Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзем склейваць югаслаўскую дружбу?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Краіна «Славянскага базару» можа стаць месцам сустрэчы прэзыдэнтаў былых югаслаўскіх рэспублік.

Навіна, што з дапамогай сэрбскага прэзыдэнта Нікаліча ў Менску будуць сабраныя іншыя «югаслаўскія» прэзыдэнты, для мясцовай аўдыторыі можа прагучаць як гучная падзея. І Нікаліч Лукашэнку пры журналістах паабяцаў, што сваю частку работы ўжо выконвае: мова пра «пэўныя крокі» па арганізацыі будучай сустрэчы ў Менску. І што крокі датычылі кіраўнікоў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі. Ён не сказаў, што дасягнутая дамоўленасьць, што яны паабяцалі ці хаця б зацікавіліся. Але — «крокі зробленыя».

Праўда, Нікаліч ужо сказаў наперад з упэўненасьцю: «Тут будзе прадстаўленая ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепей жыць». Дадаўшы ў бок Лукашэнкі: «Гэта ваша вялікая заслуга». Аказваецца, мова пра пляны стварыць «кансорцыюм былых рэспублік Югаславіі». І штосьці яны зьбіраюцца на шырокую нагу прадукаваць — што палепшыць жыцьцё былых югаславаў. Што? Пакуль невядома. Але яшчэ раней было абвешчана, што будаўніцтва «найбуйнейшага ў Эўропе комплексу «Минск-Мир», якое пачынаецца на месцы старога аэрапорту, «павінна стаць узорам супрацоўніцтва славянскага сьвету».

Здавалася б, сапраўднаму паляпшэньню адносін паміж сэрбамі і суседзямі, умацаваньню сувязяў можа паспрыяць толькі рэальны ўдзел у Эўразьвязе і ніхто іншы ня здолее зрабіць большага. Але нейкі плян у бацькі ёсьць. Нейкі бізнэс-плян. Пажывем — пабачым.

І пэўная нагода апраўдваць сваё званьне ганаровага старшыні апошняга, Х Усеславянскага зьезду, што прайшоў пяць гадоў таму ў Кіеве. Цікава, што там быў прыняты «зварот да беларускага народу». У звароце «асуджалася выдзяленьне Захадам сродкаў на гэтак званую «падтрымку дэмакратыі». Як бачым, дэмакратыя для такіх мерапрыемстваў паняцьце заганнае. Успомнім, што напэўна «начытаўшыся звароту», узброеныя прадстаўнікі беларускага народу ўчынілі 19 сьнежня вядомае пабоішча супраць тых, хто дэмакратыю разумее ў агульнаэўрапейскім рэчышчы.

Што ж будуць рабіць у Менску тыя прэзыдэнты, якім сёньня неабходна прытрымлівацца дэмакратычных стандартаў? Чаму іх могуць тут навучыць? Славэтнай стабільнасьці? Зрэшты, вядома, што сярод іх ёсьць і Джуканавіч, які кіруе больш за Лукашэнку, так што нават яны змогуць абмяняцца вопытам. Але астатнія? Нібыта прагучала абяцаньне бізнэс-праекту, ад якога нельга адмовіцца.

Але выглядае, што сапраўды важная мэта — менавіта сабраць асобна кіраўнікоў з былой Югаславіі. Прыняць на правах гасьціннага гаспадара. Мэта будзе сымбалічнай, мяркуе бацька… Можа адгукнуцца? І падпісаць, напрыклад, зварот да «былога югаслаўскага народу». Што-небудзь наконт славянскага братэрства і гэтак званых «дэмакратычных каштоўнасьцяў». Кірылу і Мятода ўспомніць пры нагодзе, славянскую азбуку.

Хаця як сталіца СНД Менск нічога ня можа. Гэта сталіца вясельных генэралаў. Лепей прэзыдэнтам былых югаслаўскіх трымацца бліжэй Эўропы. Там немагчымае такое, як тут: каб адзін член Садружнасьці незалежных дзяржаў забраў у другога паўвостраў Крым і распачаў апэрацыю «Наваросія», каб адрэзаць значную частку ад астатняй тэрыторыі. Хаця Лукашэнка тут якраз ні пры чым. Ён стараўся іх замірыць. Але вынікі вядомыя: Крым забраны, у Данбасе ў замарожаным стане гібрыдная вайна.

Так што прэзыдэнтам у Любляне, Загрэбе ды іншых сталіцах варта перш падумаць: ці прыносіць Менск шчасьце? Зрэшты, заўсёды замест сябе можна паслаць прэм’ера. Альбо яшчэ каго-небудзь.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG