Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы гістарычны максымум: больш як 18 000 рублёў за даляр


Яшчэ да завяршэньня сёньняшніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы некаторыя камэрцыйныя банкі пачалі скупляць і прадаваць амэрыканскі даляр вышэй за 18 000 за рубель.

Зрэшты, аналягічныя тэндэнцыі ад пачатку дня дэманстраваў і валютны рынак: ужо на адкрыцьці таргоў даляр вырас на 60 рублёў, дабраўшыся да 18 036 беларускіх. Эўра падскочыў на 94 пункты да 19 188. Пад канец сэсіі разрыў яшчэ больш павялічыўся і зафіксаваўся на адзнацы 18 042. Эўравалюта страціла 3 рублі — 19 185.

За месяц пасьля прэзыдэнцкіх выбараў абясцэньваньне рубля да даляра склала 5%, што для разьвітых эканомік параўнальна з надзвычайным становішчам.

Такім чынам, 24 лістапада скораны чарговы гістарычны максымум, а з улікам папярэдніх дэнамінацый 1994 і 2000 гадоў у рэальнасьці беларуская валюта перавысіла 180 мільёнаў рублёў за даляр.

Незалежныя экспэрты папярэджваюць: пры цяперашніх тэмпах інфляцыі і адсутнасьці эканамічных рэформаў абвешчаная ўладамі ад 1 ліпеня 2016 году чарговая дэнамінацыя досыць хутка верне назад «абрэзаныя нулі».

Апроч таго, абясцэньваньню беларускіх грошай можа паспрыяць... сама дэнамінацыя. Як кажа кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, працэдура перазапуску грашовай сыстэмы надзвычай дарагая як для Нацыянальнага банку, так і для ўдзельнікаў рынку. Па яго словах, цяжка нават уявіць, колькі грошай павінна патраціць кожнае прадпрыемства, кожны банк, кожная крама на пераабсталяваньне і перапраграмаваньне плацёжнай сыстэмы:

«Мы змагаемся зь імпартам, але незразумела, колькі валюты давядзецца патраціць на закуп новых чыпаў, новых мэханізмаў для банкаматаў, для апаратаў, зьвязаных з прыёмам і апрацоўкай наяўных грашовых сродкаў. А калі мы пачнём выпампоўваць валюту з краіны і падстаўляцца пад свабодныя межы з Расеяй, Казахстанам, Кыргызстанам, то наўрад ці зможам спыніць усе гэтыя нэгатыўныя працэсы. Хоць, па вялікаму рахунку, на дадзены момант перадумоваў для абвальнай дэвальвацыі няма. Справа ў тым, што аднолькавымі тэмпамі падае і экспарт, і імпарт, абсалютна аднолькавымі. Вось каб экспарт падаў хутчэй, чым імпарт, тады былі б перадумовы для адчувальнай дэвальвацыі. Ці каб імпарт рост, а экспарт падаў, тое ж самае. А так для нашай эканомікі дэвальвацыя — такое ж бяссэнсоўнае мерапрыемства як і дэнамінацыя».

Па выніках 2015-га ўзровень дэвальвацыі ў Беларусі прагназуецца ў межах 15-18%, што перавышае паказьнікі ўсіх краінаў СНД. Калі ўзяць на ўвагу, што заробкі грамадзянаў ад канца мінулага году «замарожаныя» і імкліва трацяць у вартасьці да асноўных валютаў, спажывецкая здольнасьць грамадзянаў стабільна зьмяншаецца.

Як сьведчаць разьлікі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у пераліку на даляры па сярэднеўзважаным курсе сярэдні заробак па краіне ў кастрычніку склаў 400 даляраў. Для параўнаньня, летась у снежні ён перавышаў 620 даляраў.

Пры гэтым агульная лічба фармуецца дзякуючы перадусім Менску, дзе заробкі істотна большыя. Прыкладам, Віцебская ды Магілёўская вобласьці у гэтым паказьніку саступаюць сталіцы амаль што ўдвая.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG