Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO пацьвердзіла турэцкую вэрсію зьбіцьця расейскага самалёта


Кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг

Кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг

Кіраўнік альянсу заклікае Маскву і Анкару захоўваць спакой і задзейнічаць дыпляматыю.

Экстраная нарада NATO ў Брусэлі, сабраная пасьля зьбіцьця туркамі расейскага самалёта Су-24, высьветліла дэталі інцыдэнту ў камандаваньня Турэччыны і шэрагу краінаў альянсу. NATO пацьвердзіла, што расейскі самалёт парушыў межы Турэччыны, ды нагадала пра недатыкальнасьць межаў.

Кіраўнік NATO Енс Столтэнбэрг пераконваў Турэччыну ў тым, што яна можа разьлічваць на альянс у падтрымцы яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, але выказаў занепакоенасьць у эскаляцыі напружаньня паміж Масквой і Анкарой. Ён заклікае бакі захоўваць спакой і даць дарогу дыпляматыі:

«Гэта сур’ёзная сытуацыя, што прымушае нас усіх быць асьцярожнымі і прыкласьці намаганьні для яе дээскаляцыі. Я заклікаю Анкару і Маскву да працягу кантактаў.

Дыпляматыя і дээскаляцыя — гэта важныя рэчы для вырашэньня гэтай сытуацыі», — заявіў Столтэнбэрг. Ён пацьвярджае, што прамых кантактаў паміж NATO і Расеяй з нагоды турэцка-расейскага інцыдэнту не было.

Акрамя таго, Столтэнбэрг нагадаў, што, паводле зьвестак NATO, большасьць авіяўдараў, якія расейцы наносяць у Сырыі, нацэленыя не на «Ісламскую дзяржаву» — мішэнь, якая павінна была быць агульнай і для Захаду, і для Расеі.

У пачатку мінулага месяца ледзь удалося пазьбегчы іншага ваеннага канфлікту паміж ВПС Турэччыны і расейскай авіяцыяй: тады турэцкі зьнішчальнік перахапіў расейскі вайсковы самалёт, які парушыў дзяржаўную паветраную прастору, і прымусіў яго вярнуцца назад у Сырыю. Масква тады апраўдалася, спаслаўшыся на «дрэннае надвор’е». Шаснаццатага кастрычніка турэцкія вайскоўцы зьбілі расейскі бесьпілётнік, што таксама знаходзіўся ў паветранай прасторы Турэччыны. Напружанасьці ў адносіны паміж дзьвюма краінамі таксама дадалося ў апошнія дні пасьля сэрыі расейскіх бамбаваньняў, што, па паведамленьнях Анкары, былі арыентаваныя на вёскі сырыйскай турэцкамоўнай меншасьці. У мінулую пятніцу турэцкія ўлады нават выклікалі для тлумачэньняў расейскага амбасадара, якога прадстаўнікі Анкары папярэдзілі пра тое, што падобныя дзеяньні яго дзяржавы будуць мець «сур’ёзныя наступствы».

XS
SM
MD
LG