Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сындром Нью-Васюкоў


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Параўнальна частыя візыты ў Беларусь прэзыдэнта Сэрбіі Таміслава Нікаліча, на першы погляд, павінны былі выклікаць зьдзіўленьне. Бо, здаецца, што зьвязвае дзьве краіны? У палітычным пляне яны мала залежаць адна ад адной. Гандаль параўнальна невялікі, узаемны гадавы гандлёвы абарот складае 250 млн даляраў.

Але высьветлілася, што ёсьць сумесныя бізнэсовыя праекты, і сэрбскі прэзыдэнт стаў лабістам інтарэсаў двух сэрбскіх алігархаў братоў Карычаў, якія займаюцца ў Беларусі маштабным будаўнічым бізнэсам. Два прэзыдэнты адкрылі будоўлю вялікага комплексу «Мінск-Мір». І гэтаму спадарожнічаў ня менш маштабны піяр у дзяржаўных мэдыях.

Вось што напісала «Советская Белоруссия» 21 лістапада 2015 году:

«Колькі на плянэце ўсясьветных фінансавых цэнтраў? На самой справе ня так ужо і шмат. Самыя буйныя знаходзяцца ў Сынгапуры, Лёндане, Цюрыху, Нью-Ёрку, Дубаі. У хуткім часе да гэтай ганаровай кампаніі можа далучыцца і Менск. На месцы цяперашняга аэрапорту ў цэнтры гораду афіцыйна стартаваў маштабны беларуска-сэрбскі мэгапраект — будоўля шматфункцыянальнага комплексу „Мінск-Мір“. Прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч асабіста заклалі памятную капсулу ў знак пачатку грандыёзнай будоўлі. Урачыстае мерапрыемства стала адным з цэнтральных пунктаў візыту прэзыдэнта Сэрбіі ў нашу краіну і практычным увасабленьнем дамоўленасьцяў на вышэйшым узроўні... Першымі абяцаюць пабудаваць жылыя кварталы і сацыяльную інфраструктуру. Потым зьявяцца гандлёва-забаўляльныя комплексы, школы, дзіцячыя сады, спартыўныя пляцоўкі і тэнісныя корты, мэдыцынскія цэнтры і паркавая зона. І, вядома ж, разыначка ўсяго праекту — міжнародны фінансавы цэнтар. Калі ўсё пойдзе паводле пляну, тут атрымаюць працу 25 тысяч чалавек. Разглядаючы вялікія макеты будучых аб’ектаў, я ўбачыў непадалёк аднаго з уладальнікаў сэрбскай кампаніі Драгаміра Карыча... — А ці праўда, што міжнародны бізнэс-цэнтар у Мінску зможа канкурыраваць зь фінансавымі цэнтрамі ў Дубаі, Сынгапуры і Лёндане? — пацікавіўся я ў бізнэсмэна. — Што вы, бізнэс-цэнтар — гэта ня тое слова, — ажывіўся Драгамір Карыч. — Гэта самы буйны праект у Эўропе. Ён зьменіць карціну Беларусі і ня толькі яе. Сюды прыйдуць найбуйнейшыя інвэстары з усяго сьвету, прэстыжныя фінансавыя карпарацыі, банкі, страхавыя і лізінгавыя кампаніі... „Мінск-Мір“ умацуе ролю Беларусі як моцнага моста паміж краінамі Эўропы і эканомікамі Ўсходу, якія дынамічна разьвіваюцца».

Неяк няёмка тлумачыць «саліднай газэце», што фінансавы цэнтар — гэта не будынкі, а грашовыя плыні, якія абслугоўваюць разьвітую эканоміку, патрабуюць цьвёрдай валюты, разьвітага фондавага рынку і шмат чаго іншага. А ў Беларусі няма ні канвэртавальнай валюты, ні паўнавартаснага фондавага рынку, і г.д.

Сумнеў выклікае і сам праект, які каштуе 3,5 млрд даляраў. Сёньня будаўнічая галіна ў Беларусі перажывае цяжкі крызіс. Попыт на жыльлё ўпаў, экспэрты прагназуюць, што гэтым годам яго будаўніцтва скароціцца на 40%. Шмат пабудаваных жылых дамоў стаяць пустымі, у спажыўцоў няма грошай купляць у іх кватэры. Прапанова офіснай нерухомасьці таксама перавышае попыт. У Менску сёньня зашмат гандлёвых плошчаў, частка тых, што ёсьць, не выкарыстоўваецца. І вось у момант, калі Беларусь уступае ў пэрыяд глыбокага эканамічнага крызісу, канца якому ня бачна, пачынаецца рэалізацыя такога мэгапраекту, які, калі глядзець звонку, ня мае шанцаў акупіцца. Ад усяго гэтага патыхае нейкай грандыёзнай авантурай.

Ад усяго гэтага патыхае нейкай грандыёзнай авантурай

19 лістапада Аляксандар Лукашэнка выдаў указ № 465, які карэктуе ўмовы рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў у будаўнічай сфэры. Гэта тычыцца і кампаніяў, падкантрольных братам Карыч. Дык вось, ва ўказе шмат пунктаў, пазначаных грыфам «для службовага карыстаньня», зьмест іх схаваны. Можа, там і знаходзяцца адказы на пытаньні? Напрыклад, сэрбскія бізнэсоўцы атрымліваюць нейкія надзвычайныя льготы, і ў якасьці удзячнасьці, так бы мовіць, у нагрузку, будуць рэалізоўваць гэты загадзя стратны праект? Зразумела, гэта гіпотэза.

Лукашэнка ня быў бы самім сабой, калі б да гэтага эканамічнага мэгапраекту не прыцягнуў мэгапалітыку. Яму цесна ў межах Беларусі, ён прэтэндуе на тое, каб вырашаць праблемы сусьвету. «Советская Белоруссия» паведамляе, што беларускі і сэрбскі лідэры дамовіліся яшчэ вось пра што:

«У будучым годзе на месцы будоўлі „Мінск-Мір“ зьбяруцца кіраўнікі рэспублік былой Югаславіі. Справа ў тым, што для ўзьвядзеньня комплексу плянуецца стварыць кансорцыюм бударганізацыяў гэтых краін. Таміслаў Нікаліч распавёў, што пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя».

Што не ўдалося зрабіць кіраўнікам краін былой Югаславіі (аб’яднаць высілкі, а не ваяваць між сабой), удасца Лукашэнку. Колькі было падобных плянаў. Кіраўнік Беларусі шмат разоў прапаноўваў дапамагчы Кітаю ўмацавацца ў Эўропе. З трыбуны ААН нядаўна Лукашэнка вучыў, як трэба ўрэгуляваць крызыс на Блізкім Усходзе. Была задума правесьці ў Беларусі гістарычную сустрэчу паміж патрыярхам РПЦ і Рымскім папам. У Менску ўжо ўрэгулявалі ўкраінскі крызіс. І гэтак далей. Сындром Нью-Васюкоў — цяжкі комплекс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG