Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар «Лідзкага піва» патлумачыў, чаму на этыкетках іхняй прадукцыі ня пішуць па-беларуску


Аўдрус Мікшыс спасылаецца на «тэндэнцыі сярод спажыўцоў».

Гарадзенская абласная калегія судзьдзяў не задаволіла пазоў лідчаніна Леаніда Анацкі да акцыянэрнага таварыства «Лідзкае піва». Пазоўнік хацеў, каб на этыкетках і рэклямнай прадукцыі прадпрыемства надпісы рабіліся па-беларуску.

Свабода зьвярнулася да генэральнага дырэктара адкрытага акцыянэрнага таварыства «Лідзкае піва» Аўдруса Мікшыса з пытаньнем — чаму прадпрыемства, якое знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, не карыстаецца беларускай мовай на этыкетках і ў рэкляме сваёй прадукцыі?

Спадар Мікшыс адразу папярэдзіў, што размову будзе весьці па-расейску, бо хоць беларуская мова і не складаная для ягоных вушэй, але ўсяго ён не разумее. Вось што ён адказаў на гэтае пытаньне:

«Мы вельмі дакладна сочым за рынкам і пакуль не назіраем тэндэнцыі спажыўцоў. Але калі зьявіцца такі сацыяльны заказ ад грамадзтва, то мы абавязкова да гэтага прыслухаемся. Але пакуль такога сацыяльнага заказу я не адчуваю».

Наконт плянаў выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетках і ў рэкляме сваёй прадукцыі Мікшыс нічога не гарантаваў, але ня выключыў, што ў далейшым выкарыстаньне беларускай мовы магчымае.

Спадар Мікшыс — грамадзянін Літвы, сем гадоў працуе ў Беларусі. Я пацікавіўся — ці нармальна, калі чалавек на працягу сямі гадоў працуе ў іншай краіне на кіраўнічай пасадзе і ня ведае адной зь дзяржаўных моваў?

«Для мяне як для грамадзяніна літоўскай краіны, я лічу, гэта нармальна», — адказаў ён.

Старшыня Таварыства беларускай мовы ў Лідзе Станіслаў Суднік, у сваю чаргу, кажа, што з прадпрыемствам «Лідзкае піва» наконт выкарыстаньня беларускай мовы на ягонай прадукцыі гаворка вядзецца даўно, але безвынікова:

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

«Прадпрыемства „Лідзкае піва“ пасьлядоўна і мэтанакіравана праводзіць антыбеларускую палітыку па недапушчэньні беларускай мовы на сваю прадукцыю. Колькі разоў мы зь імі пра гэта размаўлялі, Анацка зь імі судзіўся, я пісаў у кнігу скаргаў і прапаноў — безвынікова. А піва, у сваю чаргу, перасталі купляць на сувэніры, яго не вязуць за мяжу вось з-за гэтых іхніх этыкетак. Яны думаюць, што калі большасьць народа гаворыць па-расейску, то яны такім чынам гэтай большасьці дагодзяць. Мы ў ТБМ іначай як антыдзяржаўнай пазыцыяй такое стаўленьне да мовы назваць ня можам. Мы ўжо спрабуем дамагчыся ад фінскай кампаніі, якой цяпер належыць „Лідзкае піва“, каб яны нам патлумачылі, што за эўрапейскую палітыку яны праводзяць у нас праз русыфікацыю».

З 2009 году прадпрыемства «Лідзкае піва» ўвайшло ў склад фінскага канцэрна Olvi.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG