Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У гісторыі
1793 — скончыўся Гарадзенскі сойм, апошні сойм Рэчы Паспалітай. Паводле задумы царыцы Кацярыны II, гэты сойм мусіў прызнаць тэрытарыяльныя прэтэнзіі Прусіі і Расеі, і такім чынам замацаваць другі падзел Рэчы Паспалітай. Раней, 23 верасьня, адбылося гэтак званае «нямое паседжаньне». Маўчаньне дэпутатаў працягвалася некалькі гадзінаў. Урэшце маршалак сойму сказаў, што маўчаньне азначае згоду.
1906 — у Вільні выйшаў першы нумар «Нашай Нівы».
1924 — у Маскве прагучала першая перадача Маскоўскага радыё, якая паклала пачатак радыёвяшчаньню ў Савецкім Саюзе.
1979 — выдадзены падвойны альбом «Сьцяна» брытанскага гурту «Пінк Флойд».
У гэты дзень нарадзіліся:
1871 — Уладзімер Тэраўскі, беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.
1910 — Зьмітрок Астапенка, беларускі паэт і празаік.
1954 — Міхаіл Русы, беларускі палітык, старшыня Аграрнай партыі.
1958 — Аляксандр Дабравольскі, беларускі палітык.
1966 — Міхась Скобла, беларускі паэт, перакладчык, эсэіст.
У гэты дзень памерлі:
1886 — Адам Кіркор, грамадзкі дзяяч, этнограф, публіцыст. Кіркор як адзін зь першых пазнаёміў навуковы сьвет Расеі і Польшчы з багацьцем духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў, адлюстраваў гістарычныя і этнаграфічныя своеасаблівасьці беларускага народу, даў этнічную і сацыяльна-побытавую характарыстыку тыпаў беларусаў, адзначыў самастойнасьць беларускай мовы. У кнізе «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў», якая ўбачыла сьвет у 1874 годзе, выказаў ідэю пра беларускую культуру як цэласную шматвяковую гістарычную зьяву ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэтычных фальклёрных відаў творчасьці.
1970 — Яўген Цікоцкі, беларускі кампазытар. У 1970-х, калі гарадзкія ўлады руйнавалі гістарычны цэнтр Менску, Я.Цікоцкі быў адным з актыўных абаронцаў архітэктурнай спадчыны.
Цытата:
«Ідэя „Сьцяны“ зьявілася пасьля дзесяці гадоў нашых канцэртаў і рок-відовішчаў. Асабліва ў 1975 і 1977 гадах мы выступалі перад вельмі вялікай колькасьцю слухачоў. Некаторыя зь іх належалі да нашай старой аўдыторыі і прыйшлі паслухаць нашу музыку, але большасьць зь іх прыйшла, каб папіць піва і пабыць на вялікім стадыёне. У выніку мы адчулі сябе адчужанымі падчас выступаў. Я асабліва востра адчуваў тую сьцяну паміж намі і слухачамі, ну і гэты альбом стаў выказьнікам тых нашых адчуваньняў».
Роджэр Уотэрз, басіст «Пінк Флойд».