Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША «вельмі хутка» адправяць вайскоўцаў у Сырыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Злучаных Штатаў распавёў пра далейшыя пляны барацьбы з «Ісламскай дзяржавай».

Спэцыяльны прадстаўнік ЗША ў глябальнай кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» заявіў, што «вельмі хутка» ў Сырыю накіруюцца дзясяткі вайскоўцаў амэрыканскіх спэцпадразьдзяленьняў, якія будуць супрацоўнічаць з арабскімі сіламі, якія спрабуюць ізаляваць сталіцу самаабвешчанага халіфата і пакласьці канец тэрарыстычным змовам групоўкі. Як заявіў Брэт Макгерк у нядзелю, выступаючы на канале CBS, у апошнія тыдні кааліцыі ўжо ўдалося дамагчыся значных вынікаў, аднавіўшы кантроль над шэрагам тэрыторыяў і зьнішчыўшы сотні баевікоў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Макгерк заявіў, што ў сувязі з сакрэтнасьцю апэрацыі ён ня будзе называць канкрэтныя даты, аднак, паводле яго слоў, менш за 50 вайскоўцаў адправяцца на поўнач Сырыі «вельмі хутка». Іх місія, анансаваная ў канцы мінулага месяца, накіраваная на падрыхтоўку і аказаньне кансультацыйнай дапамогі арабскім сілам, якія змагаюцца з «Ісламскай дзяржавай». Як адзначыў Макгерк, гэта будзе зроблена на фоне «вельмі пасьпяховай апэрацыі» гэтых сіл.

Брэт Макгерк
Брэт Макгерк

«Толькі за апошнія два тыдні яны ўзялі пад кантроль каля 1000 квадратных кілямэтраў. Яны зьнішчылі каля 300 баевікоў „Ісламскай дзяржавы“ і засяродзіліся на спробах ізаляваць сталіцу „ІДзІЛ“, Раку, дзе, як мяркуецца зараджаюцца тэрарыстычныя змовы», — сказаў ён.

Па словах Макгерка, мэта апэрацыі — аднавіць кантроль над тэрыторыямі, зьнішчыць лідэраў «ІДзІЛ», перакрыць фінансаваньне і кантакты з глябальнымі сеткамі, якія пастаўляюць байцоў у шэрагі «Ісламскай дзяржавы». Ён спаслаўся на прынятую ў пятніцу рэзалюцыю Рады бясьпекі ААН, дзе тэракты «Ісламскай дзяржавы» ў Тунісе, Турцыі, Бэйруце і Парыжы, нароўні з крушэньнем расейскага ляйнэра над Сінайскім паўвостравам, названыя «глябальнай і беспрэцэдэнтнай пагрозай міжнароднаму міру і бясьпецы».

Перад ад’ездам з Малайзіі пасьля ўсходнеазіяцкага саміту прэзыдэнт Абама паабяцаў, што міжнародная кааліцыя на чале з ЗША зьнішчыць «ІДзІЛ»: «Мы інтэнсыфікуем сваю стратэгію па ўсіх франтах разам зь мясцовымі партнэрамі. Мы працягнем аслабляць пазыцыі „Ісламскай дзяржавы“ ў Іраку і Сырыі і зьнішчаць усё новых лідэраў і камандзіраў групоўкі, каб яны не змаглі пагражаць нам, і мы зьнішчым гэтую тэрарыстычную арганізацыю».

Аднак сэнатар-дэмакрат і сябра камітэта па выведцы Даен Файнстайн заявіла ў нядзельным эфіры праграмы Face the Nation на CBS, што ня лічыць падыход адміністрацыі Абамы дастаткова эфэктыўным для вырашэньня дадзенай праблемы.

Даен Файнстайн
Даен Файнстайн

«Я занепакоеная тым, што ў нас мала часу. Трэба быць агрэсіўнымі, таму што „ІДзІЛ“ — гэта квазі-дзяржава. У яе 30 000 байцоў, грамадзянская інфраструктура, фінансаваньне, яна распаўсюджваецца ў іншыя краіны, і гэта вельмі сур’ёзная праблема. У іншых месцах ідзе канкурэнцыя паміж рознымі тэрарыстычнымі арганізацыямі, але „Ісламская дзяржава“ стаіць асобна. Гэтая групоўка неверагодна моцная, і дзейнічаць трэба вельмі рашуча », — лічыць сэнатар.

Файнстайн выказала здагадку, што можа спатрэбіцца больш шырокая прысутнасьць спэцыяльных падразьдзяленьняў ЗША ў рэгіёне, адзначыўшы, што дзясяткі вайскоўцаў у Сырыі ня вырашаць праблему.

Макгерк настойвае, што міжнародная кааліцыя па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» не марудзіць з выкананьнем свайго абяцаньня зьнішчыць групоўку.

«На працягу апошняга году нам давялося зрабіць сёе-тое, каб стварыць умовы для паскарэньня нашых намаганьняў. Так што, да прыкладу, толькі за апошнія два тыдні мы вялі адначасовыя апэрацыі ў Сырыі і Іраку ў супрацоўніцтве з курдзкімі і арабскімі сіламі, каб перакрыць галоўны маршрут паставак паміж Ракай і Масулам. Гэтыя апэрацыі прайшлі вельмі пасьпяхова. Нашы спэцпадразьдзяленьні адправяцца на поўнач Сырыі, і іх місіяй будзе арганізаваць сілы на месцы, кааліцыю сіл для наступу на Раку. Паўгода таму зрабіць гэта было нельга. Але цяпер для гэтага створаныя неабходныя ўмовы», — тлумачыць ён.

Паводле яго слоў, стратэгія заключаецца ў тым, каб заціснуць «Ісламскую дзяржаву» ў Іраку і Сырыі, перакрыўшы калідор у Турцыю, адрэзаўшы шляхі з Ракі ў Масул, утрымліваючы левы флянг каля ракі Тыгр і разам з іракскімі сіламі бясьпекі праводзячы апэрацыі па вызваленьні сталіцы правінцыі Анбар, Эр-Рамадзі. Акрамя таго, плянуецца ўмацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з глябальнымі сеткамі, якія пастаўляюць замежных байцоў у «Ісламскую дзяржаву».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG