Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ гадоў дзесяць таму, калі гэта было зусім ня модна, я спакойна даказваў, чаму немагчымы сапраўдны мультыкультуралізм унутры адной цывілізацыі.

Без усялякіх эмоцыяў і ідэалёгіяў, без «процістаяньня цывілізацыяў» — я тлумачу гэта з элемэнтарнага практычнага і юрыдычнага пункту гледжаньня.

Любое пасьпяховае грамадзтва (краіна) трымаецца на еднасьці законаў для ўсіх. На зразумелых правілах іх прымяненьня. І вось калі, напрыклад, у Эўропе ці ЗША жанчына завяла сабе палюбоўніка, — то найгоршым вынікам для яе могуць стаць яе матэрыяльныя страты пра падзеле маёмасьці падчас разводу. А калі жанчына зрабіла гэта на мусульманскім Блізкім Усходзе, то дзеля ратаваньня «гонару сям’і» ёй могуць адсекчы галаву, закідаць камянямі, пахаваць зажыва.

І вось калі ў юрыдычныя сыстэмы эўрапейскіх краінаў (дзеля добрых намераў, вядома), напрыклад, у Брытаніі, у пэўны час ужо прапаноўвалі ўводзіць элемэнты шарыяту — як вы гэта сябе ўяўляеце? Адных грамадзян будуць судзіць па нашых эўрапейскіх законах, а іншых — па асаблівых рэлігійных ці «этнічных»? Але ж гэта бардак, гэта юрыдычны хаос, развал правапарадку.

Дарэчы, нешта падобнае назіралася за апошнія месяцы з уцекачамі, калі некаторыя строгія законы (пакараньне за перасячэньне дзяржаўнай мяжы, парушэньне правапарадку, заняцьце прыватнай тэрыторыі) на іх ня дзейнічалі, бо яны ж «бедныя і няшчасныя». Але гэта ўсё роўна што злавілі злодзея за крадзеж, а ён пачаў скардзіцца на галоднае дзяцінства, і яго адпусьцілі. Так не павінна быць, розныя законы для розных людзей — гэта развал грамадзтва.

Гэта даўно ўжо зразумелі адказныя эўрапейскія палітыкі, і за апошнія гады пра правал ідэі мультыкультуралізму заяўлялі і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, і прэм’ер-міністар Брытаніі Джэймс Кэмэран. Нідэрлянды ў 2014 годзе прынялі закон аб інтэграцыі, дзе паклалі канец мадэлі мультыкультуралізму, якая раней заахвочвала імігрантаў ствараць паралельнае грамадзтва ў Нідэрляндах.

Для мяне асабіста ня важна, якога этнічнага паходжаньні і якой рэлігійнай прыналежнасьці людзі, што жывуць у эўрапейскіх краінах — важна, каб яны прызнавалі эўрапейскія каштоўнасьці прававой дэмакратычнай дзяржавы.

Ну і яшчэ адзін аргумэнт, — на гэты раз эмацыйны. У сьвеце існуюць розныя цывілізацыі, Кітай застаецца Кітаем, Індыя Індыяй, мусульманскі сьвет нават у самых разьвітых сваіх праявах таксама не ператвараецца ў Швэцыю, Расея з усіх сілаў апошнія гады пнецца даказваць сваю асобнасьць. Усе яны не дазваляюць у сябе ніякую мультыкультурнасьць, застаюцца сабой.

Дык вось, мне асабіста хацелася б, каб на нейкім кавалачку сушы захавалася і эўрапейская (заходняя) цывілізацыя — з прыярытэтам правоў чалавека, з свабодай сумленьня і рэлігіяў, з свабодай самавыяўленьня чалавека, з прававой дзяржавай. Гэтага няма нідзе, толькі тут, у Эўропе, і ў ЗША. І калі гэта будзе разбаўлена мультыкультурнасьцю ў законах і нормах жыцьця — трошкі шарыяту, трошкі Кітаю, трошкі Расеі — гэта ўжо будзе нейкай помесьсю, а не заходняй прававой цывілізацыяй. А мне хацелася б, каб яна захавалася.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG