеня 2016 году. Яго могуць скасаваць, калі Беларусь спыніць «дыскрымінацыйныя і несяброўскія дзеяньні» адносна Ўкраіны.

У лік тавараў, на якія ўводзіцца мыта, трапіла малочная прадукцыя (малако, вяршкі, згушчонка, сыры і іншыя), чорная ікра, цукар і соль, кандытарскія вырабы, шакаляд, хлебабулачныя вырабы, піва і гарэлка, касмэтыка, шампуні, мыйныя сродкі, шыны, тканіны, адзеньне, трактары, мэбля, сурвэткі, каробкі, кошыкі і сядзеньні для ўнітазаў.

Летась Украіна ўжо ўводзіла адмысловае мыта на беларускія лядоўні, шыны, малако, цукеркі, піва і іншыя тавары, пасьля таго як Беларусь увяла ліцэнзаваньне імпарту піва з-за межаў Мытнага саюзу (у які Ўкраіна не ўваходзіць). Пазьней у гэтай «гандлёвай вайне» Беларусь пайшла на саступкі.

XS
SM
MD
LG