Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі генэрал заяўляе, што дакумэнт пра авіябазу ўзгоднены зь беларускім бокам


Архіўнае фота

Архіўнае фота

Пытаньне аб падпісаньні пагадненьня аб разьмяшчэньні расейскай базы ў Беларусі можа быць разгледжана на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна 26 лістапада ў Маскве.

Пра гэта паведаміў начальнік апэратыўнага кіраваньня апарату галоўнага камандаваньня паветрана-касьмічных сіл Расеі Аляксандар Ляпкін.

Ён распавёў, што праект стварэньня расейскай авіябазы ў Беларусі прадугледжвае разьмяшчэньне на аэрадроме ў Бабруйску расейскага авіяпадразьдзяленьня ў складзе 12 баявых самалётаў і 4 транспартна-баявых верталётаў.

«На аэрадроме „Бабруйск“ плянуецца трымаць адну авіяцыйную эскадрыльлю зьнішчальнікаў (12 баявых самалётаў) і верталётнае зьвяно (4 транспартна-баявыя верталёты „Мі-8“)», — цытуе «РИА Новости» расейскага генэрала. Паводле ягоных слоў, склад расейскай авіябазы і яе арганізацыйна-штатная структура ўжо зацьверджаныя.

«Хачу зьвярнуцца да беларускіх калегаў з просьбай паскорыць правядзеньне ўсіх неабходных працэдур па падрыхтоўцы названага пагадненьня да падпісаньня», — сказаў Ляпкін.

Ён паведаміў, што дакумэнт узгоднены зь беларускім бокам.

Паводле генэрала, пытаньне падпісаньня пагадненьня аб разьмяшчэньні расейскай базы ў Беларусі можа быць разгледжана на сустрэчы прэзыдэнтаў дзьвюх краін 26 лістапада. Пра гэта раней казаў памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ўшакоў.

У сярэдзіне верасьня Пуцін даручыў расейскім Мінабароны і МЗС правесьці зь Менскам перамовы і па іх выніках падпісаць пагадненьне аб стварэньні ў Беларусі расейскай авіябазы.

Лукашэнка заявіў, што не абмяркоўваў з Масквой пытаньня аб стварэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы. Выступаючы на апэратыўным зборы каманднага складу Ўзброеных сілаў Беларусі, Лукашэнка заявіў, што разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі з ваеннага пункту гледжаньня не патрэбнае ні Расеі, ні Беларусі. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, разьмяшчэньне авіябазы будзе мець больш мінусаў, чым плюсоў. Пра тое, што расейская авіябаза не патрэбная, Лукашэнка выказваўся і падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах — маўляў, калі што, гатовы прыняць полк расейскіх самалётаў, у якія пасадзяць беларускіх пілётаў. Таксама ён казаў пра гатоўнасьць «абараняць расейскую зямлю».

Перад выбарамі Лукашэнка заявіў, што размовы пра разьмяшчэньне расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося і што сёньня база Беларусі не патрэбная. А інфармацыю, укінутую расейскім бокам у СМІ, ён назваў правакацыяй.

4 кастрычніка апазыцыя правяла ў Менску акцыю пратэсту супраць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG