Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мультыкультуралізм было модна крытыкаваць і дзесяць, і пятнаццаць гадоў таму. Але праблема Эўропы не ў мультыкультуралізме.

Віталь Цыганкоў у сваім нядаўнім тэксьце піша зразумелыя і, магчыма, па сваёй сутнасьці слушныя рэчы. Эўрапейскія інстытуты сапраўды павінны вытрымаць выпрабаваньне мультыкультуралізмам і павінны пасьпяхова інтэграваць мігрантаў зь менш разьвітых краінаў, якім могуць быць не ўласьцівыя каштоўнасьці свабоды, дэмакратыі, законнасьці і правоў чалавека. Мігрантаў з Усходняй Эўропы гэта тычыцца, між іншым, таксама.

Але мушу сказаць, што разважаць на тэму таго, што мультыкультуралізм не магчымы, і што Заходняя Эўропа загінаецца пад ордамі дзікіх мігрантаў з Азіі і Афрыкі — модным гэта было і дзесяць, і пятнаццаць гадоў таму. Больш за тое, я і сам гэтым па маладосьці грашыў, нават жывучы ў ЭЗ: павучаньнем заходнеэўрапейцаў, што яны не даюць рады з асыміляцыяй мігрантаў і што пройдзе 50 гадоў, і ў той «Эўропе» будзе шарыят і «Мячэт Нотр Дам дэ Пары».

Калі выбіраць паміж Эўропай з гей-парадамі і арабскімі кварталамі з аднаго боку і Эўропай, дзе кіравалі б Аляксандар Дугін, Марын Ле Пэн ці якаясь дзеравенская польская правіца — я абіраю тую, дзе гей-парады і арабскія кварталы

Пасьля 2013-2014 гг. асабіста мне гэта рабіць ужо было б сорамна. Бо лягічным працягам усіх гэтых песень пра правал эўрапейскага мультыкультуралізму з боку нашага гордага «неталерантнага» і «немультыкультурнага» постсавецкага ўскрайку Эўропы сталіся паводзіны на ўзроўні ці то дзікага мілітарысцкага 19 стагодзьдзя, ці то цёмнага Сярэднявечча. Анэксія чужой тэрыторыі а-ля «Гітлер і Судэты», разьвязаньне на пустым месцы поўнамаштабнай міжэтнічнай вайны, пагрозы выкарыстаньня атамнай зброі, цэнзура ў СМІ, забарона «прапаганды гомасэксуалізму» або ўсынаўленьня з боку замежнікаў і ўвесь астатні тэатар абсурду і карнавал булшыта.

Альтэрнатыва эўрапейскаму «мультыкультуралізму» і «талерантнасьці» — гэта каштоўнасьці заснавальнікаў ДНР-ЛНР.

І ня трэба рабіць выгляд, што вайну ў Данбасе разьвязалі якіясь іншыя людзі, чым тыя, сярод якіх мы ўсе жывем. У апошнія гады менавіта нашыя родныя постсавецкія рэваншысты актыўней за ўсіх спэкулююць у тым ліку і на тэме простых, зразумелых — і няправільных — рашэньняў праблемы ісламскага экстрэмізму і ўвогуле разьдзьмуваюць паніку з нагоды зьмены звыклага ім этна-рэлігійнага ляндшафту Заходняй Эўропы. «Чарнамазыя запаланілі Эўропу і пагражаюць эўрапейскім каштоўнасьцям». У Расеі гэта, здаецца, яшчэ трошкі — і стане дзяржаўнай рыторыкай. У Польшчы, Украіне ці Вугоршчыне гэта — частка ідэалёгіі ўплывовых палітычных сілаў, якія, дзякаваць Богу, стрымліваюцца інстытутамі і іншымі палітычнымі сіламі.

Ну і Беларусь. Беларусы, людзі з краіны, у якой нават не адмененае сьмяротнае пакараньне, дзе няма ніводнага апазыцыйнага дэпутата ў так званым «парлямэнце», а прэзыдэнт рэгулярна вымаўляе фразы кшталту той пра брудных жыдоў у Бабруйску ці пра «лепш быць дыктатарам, чым геем» — гэта мы, беларусы, зьбіраемся чамусьці павучаць французаў зь немцамі? Сур’ёзна?

Захад заўсёды прымаў уцекачоў. Нямеччына прымала францускіх гугенотаў, Францыя прымала польска-літвінскіх паўстанцаў, Вялікая Брытанія прымала жыдоў з Расейскай імпэрыі ў канцы 19. стагодзьдзя — у адным Лёндане іх цяпер жыве больш, чым у любым іншым горадзе Эўропы.

ЗША, наймагутная краіна ў сьвеце, увогуле пабудаваная толькі і выключна імігрантамі, многія зь якіх беглі з Эўропы менавіта па рэлігійных прычынах. І яна працягвае будавацца на іміграцыі і на тым самым мультыкультуралізме: індыйцы, кітайцы, лацінаамэрыканцы.

ЗША, Брытанія, Канада прынялі тысячы беларускіх уцекачоў пасьля Другой Сусьветнай вайны, якім іначай было наканавана памерці ў ГУЛАГу.

Беларусь — таксама Эўропа і таксама прыклад пасьпяховага мультыкультуралізму. У сярэднія вякі яна прымала габрэяў з Заходняй Еўропы. Яшчэ 150 гадоў таму жыды складалі большасьць (большасьць!) гарадзкога насельніцтва Беларусі. Частка насельніцтва на падставе рэлігіі лічыла сябе палякамі, акрамя гэтага кампактна пражывалі беларускія татары, расейцы-стараверы і немцы. Усе з сваімі ўласнымі традыцыямі, правіламі і ладамі жыцьця. Чым не мультыкультуралізм? Чым горш за сучасную Заходнюю Эўропу?

Віталь піша, што ў Расеі няма мультыкультуралізму. Гэта ў краіне, дзе міністар абароны — тувінец, кіраўнік цэнтральнага банка — татарка, пад дваццаць мільёнаў чалавек — мусульмане, некалькі мільёнаў чалавек — будысты і некалькі дзясяткаў адных толькі афіцыйных моў на ўзроўні рэгіёнаў?

У Кітаі няма мультыкультуралізму? У краіне зь дзясяткамі розных народнасьцяў, ад уйгураў і манголаў да паўднёвых кітайцаў з Ганконга і Макао, якія размаўляюць на зусім іншай мове, чым паўночнікі з Пэкіну?

Эўропа пасьпяхова жыве ў мультыкультурным грамадзтве. Зь некалькіх мільёнаў францускіх мусульманаў толькі некалькі тысячаў — у сьпісе патэнцыйных экстрэмістаў, які вядуць францускія спэцслужбы. Астатнія — нармалёвыя людзі, ня горш і ня лепш за карэнных французаў альбо за нашчадкаў мігрантаў мінулых стагодзьдзяў.

Мультыкультуралізм, разнастайнасьць традыцый і звычак жыхароў — гэта ў самую апошнюю чаргу азначае пагрозы дэмакратычным інстытутам. Дый пагрозы гэткія — яны ёсьць цяпер, яны былі ўчора і яны будуць і заўтра. Сто гадоў таму гэта былі левыя экстрэмісты, 80 гадоў таму гэта былі фашысты, цяпер гэта мусульманскія экстрэмісты. Разабраліся з фашыстамі, разьбяруцца і з ісламістамі.

У 2009 годзе я пару месяцаў жыў у Лёндане ў раёне Stepney. Сёньня гэта пераважна бэнгальскі мусульманскі раён — беднаваты й ня дужа прэстыжны, але для чалавека, які жыў на постсавецкай прасторы ў 90-я, нічога страшнага: нават уначы бясьпечна. Але 100-150 гадоў таму гэта быў брудны і крымінальны раён, дзе арудаваў Джэк-патрашыцель, панавалі галеча, прастытуцыя, наркаманія і злачыннасьць што ў цяперашняй Афрыцы. Мультыкультурны Стэпні 2009 году быў яўна лепшым месцам, чым немультыкультурны дыкенсаўскі Стэпні якогась 1859 году.

Калі выбіраць паміж Эўропай з гей-парадамі і арабскімі кварталамі з аднаго боку і Эўропай, дзе кіравалі б Аляксандар Дугін, Марын Ле Пэн ці якаясь дзеравенская польская правіца — я абіраю тую, дзе гей-парады і арабскія кварталы.

Таму што ў такой Эўропе месца будзе для ўсіх. Таму што гэта сучасны сьвет — разнастайны, шматаблічны, постмадэрнісцкі, дзе кожны можа быць тым, кім сам захоча. Гэты сьвет і гэтае грамадзтва не пазбаўленыя праблемаў і выклікаў, але тыя выклікі — не ў мультыкультуралізьме. Ці прынамсі «мультыкультуралізм» — ня вельмі ўдала абранае слова для іх вызначэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG