Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі студэнцкі саюз выказаў салідарнасьць зь беларускімі студэнтамі


Эўрапейскі студэнцкі саюз (ESU) заклікаў ўлады Беларусі і адміністрацыі беларускіх ВНУ спыніць ціск на студэнтаў, якія спрабуюць абараніць свае акадэмічныя правы і свабоды.

Як адзначаецца ў заяве, апублікаваным на сайце ESU, амаль усе беларускія ВНУ ўвялі зборы для студэнтаў за пераздачу іспытаў і залікаў. Пасля таго, як студэнты выступілі супраць вядзеньня такой сістэмы, яны апынуліся пад «жорсткім ціскам».

«Калі Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, адзін з апошніх ВНУ, якія не мелі такіх збораў, абвясьціў аб увядзеньні гэтай нормы са студзеня 2016 года, студэнты сабралі 2.500 подпісаў супраць рэформы. Гэта вылілася ў ціск на актывістаў студэнцкага руху ў БДУ.», — піша ESU. Ціск таксама зьведалі студэнты іншых беларускіх ВНУ, якія выступілі за адмену ўжо дзеючай платнай сістэмы пераздачы залікаў і іспытаў.

Падобныя дзеяньні ESU расцэньвае як «відавочнае парушэнне акадэмічных свабодаў» з боку Беларусі, якая была прынятая ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і далучылася да Балёнскага працэсу ў траўні.

ESU заяўляе аб салідарнасьці з беларускімі студэнтамі, рашуча асуджае парушэньні акадэмічных свабодаў у Беларусі і настойліва заклікае беларускія універсітэты, у тым ліку БДУ, «спыніць усе формы рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў». «Беларусь павінна прытрымлівацца асноўным каштоўнасцям Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі, уключаючы забеспячэньне акадэмічнай свабоды ва ўсіх яе аспэктах», — падкрэсліваецца ў заяве Эўрапейскага студэнцкага саюза.

Заява ESU, які аб’ядноўвае 47 нацыянальных саюзаў студэнтаў з 39 краін, стала адказам на зварот актывістаў студэнцкага руху Беларусі, у якім яны прасілі саюз аб салідарнасьці.

Як паведамляла Свабода, 11 лістапада студэнты прынесьлі ў адміністрацыю БДУ пэтыцыю і 2515 подпісаў супраць увядзеньня аплаты за пераздачы. А ўжо 12 лістапада на сайце ўнівэрсытэту зьявілася інфармацыя, што палажэньне ўхваленае.

XS
SM
MD
LG