Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі захаваюцца цяперашнія трэнды, у 2020-м ня будзе адзінага кандыдата» — Класкоўскі пра правацэнтрысцкую кааліцыю


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Стварэньне правацэнтрысцкай кааліцыі паралельна са «сьпісам ТаК» можа зноў прывесьці да разьяднанасьці апазыцыі.

Падчас візыту ў Брусэль 17–19 лістапада прадстаўнікі АГП, БНФ, БХД і «За свабоду» падпісалі дэклярацыю аб стварэньні правацэнтрысцкага блёку да будучых выбараў. Правыя палітыкі не пацьвярджаюць факт падпісаньня дамоваў, але кажуць пра намер супольных дзеяньняў.

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, у меркаванай правацэнтрысцкай кааліцыі асноўныя сілы правацэнтрысцкага кшталту прадстаўленыя, але казаць пра кааліцыю як пра сфармаваную яшчэ рана:

«Гэта толькі эскіз. Сапраўды, такіх кааліцыяў, як падкрэсьлівае той самы Лябедзька, было шмат, і імі нікога ня зьдзівіш. Пытаньне — наколькі яна акажацца працаздольнай. Хоць гаворка ідзе з вуснаў таго ж Лябедзькі, што, маўляў, мы хочам працаваць разам на агульным ідэйным грунце і адстойваць агульныя каштоўнасьці, можна згадаць, што ня так даўно АГП была ў кааліцыі «Талака» зь левымі, з партыяй «Справядлівы сьвет». Таму тут я ня бачу пасьлядоўнасьці.

Хачу падкрэсьліць, што ў беларускіх палітычных варунках кааліцыі ня столькі ідэйныя, колькі сытуацыйныя,. Пад увагу бяруцца ня столькі ідэйныя сугучнасьці, колькі сымпатыі і антыпатыі, нейкая каньюнктура. У гэтай дэлегацыі «белай варонай» быў бы Статкевіч. Хоць сёньня ён выглядае найболей харызматычнай, папулярнай фігурай у апазыцыі, «вулічным байцом» з арэолам такога нязломнага змагара. Але проста левы Статкевіч ніяк ня ўпісваўся ў дэлегацыю на запрашэньне правай партыі.

У прынцыпе, любое стварэньне нават пляцоўкі для каардынацыі дзеяньняў — гэта, безумоўна, плюс, улічваючы кепскую рэтраспэктыву дзеяньняў беларускай апазыцыі, якая хранічна пазьнілася, хранічна грызлася між сабой і заўжды потым разводзіла рукамі, што «нам не хапіла часу на кансалідацыю і супольную стратэгію».

«Узьнікае пытаньне, дзе знайсьці месца таму ж Статкевічу»

«Ведаючы некаторыя закулісныя рэчы, можна меркаваць, што ня будзе ідыліі, бо ў суб’ектаў гэтай меркаванай кааліцыі, у асобаў, якія вызначаюць палітыку структур, ёсьць свае амбіцыі, ёсьць супярэчнасьці, ня бачныя староньняму воку. Гэтым тлумачыцца і асьцярожнасьць выказваньняў пра тое, ці будзе кааліцыя.

Зноў будзе поліфанія, якая больш будзе, пэўна, нагадваць какафонію

Але далей узьнікае пытаньне, дзе знайсьці месца ў супольнай барацьбе супраць рэжыму сацыял-дэмакратам, таму ж Статкевічу, бо ён левы, партыя «Грамада» выпадае... Пакуль я бачу, што фармуюцца два цэнтры сілы апазыцыі. Другі — «Гавары праўду», якая ўжо анансавала «сьпіс ТаК» і будзе старацца пад гэтую шыльду перацягнуць у тым ліку і частку актыву іншых структур. А як будуць дзейнічаць сацыял-дэмакраты, пост-камуністы з партыі Калякіна — незразумела.

Натуральна, лепей, калі будуць дзьве-тры калёны, гэта лепей, чым поўны хаос. Але я зноў бачу, што адзінага пасланьня выбаршчыкам ня будзе. Зноў будзе поліфанія, якая больш будзе, пэўна, нагадваць какафонію. Зьявяцца, можа, зноў розныя тактыкі ўдзелу. Можа, зноў зьявіцца «тактыка сьпікерства», калі спачатку рэгіструюцца, выкарыстоўваюць магчымасьці кампаніі, потым здымаюцца. Але досьвед паказвае, што электарат часта не разумее, чаму ён павінен падтрымліваць кандыдата, які проста «гуляе ў кошкі-мышкі» з уладамі. Але намер да хоць якога групаваньня сілаў можна толькі вітаць.

«Гэта альтэрнатыва мяккай апазыцыі, канцэпцыі мірных пераменаў»

Момант фактычнага супрацьстаяньня «Гавары праўду», я думаю, ёсьць. Бо калі паглядзець на склад меркаванай кааліцыі, то гэта пераважна тыя асобы і структуры, якія якраз «бамбавалі» Караткевіч і «Гавары праўду», называлі несапраўднай апазыцыяй, казалі, што гэта хібны шлях і фактычна падыгрываньне ўладам. У пэўнай ступені гэта альтэрнатыва мяккай апазыцыі, канцэпцыі «мірных пераменаў». Я думаю, дэ-факта гэтае суперніцтва будзе вызначаць апазыцыйны аспэкт парлямэнцкай кампаніі 2016 году.

Сакрамэнтальнае пытаньне шараговага выбаршчыка: «Калі не Лукашэнка, то хто?». Беларуская палітыка зводзіцца да адказу на гэтае пытаньне.

Я падкрэсьліваю, што гаворка пра апазыцыйны аспэкт, бо варта разумець, якімі вачыма на ўсё гэта глядзіць электарат. Заангажаваныя ў гэтае супрацьстаяньне з аднаго боку кажуць, што Караткевіч і Дзьмітрыеў — гэта фэйкавая апазыцыя. Зь іншага боку кажуць — маўляў, паглядзіце на тых, гэта ж радыкалы-маргіналы, якія зацыкліліся ў сваіх дагматычных рэвалюцыйных поглядах, а сёньня ня тая сытуацыя... А звычайны абывацель глядзіць на гэта і думае: хлопцы-дзеўкі, вы спачатку між сабой разьбярыцеся, кіньце гэтую грызьню, а потым станавіцеся ў позу і кажыце, што мы вас выведзем на сьветлы шлях у будучыню. На жаль, апазыцыя, і тыя, і тыя, пра гэта часта забывае.

Безумоўна, у беларускай сытуацыі палітыка біпалярная, ёсьць сакрамэнтальнае пытаньне шараговага выбаршчыка: «Калі не Лукашэнка, то хто?». Беларуская палітыка зводзіцца да адказу на гэтае пытаньне. А ў іншых выпадках, калі апазыцыянэры пачынаюць казаць, што ў іх розныя плятформы, што, ідучы рознымі калёнамі, яны дэманструюць нібы нейкае багацьце ідэалягічнага выбару — усё гэта пустыя словы. Гэта расьцярушваньне альтэрнатывы. Хоць на сёньня ў апазыцыі няма сілаў і рэсурсаў, каб перакуліць гэты рэжым, але калі казаць пра нейкую пэрспэктыву, нейкія шанцы пры зьбегу акалічнасьцяў, то бачна, што асядлаць гэтую хвалю можа толькі кансалідаваная апазыцыя — і на гэта трэба працаваць падчас кожнай кампаніі і між кампаніямі.

«2020: кандыдат Караткевіч, кандыдат правацэнтрысцкага блёку, кандыдат левых сілаў»

У сёньняшніх умовах, калі захаваюцца гэтыя трэнды, я бачу, што ў 2020-м ня будзе адзінага кандыдата, а будзе разьвівацца як разьвіваецца: будзе кандыдат Караткевіч, кандыдат правацэнтрысцкага блёку і, напэўна, кандыдат левых сілаў, якія выпадаюць зь сёньняшняга раскладу. Будзе размытая альтэрнатыва. І хоць празь пяць гадоў для апазыцыі будзе вельмі спрыяльная сытуацыя, бо спаўзае ўзровень жыцьця, будуць насьпяваць настроі незадавальненьня ўладаў, але разладжанасьць дзеяньняў можа ўсё сапсаваць для апанэнтаў рэжыму.

Хоць досьвед зрынаньня аўтарытарных рэжымаў паказвае, што калі сапраўды бачна, што сытуацыя вагаецца і трэба сьціснуць пальцы ў кулак, то апазыцыя, якую шмат год бэсьцілі за разьяднанасьць, здольная аб’яднацца. Як тое было ў Югаславіі, калі скінулі Мілошавіча. Таму любыя спробы аб’яднацца — гэта спробы са знакам плюс".

XS
SM
MD
LG