Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія і Францыя шукаюць расейскую падлодку на ўзьбярэжжы Шатляндыі


Расейская падлодка, ілюстрацыйнае фота

Расейская падлодка, ілюстрацыйнае фота

Брытанскія вайскоўцы не раскрываюць дэталяў апэрацыі, але прызнаюць: давялося зноў зьвяртацца па дапамогу да саюзьнікаў.

Францускія і канадзкі самалёты патрулююць прыбярэжныя воды на поўнач ад Шатляндыі ў пошуках расейскай падлодкі, паведамляе The Daily Telegraph. Брытанія была вымушаная зьвярнуцца па замежную дапамогу, бо ў 2010-м сьпісала ўласную антыпадлодачную авіяцыю.

Па зьвестках выданьня, падлодку шукаюць 10 дзён. Разам з францускімі самалётамі ў апэрацыі задзейнічаныя брытанскія фрэгат HMS Sutherland і «паляўнічая» падводная лодка. Мяркуецца, што расейская падлодка магла шпіёніць за брытанскай падлодкай зь ядзернымі балістычнымі ракетамі «Трайдэнт».

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі адмовілася раскрываць дэталі апэрацыі, але пацьвердзіла, што самалёты саюзьнікаў дапамагаюць у апэрацыі ў затоцы Моры-Фэрт.

Цяперашняя апэрацыя ўжо трэцяя за год, калі Брытанія зьвяртаецца да саюзьнікаў па дапамогу ў пошуках расейскай субмарыны. Актыўнасьць расейскіх падлодак, сьцьвярджае The Daily Telegraph, вырасла да ўзроўню, якога ня бачылі ўжо цягам дзесяцігодзьдзяў.

XS
SM
MD
LG