Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля таго як з дапамогай верталёта ўсталявалі вялікі валун, магіла народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна збольшага ўпарадкаваная. Хоць першы праект, на які быў абвешчаны грамадзкі збор сродкаў, выглядаў зусім іначай. Сваю апошнюю волю Рыгор Барадулін выказаў у вершы, напісаным яшчэ ў 1995 годзе:

Калі я адыду, пастаўце мне

Валун сівы і крыж на валуне.

Побач з помнікам славутаму паэту, на якім высечаны крыж і надпіс «Рыгор Барадулін. Сын», — помнік ягонай маці, які ставіў дзядзька Рыгор больш за 20 гадоў таму. На ім напісана: «Мама Акуліна Андрэеўна Барадуліна».

Камень на помнік паэту знайшлі каля вёскі Кублічы на Вушаччыне, дзе ў школе вучыўся Васіль Быкаў. Скульптар Ігар Засімовіч выбраў яго з трох валуноў. Жорнавыя камяні — таксама ідэя скульптара. Па-першае, дзед Барадуліна, Андрэй Галвіньш, быў млынаром. Па-другое, у беларусаў жорны — сымбаль творчасьці, урадлівасьці. Па-трэцяе, жорны ставілі на магілы людзям, якія мелі нейкія звышздольнасьці, былі чараўнікамі.

Валун на магілу ўсталявалі ратавальнікі Службы авіяцыі Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Вушацкія ўлады далі тэхніку — грузавік, пад’ёмны краін, бэтонамяшалку, і 25 чалавек прынесьлі з ускрайку могілак 800 вёдзер бэтону. Для завяршэньня кампазыцыі не хапае яшчэ двух-трох жорнаў, пра што Глеб Лабадзенка напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Людзі ўжо адгукаюцца, трэба толькі ўзгадніць са скульптарам Ігарам Засімовічам, якія жорны падыдуць па форме, памеры, структуры.

«Варта адзначыць, што ўсе гэтыя дні з ранку да вечара скульптару Ігару Засімовічу дапамагалі ратаўнікі з Вушацкага падразьдзяленьня МНС, а таксама ўвесь час дапамагае Вушацкі выканкам. Людзі нават у свае выходныя прыходзілі на могілкі працаваць, сам дырэктар Управы капітальнага будаўніцтва цягаў жорны», — апавёў Свабодзе журналіст Глеб Лабадзенка, які арганізаваў усталяваньне помніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG