Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады фронт» стварае спартова-патрыятычны клюб «Ваяр»


«Ваяр» на занятках

«Ваяр» на занятках

Малады фронт заявіў пра пачатак працы спартова-патрыятычнага клюбу «Ваяр».​

Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі.

«Ваяр» зоймецца выхаваньнем моладзі ў нацыянальным духу, фізычнай і дапрызыўнай падрыхтоўкай. Ён стане спартова-патрыятычным крылом «Маладога Фронту» для выхаваньня беларускіх хлопцаў і дзяўчат «у здаровым нацыянальным духу».

«Перад тварам зьнешніх пагрозаў мы бачым, што каб быць беларускім патрыётам зараз, недастаткова ведаць назубок родную мову або насіць вышыванку. Трэба таксама ўмець пастаяць за свой край і яго тэрытарыяльную цэласнасьць.

Наша праца скіраваная на дапрызыўную падрыхтоўку беларускай моладзі, выхаваньне патрыятызму ды асабістай адказнасьці, фізычнае загартаваньне хлопцаў ды дзяўчат. Наша дзейнасьць не супярэчыць заканадаўству Беларусі. Мы не рыхтуем дывэрсантаў ды баевікоў, не трэніруемся з баявой зброяй (толькі страйкбольныя прывады ды маса-габарытныя мадэлі), таму ўсе спробы на нас нешта „павесіць“ будзем лічыць правакацыямі. У сваім доме вогнішча ніхто раскладаць ня будзе. Але бараніць свой дом — сьвяты абавязак і інтарэс кожнага. Нашы інтарэсы — гэта інтарэсы Беларусі», піша сайт mfront.net.

Стваральнікі клюбу «Ваяр» заявілі аб правядзеньні ўстаноўчага зьезду клюбу.

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Сябра сойму «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што ў клюб гатовыя ўступіць «некалькі дзясяткаў» чалавек. «Мы вырашылі не фарсіраваць, ня бегчы паперадзе воза. Мы проста праводзім першыя мерапрыемствы, зьбіраем людзей. І трэба зьвярнуць увагу, што ўсё робім адкрыта, грунтуючыся на беларускіх законах і інтарэсах беларускай дзяржавы», — сказаў у інтэрвію БелаПАН Дашкевіч.

Паводле Дашкевіча, мэта новага аб’яднаньня палягае ў «супрацьстаяньні пятай пракрамлёўскай калёне ў Беларусі і расейскай агрэсіі, якую гэтая пятая калёна рыхтуе».

«Мы бачым, што ў Беларусі арганізоўваецца работа дзясяткаў, калі ня соцень, ваенных аб’яднаньняў, якія наўпрост называюць сябе ваеннымі аб’яднаньнямі, хоць вайны ў Беларусі няма, яны заяўляюць, што Беларусь — гэта частка Расеі, і гэтак далей. І ў той жа час у краіне няма такіх аб’яднаньняў, якія б праводзілі ваенна-патрыятычныя мерапрыемствы і рыхтавалі людзей да таго, што, магчыма, прыйдзецца ў любы дзень абараняць сваю краіну са зброяй у руках».

Канкрэтная задача клюбу — «падрыхтоўка людзей, якія будуць абараняць краіну, — і фізычная падрыхтоўка, і ідэйная».

21 лістапада «Ваяр» правёў першую трэніроўку. Паводле Дашкевіча, на ёй выкарыстоўвалася страйкбольная зброя. Пазьней трэніроўкі будуць праводзіцца «па меры патрэбы». Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Сярод ахвотных уступіць у арганізацыю ёсьць людзі, якія служылі ў войску або маюць баявы вопыт у «гарачых кропках», паведаміў палітык.

Паводле Дашкевіча, ва Украіне «ў прынцыпе толькі дзякуючы добраахвотнікам дзяржава ёсьць у тых межах, у якіх яна ёсьць», а «салдаты тэрміновай службы, воінскія афіцэры проста здавалі краіну, напалову зьяўляючыся агентамі».

«Я думаю, у Беларусі сытуацыя яшчэ горшая. Мы бачылі неаднаразова дасьледаваньні, што вышэйшае кіраўніцтва беларускай арміі і сілавых структур завязана на Расеі, яны скончылі расейскія ВНУ, яны там стажыруюцца, у іх на сталах і ў кабінэтах вісяць расейскія сьцягі. Калі нехта спадзяецца на беларускае войска, я абсалютна перакананы, што яно першым здасьць Беларусь, і яшчэ добра, калі ня будзе ваяваць з уласным народам», — лічыць палітык.

«Малады фронт» ня мае «асаблівых ілюзій» наконт рэгістрацыі аб’яднаньня «Ваяр».

«Калі не зарэгіструюць, гэта таксама будзе пэўным сьведчаньнем таго, у якім кірунку глядзіць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі», — лічыць Дашкевіч. У той жа час ён адзначае, што прарасейскія ваенныя аб’яднаньні ў Беларусі зарэгістраваныя «насуперак таму, што парушаюць беларускае заканадаўства і прэтэндуюць на тое, што Беларусь — гэта частка іншай краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG