Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Днепрапятроўску створаць «Парк савецкага пэрыяду»


Помнік Леніну ў Днепрапятроўску, 11 лістапада 2015 году
Помнік Леніну ў Днепрапятроўску, 11 лістапада 2015 году

У Днепрапятроўску абвясьцілі конкурс на стварэньне «Парку савецкага пэрыяду».

Адпаведнае распараджэньне, якое падпісала выконваючая абавязкі гарадзкога кіраўніка Днепрапятроўска Галіна Булаўка, у панядзелак, 23 лістапада, апублікавалі на сайце гарадзкой рады.

Згодна з дакумэнтам, каардынаваць гэты конкурс будзе Галоўнае архітэктурна-плянавальнае кіраваньне і мясцовае аддзяленьне Саюзу архітэктараў Украіны.

У распараджэньні гаворыцца, што дэпартамэнту камунальнай гаспадаркі даручылі стварыць часовае месца для складаваньня помнікаў савецкай эпохі, пакуль парк ня будзе абсталяваны.

Паводле інфармацыі намесьніка гарадзкога кіраўніка Вадзіма Шабанава, у сьпіс помнікаў, якія павінны быць дэмантаваныя ў рамках рэалізацыі «закона аб дэкамунізацыі» і знойдуць сваё месца ў «Парку савецкіх скульптур», увайшло больш за 40 аб’ектаў. Гэта 18 манумэнтаў, 23 мэмарыяльныя дошкі, дзьве стэлы, абэліск і бронеплятформа «пэрыяду грамадзянскай вайны 1918-1920-х гадоў».

Сярод помнікаў савецкім дзеячам, якія павінны зьнесьці, — помнік Сяргею Кіраву на аднайменным праспэкце помнік Рыгору Пятроўскаму каля цэнтральнага чыгуначнага вакзала, помнік рэвалюцыянэру Міхаілу Калініну ў аднайменным парку і два помнікі Леніну ў аддаленых раёнах горада.

У лютым 2014 ў Днепрапятроўску актывісты зьнесьлі помнік Леніну на галоўнай плошчы горада. Потым у горадзе разгарнулася дыскусія адносна далейшага лёсу былой плошчы імя Леніна (цяпер, паводле рашэньня гарадзкой рады, — Герояў Майдана).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG