Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка скарыстаўся паўнамоцтвамі дзеля ўтрыманьня асабістай ўлады...»


«19 гадоў таму на рэфэрэндуме Лукашэнка дамогся неабмежаваных паўнамоцтваў. Як ён імі скарыстаўся?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Пэнсіянэр: «Па-мойму, надзвычай здорава ён скарыстаўся, парушаючы Канстытуцыю: „Мяне народ выбраў, мяне народ выбірае“. А выбірае народ ці не выбірае, гэта цяжка сказаць».

Малады функцыянэр: «Эфэктыўна выкарыстоўвае. Эфэктыўнасьць праяўлялася ў тым, што ў першыя дзесяць гадоў назіраўся рост унутранага валавога прадукту па 7 адсоткаў штогод. Гэта, па сутнасьці, двухразовае павелічэньне ВУП краіны».

Спэцыяліст: «Што ў Лукашэнкі царскія паўнамоцтвы, гэта так. Толькі ў цара было шмат памочнікаў, якія былі самастойныя ў рашэньнях. У нас, аказваецца, эканамісты — не палітыкі. Яны ня могуць праводзіць эканамічную палітыку ў дзяржаве. У нас адзін палітык. Эканоміка ў заняпадзе. Яе ўказамі й дэкрэтамі трэба ратаваць. Грошы былі — будавалі палацы. А на эканоміку забілі болт. Закінулі эканоміку. А калі спахапіліся, пачалі з дрэваапрацоўкі.

І што атрымалася — лямінат на ўсю плянэту! А каму патрэбны той лямінат? Будзем выпускаць гомсельмашаўскія камбайны! А каму яны патрэбныя, калі „Ростсельмаш“ разам зь „Енісеем“ запоўнілі ўвесь рынак Расеі? А цяпер кажуць: трэба хоць па аднаму камбайну прадаваць. Куды? У Кітай, у Індыю. Па аднаму самазвалу, камбайну, трактару. Так усюды — па аднаму».

Кіроўца: «Калі чалавек пісьменны за стырном, ён пісьменна й паступае. А калі непісьменны, то, значыць, як мага больш хоча грошай, як мага больш хоча ўлады».

Грамадзкі актывіст: «Калі глядзець з пункту гледжаньня захаваньня ўлады, то выкарыстоўвае якраз эфэктыўна. Калі з пункту гледжаньня павышэньня дабрабыту народу, пра які ён так дбае, то бачна, што ў апошнія гады ўзровень жыцьця падае і паўнамоцтвы неэфэктыўныя. Сумна тое, што і надалей гэта будзе працягвацца — будзе жаданьне заставацца пры ўладзе. Сыстэма стрымліваньняў і супрацьвагаў адсутнічае. Парлямэнт ніяк ня можа паўплываць на сытуацыю, а ўрад бясьсільны штосьці зрабіць».

Прадпрымальнік: «Скарыстаўся паўнамоцтвамі дзеля ўтрыманьня ўлады — і маем дыктатуру».

Будаўнік: «Адназначна не адкажаш. Галоўнае — спакой і мір. Ня так, як ва Ўкраіне. Гэта асноўнае, астатняе — перажывём».

Юрыст: «Ператварыў краіну ў закрытае акцыянэрнае таварыства „Лукашэнка і сям’я“ — і цешыцца жыцьцём. У яго ёсьць набліжаныя чыноўнікі, якім ён кідае крошкі з панскага стала. А ўвесь народ думае, як выжыць у такі няпросты час».

Спэцыяліст сярэдняга зьвяна: «Як бы тут сказаць... Па-мойму, вельмі добра выкарыстоўваў, якасна. Мы жывём, у нас няма вайны. Крычаць, што ў нас грошай няма, дык у нас жа няма сваёй нафты, газу. З гэтай прычыны і грошай няма. Любога прэзыдэнта пастаў, лепей ня стане».

XS
SM
MD
LG