Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Іх не аб’ядноўвала нічога, акрамя супольных атак на Караткевіч», — Чавусаў пра апазыцыйную кааліцыю


Прадстаўнікі чатырох беларускіх апазыцыйных сілаў заявілі пра свой намер стварыць правацэнтрысцкую кааліцыю. Ці азначае магчымае зьяўленьне гэтай кааліцыі канчатковы фармальны падзел апазыцыі на дзьве часткі? Чаму палітыкі, якія заяўлялі пра няўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, зараз ствараюць кааліцыю дзеля ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах?

На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітоляг Юрась Чавусаў і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Падчас візыту ў Брусэль 17–19 лістапада прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных партыяў падпісалі дэклярацыю аб стварэньні блёку да будучых выбараў. Прадстаўнікі чатырох апазыцыйных сілаў — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Беларускі народны фронт», аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду» — падпісалі дэклярацыю аб стварэньні правацэнтрысцкай кааліцыі, паведаміў БелаПАН. Ці азначае зьяўленьне гэтай кааліцыі канчатковы фармальны падзел апазыцыі на дзьве часткі? Адна будзе гуртавацца вакол гэтай кааліцыі, другая — вакол кампаніі «Гавары праўду»?

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Чавусаў: Для пачатку адзначу, што палітыкі, якія называюцца сярод падпісантаў гэтага пагадненьня, ня толькі не камэнтуюць гэтую падзею, але нават не пацьвярджаюць факт стварэньня новай кааліцыі. Так што, магчыма, гаворка ідзе пра нешта менш значнае, чым стварэньне апазыцыйнага блёку, тым больш з такім вельмі вялікім гарызонтам плянаваньня, да 2020 году, што беспрэцэдэнтна для беларускай апазыцыі. Магчыма, гаворка ідзе проста пра нейкі рамкавы дакумэнт.

Цыганкоў: Цягам папярэдніх тыдняў лідэр АГП Анатоль Лябедзька некалькі разоў публічна агучваў намер стварыць правацэнтрысцкую кааліцыю. Плюс — ніхто не абвяргаў інфармацыю пра падпісаньне ў Брусэлі. Гэтыя факты кажуць на карысьць таго, што кааліцыя магла быць створаная.

Чавусаў: Асноўны чыньнік, які штурхае гэты флянг апазыцыі для дэманстрацыі нейкіх аб’яднаўчых тэндэнцыяў — гэта наступствы мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. Бо тыя палітычныя суб’екты, якія пералічваюцца сярод магчымых удзельнікаў новай кааліцыі, — іх падчас прэзыдэнцкіх выбараў не аб’ядноўвала нічога, апроч супольных атак на Тацяну Караткевіч як кандыдата ў прэзыдэнты.

Варта зьвярнуць увагу, што зьвесткі пра супольную дэклярацыю зьявіліся з Брусэлю — і адразу пасьля таго, як Брусэль і Вашынгтон наведала Тацяна Караткевіч. Магчыма, гэта проста паклікана нівэляваць эфэкт тых выказваньняў, якія Караткевіч робіць пасьля выбараў, калі яна кажа, што ў яе кампаніі аб’ядналіся ўсе палітычныя партыі. Магчыма, гэта выклікала справядлівую рэўнасьць кіраўнікоў партый. І цяпер іхнія крокі пакліканыя прадэманстраваць, што Караткевіч не прадстаўляе ўсе палітычныя сілы беларускай апазыцыі.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Быкоўскі: Сапраўды, Анатоль Лябедзька на публічных сустрэчах некалькі разоў рабіў заявы пра стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі, хаця і ня мог сказаць, хто канкрэтна ў яе ўвойдзе. Я таксама бачыў камэнтар намесьніка старшыі Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча пра тое, што сапраўды ідзе працэс стварэньня кааліцыі. Але бакі дамовіліся не агучваць інфармацыю, пакуль ня будзе дасягнутая нейкая дамова. Таму я мяркую, што нейкая папера ў Брусэлі сапраўды была падпісаная, а далей ідзе складаны перамоўны працэс, у якім я бачу некалькі рэчаў.

З аднаго боку, гэта спроба аб’яднаць арганізацыі, якія апошнім часам працавалі асобна і ў пэўнай ступені канкуравалі паміж сабой. Па-другое, пад гэтую кааліцыю няма нейкіх рэсурсаў ці канкрэтнай ідэі. Акрамя адной — у наступным годзе будуць парлямэнцкія выбары, і ёсьць імкненьне большасьці палітычных суб’ектаў нейкім чынам падзяліць акругі, каб не канкураваць там. Нейкага моцнага чыньніка, які б прымусіў кааліцыю нарадзіцца, я ня бачу. І мне падаецца, што перамоўны працэс будзе ісьці доўга і страката.

Цыганкоў: Мяркуецца, што кааліцыя ствараецца пад удзел у парлямэнцкіх выбарах 2016 году і вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах-2020. Чаму палітыкі, якія заяўлялі пра неўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, зараз ствараюць кааліцыю дзеля ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах?

Я спептычна гляджу на тое, што чыньнік парлямэнцкіх выбараў стане прычынай аб’яднаньня апазыцыі.

Чавусаў: Я бачу пакуль толькі нейкую ініцыятыву, якая зьвязаная з наступствамі прэзыдэнцкіх выбараў. Нагадаю, што на парлямэнцкіх выбарах 2012 году тыя ж БНФ і АГП вызнавалі аднолькавую тактыку. Але нягледзячы на гэта, яны не аб’ядналіся і не заяўлялі, што дзейнічаюць у межах аднаго падыходу. Мне падаецца, што пабудова кааліцыі непасрэдна перад парлямэнцкімі выбарамі наўрад ці магчымая. Той падзел акругаў, пра які казаў спадар Быкоўскі, мае сэнс, калі ёсьць сапраўды выбары і падлік галасоў. У Беларусі ж усе ўдзельнікі патэнцыйнай кааліцыі заяўляюць, што выбараў няма, і выбарчая кампанія выкарыстоўваецца як трыбуна, каб заявіць пра сваю пазыцыю. А ў межах такой тактыкі ніякай патрэбы ў падзеле акругаў няма.

Удзельнікі палітычнага аб’яднаньня «Талака» — і Лябедзька і Калякін — падчас прэзыдэнцкіх выбараў вылучалі свае кандыдатуры, праводзілі збор подпісаў, і гэта не было штуршком, каб казаць пра нейкі раскол гэтага аб’яднаньня. Дарэчы, і заяўлены правацэнтрысцкі грунт новага аб’яднаньня таксама выклікае сумневы. Мне цяжка паверыць, што той хаўрус паміж АГП і «Справядлівым сьветам», які існуе ўжо 20 гадоў, раптам зараз будзе паламаны.

Цыганкоў: Лябедзька неаднаразова заяўляў, што «Талака» створана пад канкрэтную задачу — дабіцца справядлівых выбараў.

Чавусаў: Хаўрус паміж АГП і партыяй Калякіна існуе ўжо 20 гадоў. Сытуацыі бываюць розныя, а ён захоўваецца. Так што я спептычна гляджу на тое, што чыньнік парлямэнцкіх выбараў стане прычынай аб’яднаньня апазыцыі.

Цыганкоў: Палітычна актыўныя людзі, «дэмакратычная грамадзкасьць» увесь час патрабуе ад апазыцыйных лідэраў аб’ядноўвацца. Чаму інфармацыя пра магчымую кааліцыю сустракаецца часам з даволі вялікім скепсісам?

У сапраўднай палітыцы ніхто з апазыцыянэраў ня верыць у магчымасьць справядлівых выбараў

Быкоўскі: Няма ідэі — дзеля чаго гэтая кааліцыя ўтвараецца. Калі б была ідэя і рэсурсы, то кааліцыя б паўстала, калі б была канкрэтная задача, — гэтак было ўжо ў беларускай гісторыі. Мне падаецца, што гэта гульня ў шахматы, а не сапраўдная палітыка. У сапраўднай палітыцы ніхто з апазыцыянэраў ня верыць у магчымасьць справядлівых выбараў. Ёсьць невялікая частка тых, хто верыць, што той ці іншай частцы канструктыўнай апазыцыі могуць даць месца ў Палаце прадстаўнікоў (пры гэтым цяжка сказаць, на чым грунтуецца гэтая вера).

Парлямэнцкія выбары, хутчэй за ўсё, стануць палітычнай кампаніяй, у якой суб’екты будуць спрабаваць дасягнуць пэўныя мэты, якія вельмі далёкія ад перамогі на выбарах.

Чавусаў: Той факт, што ніхто з патэнцыйных удзельнікаў кааліцыі не пацьвердзіў, што «так, мы ствараем кааліцыю», — сьведчыць на карысьць скептычнага стаўленьня. Мне падаецца, што такія аб’яднаўчыя ініцыятывы выкліканыя фактарам неабходнасьці дэзавуіраваць «гаварашчую галаву» Караткевіч, якая прэтэндуе на тое, каб прамаўляць ад імя ўсёй дэмакратычнай апазыцыі Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG