Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанка, якая размаўляе па-беларуску лепей за беларускіх памежнікаў


Анхэла Эсьпіноса прэзэнтавала ў Менску кнігу беларускамоўных вершаў і распавяла пра тое, як сутыкнулася зь беларусафобіяй у Гішпаніі.

Прэзэнтацыя першай кніжкі Анхэлы «Раяль ля мора» адбывалася ў межах цыкла сустрэч «Арт-Сядзібы». Паслухаць замежную госьцю прыйшло каля 40 чалавек, людзі стаялі ў праходзе, бо ня ўсім хапіла месцаў. Анхэла прачытала некалькі вершаў, у тым ліку адзін, які быў напісаны з нагоды сьмерці Барадуліна, і адказвала на пытаньні.

Анхэла паходзіць з гішпанскай Малагі, цікаўнасьць да беларускай мовы пачалася з выпадковай сустрэчы зь беларусам у ЗША, дзе яны разам былі на моладзевай праграме. Ёй тады было 15.

Пасьля паступіла на факультэт славянскіх моваў, але беларускую вучыла самастойна — з дапамогай падручнікаў онлайн. Каб вольна размаўляць, ёй спатрэбілася два гады, але вершы па-беларуску яна пачала пісаць ужо праз шэсьць месяцаў. Анхэла распавяла, што бацькі спачатку зь неразуменьнем паставіліся да яе жаданьня вучыць малавядомыя ў Эўропе мовы, а пра існаваньне асобнай мовы ў Беларусі яны нават ня ведалі. Затое цяпер дзяўчына жартуе, што яна першая ў сям’і зарабіла мільён. Праўда, беларускіх рублёў.

Цяпер Анхэла вывучае беларусістыку ў Варшаўскім ўнівэрсытэце і плянуе паступленьне ў асьпірантуру. Дзяўчына кажа, што менавіта ў беларускай мове яна знайшла свой стыль і пачуваецца натуральна. Хоць вершы піша на шасьці мовах: апроч беларускай, ёсьць творы на гішпанскай, ангельскай, францускай, украінскай і латыні. Яна зазначае, што на кожнай мове піша ў розным стылі, а ў беларускай паэзіі адчувае сябе сымбалістам.

У Беларусі Анхэла пабывала ўпершыню. Але яе пазнаў памежнік.

«Я размаўляла зь ім па-беларуску, а ён глядзеў на мяне, пасьля на мой гішпанскі пашпарт. І здагадаўся, што я тая самая гішпанка, якая вывучала беларускую. А пасьля дадаў, што я размаўляю па-беларуску лепш, чым ён».

За дзень побыту яна напісала два вершы. Адзін у Горадні, другі ў маршрутцы да Менску. На напісаньне вершаў яе натхняе жыцьцё, і Анхэла ўжо пасьпела ацаніць беларускае надвор’е — «з такім толькі сядзець дома, піць гарбату, чытаць і пісаць вершы».

Распавяла Анхэла і пра тое, што выкладчыца ва ўнівэрсытэце Гранады вельмі нэгатыўна ўспрыняла беларускую мову і мела зь ёй мноства канфліктаў. Бо яна аказалася з... Расеі і лічыла ўсе славянскія мовы, апроч расейскай, непаўнавартаснымі.

Анхэла перакладае беларускіх аўтараў на гішпанскую і плянуе выдаць асобную кніжку з дапамогай ўнівэрсытэта Грэнады. Таксама яна піша кнігу гумарыстычных маналёгаў па-беларуску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG