Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя чалавека, які перажыў тэракты ў Нью-Ёрку і Парыжы


36-гадовы амэрыканец Мэт’ю быў пад Усясьветным гандлёвым цэнтрам 11 верасьня 2001 году і ў тэатры «Батаклян» 13 лістапада 2015-га. Выжыў.

Гісторыю цудоўнага ўратаваньня падала француская газэта Le Monde.

Журналіст францускай Le Monde Даніэль Псэні здымаў рэпартаж з тэатру «Батаклян» падчас тэрарыстычнай атакі на Парыж 13 лістапада. Ён уратаваў параненага мужчыну, але сам атрымаў кулю ў руку.

Уратаваным аказаўся 36-гадовы амэрыканец Мэт’ю. Чатырнаццаць год таму, 11 верасьня 2001 году, ён быў на прыступках Усясьветнага гандлёвага цэнтру, калі першы захоплены тэрарыстамі самалёт уляцеў у адну зь вежаў-блізьнятаў.

«Я прапоўз палову Мангэтана, — кажа ён. — Але тое, праз што я прайшоў у „Батакляне“, было ў тысячу раз горш».

Мэт’ю пераехаў зь сям’ёй у Парыж сёлета ў ліпені. Ён зьбіраўся пайсьці на канцэрт Eagles of Death Metal разам з жонкай, ды тая засталася дома з двума дзецьмі, бо не знайшлося сядзелкі.

Калі тэрарысты пачалі на канцэрце страляніну, Мэт’ю адразу пазнаў гукі аўтаматаў і пабег да выхаду. У нагу яму трапіла куля, але ён дапоўз да выхаду. Апынуўшыся на бруку каля дзьвярэй тэатру, ён прыкінуўся мёртвым. Затым адчуў, як нехта цягне яго за рукі. Усё, што ён здолеў тады сказаць, было: «Я люблю цябе, мой анёл».

За рукі яго падхапіў Псэні — і пацягнуў у кватэру ў бліжэйшым доме. Кулю ў руку ён атрымаў, калі зачыняў за сабой і Мэт’ю дзьверы. Жыхары дому дапамаглі спыніць кроў. У кватэры параненыя чакалі тры гадзіны, пакуль не прыехала паліцыя і не завезла іх у шпіталь. Дзьве з гэтых трох гадзін Мэт’ю ад шоку ня мог нават прыгадаць нумар тэлефону сваёй жонкі, каб паведаміць ёй, што жывы.

«Я ня думаў, я дзейнічаў інстынктыўна, — Псэні кажа, што не адчувае сябе героем. — У мяне быў чалавечы рэфлекс — ня даць камусьці памерці перада мной, абставіны тады дазвалялі зрабіць гэта. Калі б я быў пад адкрытым агнём з аўтаматаў, я б, без сумневу, ня кінуўся ратаваць Мэт’ю».

Псэні з Мэт’ю дамовіліся, што вып’юць разам, як раны загояцца. А Мэт’ю кажа, што, можа, яшчэ вернецца ў «Батаклян» на іншы канцэрт.

XS
SM
MD
LG