Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У стасунках паміж Украінай і Расеяй — новае абвастрэньне. Напрыканцы мінулага тыдня былі цалкам спыненыя пастаўкі ўкраінскай электрычнасьці ў анэксаваны Расеяй Крым. Паўвыспа пагрузілася ў цемру.

Грамадзкая блякада

Варта прыгадаць, што ўжо месяц украінскія грамадзкія арганізацыі крымскіх татараў, «Правы сэктар», байцы батальёну «Айдар» трымаюць блякаду таварных патокаў з Украіны ў Крым. Гэтая блякада была ўдарам балючым, але не крытычным — скарачэньне паставак украінскіх тавараў не пагражала Крыму катастрофай. Аднак ільвіную долю электрычнасьці паўвыспа атрымлівала менавіта з Украіны, замяніць яе хутка проста немагчыма.

Арганізатары таварнай блякады не бяруць на сябе адказнасьць за падрыў ЛЭП у Хэрсонскай вобласьці, празь якія электрычнасьць пампавалася ў Крым. Але гэта насамрэч сакрэт Палішынэля: менавіта крымскататарскія актывісты не дапускаюць рамонтныя брыгады для аднаўленьня ЛЭП, адбыліся нават сутычкі актывістаў з сіламі правапарадку, якія імкнуліся забясьпечыць рамонт, лідэр крымскататарскага супраціву Мустафа Джамілеў выстаўляе ўмовы, пры выкананьні якіх пастаўкі электрычнасьці будуць адноўленыя. Нават калі ЛЭП падарвалі не крымскататарскія актывісты, палітыку Ўкраіны ў гэтым пытаньні вызначаюць менавіта яны.

І вось гэты чыньнік уяўляецца нават больш важным для Ўкраіны, чым чарговае абвастрэньне канфлікту з Расеяй.

З чаго складаецца сувэрэнітэт?

Аргумэнты на карысьць блякады, як транспартнай, гэтак і электрычнай, зразумелыя і лягічныя: Крым — акупаваная тэрыторыя, Украіна — ахвяра агрэсіі, вайны, ў часы Вялікай Айчыннай СССР на акупаваныя савецкія тэрыторыі ані электрычнасьць, ані харчаваньне не пастаўляў — на вайне як на вайне.

Аднак форма, у якой гэта адбываецца, выклікае, мякка кажучы, зьдзіўленьне. Зразумела, украінская дзяржава, ў якой адарвалі кавалак тэрыторыі, мае права рабіць усё, што палічыць патрэбным, для аднаўленьня сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці. Можа ваяваць, можа пагаджацца на замарожваньне канфлікту, можа абвяшчаць тую ці іншую форму блякады (як гэта было зроблена яшчэ летась адносна пэнсіяў і грашовай дапамогі для жыхароў мяцежнага Данбасу ці нядаўна — адносна авіякамунікацыі з Расеяй), альбо можа захоўваць пэўныя эканамічныя стасункі. Цана падобных кардынальных рашэньняў, адказнасьць за іх — на ўсім народзе і на ўладах, як яго паўнамоцным прадстаўніку.

Але менавіта таму такія рашэньні — выключная прэрагатыва дзяржавы. Пытаньні вайны і міру, межы, мытня — першасныя атрыбуты дзяржаўнага сувэрэнітэту. Няма іх — няма сувэрэнітэту.

Ну вось правядзем гіпатэтычную аналёгію. Цяпер Эўропа, у прыватнасьці, Нямеччына перажывае востры міграцыйны крызіс. Менавіта Нямеччына, прынамсі, пакуль, дэманструе найбольш лібэральны падыход, прымаючы мігрантаў у вялікай колькасьці. Такая палітыка выклікае велізарную незадаволенасьць значнай часткі нямецкага насельніцтва — канцлера Мэркэль многія і палітыкі, і звычайныя людзі востра крытыкуюць і нават лаюць, ладзяцца маніфэстацыі, палітычныя акцыі, пратэсты.

Спрачаюцца пра гэта, як бачым, нават беларусы — глядзіце дыскусію на нашым сайце паважаных Віталя Цыганкова і Алеся Чайчыца. Слушныя аргумэнты ёсьць у абодвух бакоў, розныя групы нямецкага насельніцтва сутыкаюцца з наступствамі міграцыйнага крызісу ў рознай ступені, жыхары мясьцінаў, дзе канцэнтрацыя мігрантаў большая, зразумела, маюць больш праблемаў. Але вось уявіце сабе, што нейкія немцы, разьюшаныя праблемамі з мігрантамі, людзі, якія ідэалягічна не прымаюць наплыву чужынцаў, у гневе перакрываюць мяжу Нямеччыны. Вось не прымаем і ўсё — гэта наша краіна, стоп міграцыя, ня пусьцім у яе чужынцаў. Ну і як вы думаеце, як доўга пратрымаецца гэтая самачынная блякада, як доўга Бэрлін будзе цярпець такую прыватызацыю дзяржаўных прэрагатываў? Мяркую, што нядоўга.

Сымэтрычны адказ у гібрыднай вайне

Ад украінцаў даводзілася чуць і чытаць іх развагі, што ўся сытуацыя з блякадай, ў тым ліку і электрычнай — гэта такі сымэтрычны адказ расейцам за іх гібрыдную вайну. Маўляў, вы, расейцы, кажаце, што ў Крыме была не вайсковая акупацыя «зялёнымі чалавечкамі», а свабоднае волевыяўленьне мясцовага люду, што ў Данбасе мае месца народнае паўстаньне, а Расея там ні пры чым? Добра, тады з блякадай таксама мае месца народнае волевыяўленьне, да якога ўкраінская дзяржава ні пры чым. Ня хочаце блякады — дамаўляйцеся з Джамілевым. Вы «на блакітным воку» робіце выгляд, што вашы людзі — як бы ня вашы, ну дык і мы так можам. Пакаштуйце-ка самі вашых вострых страваў.
Тлумачэньне, не пазбаўленае рацыі, хаця ёсьць асаблівасьці. Расея так робіць, дык яе за такія фокусы і лічаць рабаўніком і парушальнікам міжнароднай бясьпекі.

Да таго ж Расея гуляла і гуляе ў такія гульні па-за межамі сваёй тэрыторыі. Так, яна рабіла гэтак у Крыме, але пасьля таго, як яна абвясьціла аб далучэньні да сябе паўвыспы, усёй нават уяўнай самадзейнасьці там прыйшоў канец. Ніякія грамадзкія арганізацыі ў Крыме пытаньняў межаў, вайны і міру не вырашаюць і блізка. Дасьведчаныя людзі кажуць, што грамадзкія арганізацыі там наагул сядзяць, як мыш пад венікам, але ў любым выпадку мяжа, мытня, вайна, мір, гандаль — усё гэта ў Крыме выключная прэрагатыва расейскай дзяржаўнай адміністрацыі. Як і на міжнародна прызнанай тэрыторыі РФ.

У Данбасе так — працягваецца гульня ў апалчэнцаў, волевыяўленьне народу, квітненьне грамадзкіх сілаў, «адпускнікі» і «добраахвотнікі» імкнуцца не сьвяціцца. Але ж гэтую тэрыторыю Расея і ня лічыць сваёй часткай афіцыйна, а вызнае часткай Украіны.

А блякада Крыму адбываецца на ўкраінскай тэрыторыі. Украінская дзяржава дапускае, каб грамадзкія арганізацыі прыватызавалі яе выключныя прэрагатывы на ўкраінскай, а не на замежнай тэрыторыі.

Да таго ж хада падзеяў супярэчыць прыгожай вэрсіі пра гібрыдны адказ. Калі падрыў ЛЭП быў актам гібрыднай вайны ў адказ з боку Кіеву, дык навошта тады Кіеў паслаў рамонтныя брыгады іх аднаўляць, чаму доступ рамонтнікаў да ЛЭП забясьпечвалі ўкраінскія праваахоўнікі, людзі ва ўкраінскіх пагонах, і пры гэтым не забясьпечылі, адступілі? Калі крымскататарскія актывісты — гэта такія «данбаскія апалчэнцы наадварот», дык чаму ж Кіеў ня пляскае ціхенька ў ладкі з нагоды іх «электрычных» зьдзяйсьненьняў, а наадварот, спрабуе іх утаймаваць? Калі працягваць аналёгію, дык расейскія «зялёныя чалавечкі» ані ў Крыме падчас яго захопу, ані ў Данбасе мясцовых сэпаратыстаў не ўтаймоўвалі, зь імі ня біліся. Там гэта была сапраўды гібрыдная вайна. У сытуацыі з блякадай — гэта канфлікт паміж украінскай дзяржавай і ўкраінскімі грамадзкімі арганізацыямі на тэму, хто зь іх зьяўляецца ўладай.

Пра што не падумалі актывісты

Тое, што лепш, каб галоўныя пытаньні жыцьця нацыі вырашала ўсё ж дзяржава, вынікае ня толькі з высокіх меркаваньняў, але і з чыста практычных — дзяржава ўсё ж лепш можа ўлічыць разнастайныя наступствы радыкальных крокаў. У сытуацыі з блякадай Крыму, асабліва электрычнай, розныя «бякі» пачалі вылазіць амаль адразу. Ужо на наступны дзень пасьля падрыву ЛЭП прадстаўнікі ўкраінскіх АЭС заявілі, што спыненьне перапампоўваньня электрычнасьці стварыла аварыйную сытуацыю на атамных станцыях. Толькі яшчэ аднаго Чарнобыля Ўкраіне не хапае для поўнага шчасьця. Ці падумалі пра гэта рашучыя актывісты? Напэўна, не.

Таксама ўкраінскія энэргетыкі паведамілі, што электрычная блякада адключыла ад электрычнасьці некалькі раёнаў Херсоншчыны і пад пагрозай адключэньня аказаліся 40% Херсонскай і Мікалаеўскай вобласьцяў. Пра гэта, напэўна, таксама не падумалі.

Можа нехта і сапраўды разьлічваў, што Расея ад «удару токам» пойдзе на саступкі. Але больш верагодным ад пачатку ўяўляўся іншы адказ, які і адбыўся. Расея ў адказ спыніла пастаўкі вуглю на ўсход Украіны. Вайна вайной, аналёгіі зь Вялікай Айчыннай гучаць пераканаўча, але былі і такія сустрэчныя пастаўкі. А цяпер скончыліся. І частка матэрыковай Украіны аказалася без энэргіі. Пра гэта, напэўна, не падумалі таксама.

Цікава пракамэнтаваў апошні сюжэт Мустафа Джамілеў: «Яны ўжо не адгружаюць нам антрацыт. Нам будзе даражэй, але мы ўсё ж такі можам купляць яго ў Паўночна-Афрыканскай Рэспубліцы. Дарагавата, вядома. Але нам паступова трэба перабудоўвацца і абрываць ўсе ніткі з Расеяй».

Цалкам магчыма, што ён мае рацыю — цэласнасьць дзяржавы нечага каштуе і часам жахліва дорага. Але вось гэтае «нам будзе даражэй», «можам купляць у ПАР», «трэба абрываць усе ніткі з Расеяй» — гэта пра каго і ад імя каго? Пра крымскіх татараў — грамадзянаў Украіны ці гэта ўкраінскі народ так вырашыў? Калі ўвесь народ — няма пытаньняў, сувэрэннае права. Але калі што даражэй, а што таньней для ўсяго народу, вырашае грамадзкая арганізацыя — гэта здаецца не зусім адпаведным высокім эўрапейскім прынцыпам пабудовы грамадзтва, да якіх Украіна імкнецца.

Украінскі ток і нямецкі «акумулятар»

І яшчэ адзін момант, адно наступства энэргетычнай блякады варта адзначыць — рэакцыю на яе нямецкага МЗС. Яго прэсавы сакратар заявіў: «Палітычны канфлікт не павінен уплываць на якасьць жыцьця жыхароў Крыму. Урад Нямеччыны чакае, што энэргазабесьпячэньне анэксаванай Расеяй паўвыспы будзе адноўленае і што падобныя інцыдэнты больш не паўторацца».

Гэта — замах на сувэрэннае права ўкраінскай дзяржавы вырашаць, што ёй рабіць? Ну дык калі арганізацыі крымскіх татараў можна, то чаму МЗС Нямеччыны нельга? Нямеччына, між іншым, таксама сувэрэнная дзяржава, са сваімі меркаваньнямі, інтарэсамі і поглядамі.

Да таго ж, гэта тая дзяржава, ад якой міжнародная падтрымка Ўкраіны — як палітычная, гэтак і эканамічная — залежыць крытычным чынам. Калі праводзіць гістарычныя аналёгіі, то Рабэсп’еру ці Леніну не давалі парадаў з-за мяжы, што ім рабіць. А калі і давалі, то яны плявалі на тыя парады і пажаданьні. Але і пытаньні забесьпячэньня свайго насельніцтва вырашалі самі — пераважна голадам і тэрорам. Цяперашняя ўкраінская дзяржава вырашае іх інакш і таму ёй больш складана пляваць на пажаданьні Бэрліну.

А ён такі, які ёсьць. Можа, хацелася б, каб быў іншы. Але няма іншага. Але ці разумелі гэта арганізатары электрычнай блякады? Напэўна не. Ці гэта ім было нецікава. Дзяржаве вось гэта цікава — ёй забясьпечваць, каб людзі атрымлівалі заробкі. Не грамадзкім актывістам жа пра гэта клапаціцца.

Рэвалюцыя працягваецца?

Электрычная блякада Крыму — зьвяно ў ланцугу ў нечым падобных падзеяў: перастрэлкі «Правага сэктару» зь міліцыяй у Мукачаве, забурэньняў каля Вярхоўнай Рады з чалавечымі ахвярамі, хваляваньняў у Крывым Рогу пасьля выбараў мэра.

Так выглядае, што пытаньне аб уладзе ва Ўкраіне яшчэ ня вырашанае, рэвалюцыя працягваецца. Яно і з гісторыі вядома, што рэвалюцыя не сканчаецца зрынаньнем уладара: у Францыі у ХVIII стагодзьдзі адхіленьне ад улады караля было толькі пачаткам драматычных падзеяў, у Расеі ў 1917 годзе адрачэньне цара — таксама. Дык а з чаго вынікае, што ўкраінская рэвалюцыя Эўрамайдану скончылася ўцёкамі Януковіча? Адзначаны ланцуг падзеяў сьведчыць хутчэй пра адваротнае.

Пярэчаньне, што цяпер Украіна мае законную ўладу, абраную на свабодных выбарах, не выглядае цалкам пераканаўчым. Януковіча абралі таксама на больш-менш свабодных выбарах. Што яму не дапамагло.

Рэвалюцыя — гэта ня той працэс, якому можна сказаць: стоп, ты выканала свае задачы, цяпер час мірнага будаўніцтва і новага, але цьвёрдага парадку.

Так што ня выключана, што электрычная блякада Крыму — ня толькі новы этап канфлікту паміж Кіевам і Масквой, але і новы этап украінскай рэвалюцыі. Якая не пытаецца, ці зручны час для яе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG