Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крым — без электрычнасьці з Украіны і грузаў з Расеі


У панядзелак праўкраінскія актывісты не дазволілі адрамантаваць падарваныя лініі электраперадач у напрамку Крыму. У выніку анэксаваны Расеяй паўвостраў другі дзень застаецца без электраэнэргіі. Захоўваецца і сур’ёзная напружанасьць у адносінах паміж Кіевам і Масквой, паведамляе агенцтва Reuters.

Крымскія татары і прадстаўнікі ўкраінскіх нацыяналістычных фарміраваньняў не далі украінскім інжынэрам магчымасьці адрамантаваць чатыры апоры лініі электраперадач, узарваныя невядомымі зламысьнікамі ў мінулыя выходныя ў Херсонскай вобласьці — рэгіёне мацерыковай Украіны, кантраляванай афіцыйным Кіевам.

Калі «мы атрымаем пацьвярджэньне таго, што ў нас ёсьць доступ, мы можам пачаць аднаўляць лініі ўжо заўтра», — заявіў в.а. кіраўніка Укрэнэрга Усевалад Кавальчук, які паведаміў таксама, што вядзе перамовы з актывістамі.

Раней у гэтым годзе расейскія інжынэры пачалі пракладку падводных кабэляў з паўднёвай Расеі да Крыму, каб забясьпечыць акупаваную тэрыторыю, якая зьяўляецца домам для 2 мільёнаў чалавек, расейскай энэргіяй да 2020 году.

Але цяпер паўвостраў, які Расея захапіла ў мінулым годзе, атрымлівае з Украіны, па меншай меры, 70% электраэнэргіі.

Прадстаўнікі Расеі заявілі, што паскораць працу над першай фазай праекту пракладкі падводных кабэляў, які аслабіць залежнасьць ад Украіны, з тым, каб сыстэма была ўведзеная ў дзеяньне да сярэдзіны наступнага месяца.

Дамоўленасьць аб пастаўцы энэргіі з Украіны ў Крым заканчваецца 31 сьнежня. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Ўладзімер Дзямчышын заявіў у панядзелак, што ўкраінскае палітычнае кіраўніцтва будзе вырашаць, ці падоўжыць кантракт на наступны год.

Анэксія Крыму Расеяй прывяла ўзаемаадносіны Кіева і Масквы ў стан крызісу, абвастрэньню якога спрыяў мяцеж прарасейскіх сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне.

Адзін расейскі сэнатар назваў выбухі «актам тэрарызму». Палітычны лідэр крымскіх татараў Мустафа Джамілеў сказаў, што працэс аднаўленьня паставак энэргіі ў Крым можа пачацца толькі пасьля таго, як «палітычныя зьняволеныя» на паўвостраве будуць вызваленыя.

Многія крымскія татары выступілі супраць анэксіі Крыму. Гэтая цюркамоўная мусульманская этнічная група Крыму, за плячыма ў якой — працяглая гісторыя, правяла шматлікія акцыі пратэсту супраць дыскрымінацыі і запалохваньняў, якія, па заявах крымскіх татараў, маюць на мэце здушыць нязгоду. Пракрамлёўскае кіраўніцтва паўвострава адмаўляе абвінавачваньні ў рэпрэсіях.

У верасьні крымска-татарскія актывісты ўсталявалі на мацерыковай частцы Ўкраіны дарожныя заслоны на двух асноўных маршрутах у кірунку Крыму. Так пачалося тое, што яны называюць эканамічнай блякадай, закліканай прыцягнуць увагу да бядотнага становішча іх суродзічаў, якія жывуць на паўвостраве.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк у панядзелак рэкамэндаваў ураду афіцыйна прыпыніць грузавыя перавозкі на паўвостраў пасьля аналягічнай заявы прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

Актывісты адмаўляюць, што гэта яны ўзарвалі апоры, што выклікала адключэньне электрычнасьці і ў шэрагу раёнаў Херсона. Не даючы магчымасьці весьці працы па аднаўленьні электразабесьпячэньня Крыму, яны заявілі, што дазволяць адрамантаваць лініі, якія пастаўляюць энэргію мацерыковай Украіне.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея спадзяецца на тое, што Кіеў распачне «рашучыя меры», каб аднавіць пастаўкі электраэнэргіі ў Крым. Міністэрства энэргетыкі Расеі паведаміла, што аварыйныя крыніцы электрычнасьці былі ўключаныя для задавальненьня першачарговых патрэб Крыму ў электраэнэргіі і што былі выкарыстаныя мабільныя газавыя турбагенэратары. Сяргей Аксёнаў, кіраўнік Крыму, якога падтрымлівае Крэмль, з-за надзвычайнай сытуацыі абвясьціў панядзелак непрацоўным днём.

Расейская анэксія Крыму стала прычынай санкцыяў Захаду ў дачыненьні да Масквы, якія, як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы, будуць заставацца ў сіле прынамсі да ліпеня 2016 году.

Агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла ў панядзелак, што тры чалавекі былі затрыманыя ў Маскве за вывешваньне жоўта-сіняга ўкраінскага сьцяга на высотным гмаху.

У верасьні расейскі суд асудзіў украінца за дапамогу ў спробе намаляваць нацыянальны сьцяг сваёй краіны на гэтым жа высотным гмаху на знак пратэсту супраць зьнешняй палітыкі Крамля і прысудзіў яго да двух гадоў і трох месяцаў турмы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG