Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Брус Бакнэл пра нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў і «русский мир»


Брус Бакнэл

Брус Бакнэл

Амбасадар Вялікай Брытаніі Брус Бакнэл выступіў з публічнай лекцыяй аб нацыянальнай ідэнтычнасьці ў межах праекту «Лятучага ўнівэрсытэту» «Urbi et Orbi».

У даволі прасторнай галерэі «TUT.BY» паслухаць брытанскага амбасадара сабралася прыкладна тры сотні чалавек. У другой частцы імпрэзы разгарэлася гарачыя дыскусія, і многія маладыя людзі прадэманстравалі цудоўнае валоданьне ангельскай мовай.

На частку пытаньняў спадар Бакнэл адказваў па-расейску, калі пытаньне было занадта філязофскае ці каверзнае, пераходзіў на ангельскую, трапна і дасьціпна жартуючы і артыстычна жэстыкулюючы.

«У першыя месяцы свайго знаходжаньня ў Беларусі я часта пытаўся ў суразмоўцаў-беларусаў аб іх нацыянальнай самасьвядомасці. Адказы на сваё пытаньне я атрымліваў розныя, але мне здавалася, што гэтая тэма больш цікавая мне, чым ім» — з гэтага нарадзілася ідэя спачатку напісаць пра гэта ў блогу, а потым выступіць з публічнай прамовай« — так патлумачыў выбар тэмы сваёй першай і апошняй у Беларусі публічнай лекцыі брытанскі амбасадар.

«Нацыю вызначае ня толькі агульная тэрыторыя, мова і культура, але і калектыўная самасьвядомасьць»

«Калі мы былі ў Гранадзе, на поўдні Гішпаніі, мы пабывалі ў маленькім палацы ХІІ стагодзьдзя. Падчас абеду мой старэйшы сын распавядаў пра свае праблемы ў школе ў Мадрыдзе. Ён сказаў, што хоча хадзіць у школу ў Англіі, у тым месцы, да якога ён належыць — „дзе маё месца?“

У ангельскай мове ёсьць добрае слова belonging. Гэта пачуцьцё прыналежнасьці да чаго-небудзь, прыналежнасьці да месца. Мяне па-сапраўднаму інтрыгуе паняцьце „нацыянальнай ідэнтычнасьці“ і ўсё, што на яе ўплывае. Брытанскія дасьледчыкі Энтані Сьміт і Бэнэдыкт Андэрсан ў 1980-я гады выказалі цікавую тэорыю, што нацыі вызначае ня толькі агульная тэрыторыя, мова і культура, але і калектыўная самасьвядомасьць, атаясамленьне сябе з грамадой, адчуваньне сябе супольнасьцю», — адзначыў спадар Бакнэл.

Амбсадар Брытаніі Брус Бакнэл. Ева Гілевіч, перакладчыца

Амбсадар Брытаніі Брус Бакнэл. Ева Гілевіч, перакладчыца

Брытанія — краіна мультыкультуралізму. Гэта нацыя, якая талерантна ўспрымае розныя культуры:

«І гэтая наша асаблівасьць апошнім часам праходзіць праверку на трываласьць — праблемамі зь мігрантамі, радыкалізмам, тэрарыстычнымі пагрозамі. Сам тэрмін „мультыкультуралізм“ істотна зьмяніўся за апошні час, часткова — з-за радыкальнага ісьляму. Апошні прыклад — Парыж», — кажа спадар Бакнэл.

«Мы вымушаныя прымаць новую працоўную сілу, і з гэтым нічога не зрабіць»

Падчас дыскусіі сур’ёзна абмяркоўвалі праблему мігрантаў, уцекачоў, якія запананілі Эўропу. У цэлым, структура іміграцыі ў Вялікай Брытаніі крыху іншая, чым у Францыі, куды прыяжджае шмат выхадцаў зь іх былых калёній. У Брытаніі іміграцыя больш рознастайная — тут вялікая колькасьць выхадцаў зь Індыі, Пакістану, Нігерыі, эўрапейскіх краінаў — Польшчы і Літвы, тлумачыць амбасадар. У Брытаніі традыцыя — прымаць уцекачоў:

«Але насельніцтва на такой адносна невялікай тэрыторыі ўжо зашмат — 64 мільёна, шчыльнасьць насельніцтва — у 8 разоў большая, чым у Беларусі. Эўропа, у тым ліку Беларусь і Расея старэюць, і дэмаграфічны зрэз паказвае гэта, у той час як у мусульманскім сьвеце мы назіраем зусім іншую карціну, і гэтага не абмінуць. І для таго, каб захаваць узровень жыцьця, які мы маем, мы вымушаныя прымаць новую працоўную сілу, і з гэтым нічога не зрабіць» — заўважыў брытанскі амбасадар.

Адметна, што ў Брытаніі нацыянальныя каштоўнасьці па-сапраўднаму ніколі не былі вызначаны, і прычыны гэтага — у гісторыі. Брытанія разьвівалася толькі эвалюцыйным шляхам — там не было рэвалюцый, як, да прыкладу, у суседзяў — французаў, заўважыў амбасадар.

Тры адметнасьці Вялікай Брытаніі: гарбата, надвор’е, зялёны газон Больш за гадзіну брытанскі амбасадар адказваў на пытаньні аўдыторыі. Культуроляг, дызайнэр, літаратар Міхал Анемпадыстаў папрасіў назваць, асабліва не задумваючыся, тры рэчы, якія ў спадара амбасадара асацыююцца з Вялікай Брытаніяй. Пасьля кароткай паўзы спадар Бакнэл напалову сур’ёзна, напалову жартуючы, адказаў:

«Гарбата. Надвор’е. Зялёны газон»

Спадар Анемпадыстаў папрасіў назваць найбольш пасьпяховыя мерапрыемствы, дзеяньні па ўкараненьні брытанскай ідэнтычнасьці, што было зроблена, магчыма, нават у мінулых стагодзьдзях, што паўплывала на тое, што ў брытанцаў такая пасьпяховая, трывалая ідэнтычнасьць. Амбасадар адказаў зноў жа з пачуцьцём гумару:

«Магчыма, надвор’е. У нас іншы клімат, даволі мяккі. Мы жывем на выспе, у аддаленасьці ад астатняга сьвету. Гэта наша маленькая радзіма, якая абмежаваная тэрытарыяльна, геаграфічна. Мы ня бачылі ўсіх жахаў Айчыннай вайны, якія бачылі вы, хаця ў ёй і ўдзельнічалі. Ды і ўся гісторыя наша іншая — мы былі крышачку аддаленыя. Калі параўноўваць з вашай сытуацыяй, так здорава, што ў вас добрыя стасункі з суседзямі, бо вы жывеце пасярэдзіне кантынэнту, а мы на выспе».

«Русский мир» — гэта ня проста абстрактная ідэя, гэта ідэалёгія

Зноў і зноў аўдыторыя вярталася да асноўнай тэмы публічнай лекцыі:

«Магчыма, беларусы маюць праблемы з нацыянальнай самасьвядомасьцю, таму што не гавораць па-беларуску ў паўсядзённым жыцьці?» — запытаўся малады чалавек.

На гэта пытаньне амбасадар Брус Бакнэл пачаў адказваць па-расейску: «Гэта як ідэя пра «русский мир. Ва Ўладзімера Ўладзімеровіча (Пуціна) — адзін „русский мир“, у Сьвятланы Алексіевіч магчыма, іншае ўяўленьне, што такое „русский мир. Тое, што большасьць беларуса не размаўляе па-беларуску — гэта факт...“ І тут амбасадар перайшоў на ангельскую мову: „Русский мир“ — гэта ня проста як бы абстрактная ідэя, гэта ідэалёгія. Калі вы лічыце сябе мацнейшымі, калі размаўляеце па-беларуску — гэта выйсьце».

На пытаньне, як беларусам не згубіць сябе, бо краіна невялікая, шмат беларусаў працуе ў Расеі, за межамі — брытанскі амбасадар Брус Бакнэл не адказаў, маўляў, ня ведае адказу, бо пытаньне цяжкае. Сказаў толькі, што ў яго ёсьць адна ідэя:

«Ідэя ў тым, каб зрабіць Беларусь домам для тых беларусаў, якія зараз зьяўляюцца эмігрантамі. Тады гэтыя людзі падцягнуцца сюды. Я ведаю вельмі шмат прыкладаў, калі беларусы, прычым, вельмі пасьпяховыя, не жывуць тут. Вам іх трэба сапраўды вярнуць. Ну і яшчэ адзін пункт, які вам не спадабаецца — гэта быць ветлівымі з рускімі, таму што яны зараз праходзяць тое, што мы прайшлі ўжо. Гэта такі постымпэрскі сындром, які мы прайшлі (нават сама каралева Вялікай Брытаніі наведала Ірляндыю). Але гэта не азначае, што вам ня трэба нагадваць, што іх сытуацыя ў нафтай і газам, зь іх мовай ня робяць іх асаблівымі. Будзьце ветлівымі. Ну і зьбірайце зь іх грошы», — пры канцы пажартаваў амбасадар.

Украінец Аляксандар, які тры месяцы таму прыехаў у Беларусь, запытаўся, колькі павінна прайсьці часу, каб і ў беларусаў, і ва ўкраінцаў сфармавалася такая самасьвядомасьць, якую немагчыма было пахіснуць звонку. Брус Бакнэл прадэманстраваў добрае веданьне сёньняшняй сытуацыі і ў Беларусі, і ва Ўкраіне:

«Я цудоўна разумею, што Беларусь і Ўкраіна — абсалютна розныя па сытуацыі краіны. І той жа самы Львоў, які быў пад габсбургамі — вельмі цудоўнае месца. І часам кажуць, што калі б такую гісторыю, як Львоў, мела б уся Ўкраіна — магчыма, усё было б інакш. Таксама я ведаю і пра ўсход Украіны, які мае зусім іншы, збольшага савецкі досьвед з жудаснай гісторыяй калектывізацыі і гэтак далей... Я разумею, што Беларусь у гэтым пляне больш аднародная, але я ня ведаю, колькі трэба часу, каб мець тую ідэнтычнасьць, пра якую вы кажаце. Калі так будзе з Расеяй, калі яна будзе сябе паводзіць так, як зараз — то спатрэбіцца пэўны час. Трэба ўлічваць дэмаграфічную сытуацыю, якая таксама важная. У Расеі дэмаграфічная сытуацыя амаль такая ж самая, як і ў Эўропе. У іншых краінах яна зусім іншая, мы пра гэта ўжо казалі. Гэта я кажу ня дзеля таго, каб адказаць на ваша пытаньне, бо адказу няма. А кажу дзеля таго, каб падкрэсьліць і паказаць вам, наколькі складанае гэта пытаньне».

___________________________________

У студзені 2016 года Брус Бакнэл зьяжджае зь Беларусі. Новым амбасадарам Вялікай Брытаніі ў Беларусі ўжо прызначана Фіёна Гіб.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG