Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія «Рэмба» ўважліва сочаць адно за адным


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Малады Фронт» стварае спартова-патрыятычны клюб «Ваяр».

«Створаны для выхавання беларускіх хлопцаў і дзяўчат у здаровым нацыянальным духу. Перад тварам знешніх пагрозаў, мы бачым, што каб быць беларускім патрыётам, зараз не дастаткова ведаць на зубок родную мову або насіць вышыванку. Трэба таксама ўмець пастаяць за свой Край і яго тэрытарыяльную цэласнасць... Наперадзе – устаноўчы з’езд клубу».

Каб утварыць клюб, «Маладому Фронту» патрэбны цэлы зьезд! Сьмех-сьмехам, але «МФ» за час існаваньня ад 1997 году меў розныя канфігурацыі, свайго кшталту «аўтаноміі». У тым ліку была калісьці «Койданаўская Рада “МФ”», якая займалася фізычным супрацьстаяньнем прарасейскім правым у Беларусі на пачатку 2000-х.

Але з часам вайскова-спартовыя нацыянальна арыентаваныя арганізацыі самараспусьціліся. Зрэшты, як і падобныя зь іншай ідэалёгіяй. Засталіся адно клюбы пад дзяржаўным крылом, якімі збольшага кіруюць адстаўныя ці дзейныя людзі ў пагонах. Прычым засталіся менавіта як клюбы, без удзелу ў афіцыйных ці неафіцыйных палітычных падзеях.

Тыдзень таму аднаго з маладафронтаўскіх лідэраў Міколу Дземідзенку зьбілі людзі, у якіх пазьней апазналі прарасейскіх правых. Яны баранілі ідэоляга «русского мира» Нікалая Старыкава.

Сам інцыдэнт стаўся першым у публічнай прасторы за многія гады. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя была гучная справа, калі б-ч-б актывісты разагналі сустрэчу з нацыянал-бальшавіком Эдуардам Лімонавым. А зусім даўно – у сьнежні 1991 – пінкамі выгналі Жырыноўскага з адкрытай сустрэчы зь менчукамі.

Але цяперашняе сутыкненьне адбываецца ў цалкам новых палітычных рэаліях. Раней апазыцыяваньне адбывалася па лініі незалежнікі – лукашэнкаўцы. Цяпер жа расейскі «саюзьнік» пры жаданьні можа сур'ёзна нашкодзіць незалежнасьці краіны, чым закране і прыхільнікаў свабоды краіны і тых, хто падтрымлівае Лукашэнку.

Як на маё меркаваньне, візыт Старыкава быў выведкай боем. Паглядзець на рэакцыю ў Беларусі з усіх бакоў: афіцыйную, нацыянальную і прарасейскую.

Прарасейскіх непадкантрольных дзяржаве актывістаў не было бачна вельмі даўно – больш за дзесяць гадоў. Думаю, ідэйных расейскіх прафашыстаў і імпэрцаў у нас шмат і не было. У асноўным яны вэрбавалі хлопцаў з ускрайкаў, тых, каму хацелася сябе кудысьці прыкласьці, да нейкай важнай справы, дзе заадно можна прадэманстраваць свае байцоўскія здольнасьці.

Можна меркаваць на прыкладзе колішніх футбольных заўзятараў, якія пятнаццаць гадоў таму былі збольшага «кліентамі» прарасейскіх-радыкалаў. Але ўпартая асьветніцкая праца энтузіястаў зрабіла сваё. Цяпер мы заўзятараў розных клюбаў бачым збольшага з нацыянальнай сымболікай. Колішнія нацыянальна арыентаваныя актывісты нікуды не зьнікалі, хіба, пасталелі. Але і новая генэрацыя зьявілася.

Зрэшты, за прамінулыя 15-17 гадоў і ўлада рыхтавала сабе баявую моладзь у вайскова-спартовых клюбах пад кіраўніцтвам дзейсных, альбо адстаўных людзей у пагонах. Праўда, рыхтаваныя як апанэнты «нацыяналістам», цяпер сябры гэтых – «казацкіх» – клюбаў выглядаюць не зусім відавочна ў пляне пэрспэктываў падтрымкі ўлады.

Магчыма, пра «Малады Фронт» ізноў загавораць СМІ, будучымі «нацыяналістычнымі баевікамі» афіцыёз будзе пужаць бабулек каля тэлевізараў, а ў сеціве будуць ухваляць «мужных ваяроў». Мы ўбачым рэпартаж са зьезду, дзе дэмакратычным шляхам будуць абмяркоўваць прынцыпы будучага клюбу. Не зьдзіўлюся, калі запачаткуецца грамадзкая дыскусія, дзе з розных бакоў пойдуць парады – чым варта займацца, дзе і як.

А я нядаўна пабачыў групу маладых людзей, выгляд і манеру паводзінаў якіх прынята зваць «гопніцкімі». Па тварах і кулаках было бачна, што бойкі – не чужы для хлопцаў занятак. У двух з іх былі «Пагоні» на вопратцы. Колькі такіх па ўсёй Беларусі, пазаструктурных, пазаарганізацыйных, пазазьезных?

Так і ўся краіна паціху зьмяняецца. Паціху, без рэклямы. І ўсе ўважліва сочаць адны за аднымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG