Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшая газэта Швэцыі назвала Vitryssland Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Дагенс Нюхетэр» выходзіць ад 1864 году. У 2015-м рэдакцыя прыняла рашэньне: «Vitryssland till Belarus».

«Буйнейшая газэта Швэцыi пераходзіць на назву Belarus замест Vitryssland („Белароссія“) на швэдзкай мове», — піша на Facebook былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

«Дагенс Нюхетэр» (альбо проста DN) тлумачыць, чаму цяпер будзе пісаць назву нашай краіны іначай:

«Мы хочам падкрэсьліць, што Беларусь з 1991 году незалежная дзяржава. Беларусь гэтую назву выкарыстоўвае, і мы хочам пазьбегнуць рызыкі блытаніны паміж Беларусьсю і Расеяй. Многія беларусы лічаць, што Vitryssland надае краіне фальшывую нацыянальную ідэнтычнасьць».

Мовазнаўца Вінцук Вячорка падкрэсьлівае, што «Дагенс Нюхетэр» — гэта газэта, якая стварае ў Швэцыі грамадзкую думку і праз гэта ўплывае на моўную норму:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Рашэньне рэдакцыі „Дагенс Нюхетэр“ стратэгічна важнае, у тым ліку для ўжываньня назвы нашай краіны. Якраз у германскай групе моваў, да якой адносяцца швэдзкая, нарвэская, данская, ісьляндзкая, у нідэрляндзкай і нямецкай мовах дагэтуль пануе форма, перакладзеная з расейскай, што можа адваротна перакладацца як „Белая Расея“. „Вайсрусланд“, „Вітрюсланд“... Швэдзкая акадэмія дагэтуль прапануе абіраць такі варыянт як першы.

Традыцыі называньня нашай краіны Беларусьсю не было, бо апошнія пару стагодзьдзяў нашай краіны як незалежнай дзяржавы не было на мапах. Таму спасылацца на нейкую традыцыю ніхто ня мае права. Лінгвісты, журналісты, моўныя акадэміі тых краінаў проста бралі два корані з расейскай і іх перакладалі, што памылкова! Ніхто ня ведае, ці адзначае корань „бел“ у назьве белы колер. А можа, ён азначае „заходні“, а можа, „вольны“. Ну, і „Русь“ — гэта зусім не Расея, гэта хутчэй тая старадаўняя Рутэнія, як Русь па-лацінску называлі».

Тое, што рашэньне было прынятае менавіта цяпер, газэта тлумачыць нобэлеўскай прэміяй беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч (раней Вінцук Вячорка задаваўся пытаньнем, ці абароніць Алексіевіч Belarus), а таксама ўласным вялікім матэрыялам, прысьвечаным Беларусі і Галакосту. Газэта вырашыла, што «гэта зручны час, каб зьмяніць назву». «Дагенс Нюхетэр» адзначае, што англамоўныя краіны не называюць Беларусь «Белай Расеяй», а зь нядаўняга часу і Данія перайшла на ўжываньне назвы Belarus.

XS
SM
MD
LG