Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Доўгая дарога да нагавіцаў


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Надзіва ціха, як нешта зусім нязначнае, прайшла ў нас навіна, што ўкраінская Вярхоўная Рада прыняла антыдыскрымінацыйную папраўку ў Працоўны Кодэкс.

Між тым, у самой Украіне абмеркаваньне гэтай папраўкі, а менавіта пасажа пра тое, што забараняецца якая-кольвек дыскрымінацыя ў сфэры працы і «наўпроставае ці ненаўпроставае абмежаваньне правоў у залежнасьці ад расы, палітычных, рэлігійных ці іншых перакананьняў, гендэрнай ідэнтычнасьці ці сэксуальнай арыентацыі» набыло магутнага рэзанансу.

Ужо ў час агалошваньня фармулёўкі, як паведамляе «Эўрапейская праўда», у плянарнай залі ўсчаўся шум, былі чуваць няўхвальныя водгукі. 5 лістапада Рада праваліла разгляд гэтай нормы Працоўнага кодэксу, прычым «забанілі» папраўку ўсе фракцыі, акрамя Блёку Пятра Парашэнкі. 10 лістапада законапраект быў унесены на галасаваньне, але зноў жа быў правалены. Праз два дні Вярхоўная Рада ўсё ж прыняла забарону працоўнай дыскрымінацыі: праўда, для гэтага сьпікеру ўкраінскага парлямэнту Ўладзімеру Гройсману давялося шэсьць разоў уключаць у парадак дня прапанову прыняць папраўку без абмеркаваньня (бо абмеркаваньне, безумоўна, зноў пахавала б яе), абвяшчаць перапынак і праводзіць дадатковыя кансультацыі, а ўрэшце – заспакойваць кансэрватыўных дэпутатаў вельмі празрыстай рыторыкай: «Мы выступаем з вамі за сямейныя каштоўнасьці і ні ў якім разе, я чую нейкія фэйкі, якія кажуць, што ва Ўкраіне могуць быць якія-кольвек аднаполыя шлюбы. Ня дай бог, каб гэта адбылося, і мы ніколі ня будзем гэта падтрымліваць».

Папраўка была адным з асноўных «падводных камянёў» на шляху да скасаваньня шэнгенскіх візаў для грамадзян Украіны. Няма сумневу, каб Эўразьвяз не змушаў украінскія ўлады фарсіраваць эўраінтэграцыйныя рэформы і каб была ва ўкраінскай эканоміцы дабрадайная стабільнасьць, антыдыскрымінацыйная папраўка нават не выносілася б на абмеркаваньне. Аднак напярэдадні другой гадавіны Эўрамайдану прэзыдэнту Парашэнку гранічна важна было правесьці праз парлямэнт хаця б намінальныя рэфарматарскія законы.

Самое абмеркаваньне сытуацыі ва ўкраінскім сэгмэнце сацыяльных мярэжаў адбывалася вельмі бурліва. Фракцыі, нават і з былымі эўразьвязаўскімі зорачкамі на сэрцах, збольшага адмоўчваліся, украінскія нардэпы жартавалі, маўляў, каб прагаласавалі «за», то жонкі не пусьцілі б іх у хату; дэмакратычна настроеная супольнасьць перажывала, можна сказаць, пэўны шок і ацьверазеньне. Наагул карціна здавалася падобнай да кінастужкі пра Амэрыку часоў Лінкальна.

Галасаваньне па антыдыскрымінацыйнай папраўцы паказала, што нават у прасунутай Украіне, пасьля двух Эўрамайданаў, на піку прыхільнасьці да Эўразьвязу, пры дэмакратычна абранай вярхоўнай уладзе (у тым ліку ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі ў абраным парлямэнце) падставовыя ідэалы эўрапейскай палітыкі застаюцца незразумелымі, а сяму-таму й нават здаюцца варожымі. Рэй дагэтуль вядзе кансэрватыўная сіла, якая без двукосьсяў памірала ад «беркутаўскіх» і «лнр-днраўскіх» куляў за тое, каб Україна пазбавілася расейскага ўплыву і далучылася да Эўропы, але ў той жа час працягвае блякаваць эўраінтэграцыю.

Цікава ўявіць сабе альтэрнатыўны варыянт дзеяў у Беларусі – пры дзеяньні празрыстага выбарчага кодэксу, адсутнасьці рэпрэсіяў супраць палітычных партый… Наагул – пры дзейсным парлямэнце, у якім засядаюць «Справядлівы сьвет», КХП-БНФ, БХД, «Малады фронт», АГП, «Гавары праўду», БСДП і пазафракцыйныя камуністы. Дык вось, пры такім змадэляваным беларускім парлямэнце, у лістападзе 2015 году, ці прайшла б антыдыскрымінацыйная папраўка? Ці ўзьняўся б гамафобскі вэрхал у залі для галасаваньня на словах «сэксуальная арыентацыя»?

Пытаньне, як кажуць, рытарычнае.

Назіраючы пасьлядоўна ўсе этапы, як дзеці вучацца насоўваць нагавіцы і завязваць матузкі, я зразумеў, што эвалюцыя – працэс доўгі і пакутлівы. Далёка да Эўразьвязу ня толькі Беларусі, а нават і Ўкраіне з Малдовай. Эўракамісар Ёханэс Ган у нядаўнім інтэрвію хваліўся посьпехамі апошняй – ужо зьмененыя 2000 рэгуляторных актаў па дарозе да Зоны вольнага гандлю з ЭЗ. Адзначыўшы, праўда, што гэта толькі 10% ад патрэбных зьменаў у малдаўскім заканадаўстве. Тым ня менш, пацыент яўна перайшоў да матузкоў; Україна, праклінаючы ўсё на сьвеце, поркаецца з нагавіцамі; беларусам па-ранейшаму няма чаго губляць, акрамя сваіх пролежняў.

Наяўнасьць якіх, зрэшты, і прызнаваць ня надта хочацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG