Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымае Беларусь крэдыт МВФ — меркаваньні экспэртаў разыходзяцца


Міжнародны Валютны Фонд працягне перамовы з уладамі Беларусі аб выдзяленьні ім трохмільярднага крэдыту дыстанцыйна. Такую заяву зрабіў Пітэр Долман — кіраўнік спэцыяльнай місіі МВФ, якая цягам дзесяці дзён вывучала сытуацыю ў Беларусі. Экспэрты місіі вяртаюцца ў Вашынгтон, дзе месьціцца штаб-кватэра МВФ. А беларускія экспэрты выказваюць свае меркаваньні Свабодзе пра магчымасьць атрыманьня Беларусьсю крэдыту МВФ. Іх выказваньні запісаў Уладзімер Глод.

Абодва бакі перамоўнага працэсу заяўляюць пра тое, што імі дасягнуты значны прагрэс — заўважае эканаміст намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Але, на мой погляд, такая фармулёўка ў перакладзе з дыпляматычнай мовы азначае, што дамовіцца Менск і Вашынгтон пакуль не змаглі. Вядома, што беларускія ўлады прасілі місію: вы ж толькі нас не кідайце, мы яшчэ папрацуем і, можа, мы здолеем стварыць яшчэ нешта сумеснае.

Я думаю, што былі вельмі канкрэтныя заўвагі з боку Міжнароднага Валютнага Фонду. І цягам некалькіх бліжэйшых тыдняў мы пабачым ці змогуць нашыя эканамічныя ўлады пераканаць Лукашэнку, што ўсё ж трэба прыйсьці да агульнага з МВФ погляду на некаторыя працэсы ў беларускай эканоміцы».

Былы намесьнік старшыні бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец думае, што МВФ дасьць крэдыт уладам Беларусі:

Сяргей Скрабец

Сяргей Скрабец

«Першы крэдыт Беларусь вярнула своечасова. І працэнты па ім таксама вярнулі своечасова. То бок як заёмшчык мы паказалі сябе нармальна.

Аднак гэтым разам МВФ вельмі ня хоча, каб заёмшчык стаў банкрутам. Таму Фонд вылучае свае патрабаваньні. Яны вядомыя — патрабуюць спыніць перакрыжаванае субсыдаваньне, спыніць выдаваць бясконца грошы на пасяўную і ўборачную кампаніі і г.д.

Аднак беларускія ўлады хітраць перад сваім насельніцтвам. Яны кажуць, што МВФ патрабуе спыніць субсыдыі на жыльлёва-камунальныя паслугі і праезд у транспарце. Але гэта не галоўныя патрабаваньні. Улады самі хочуць, паколькі эканоміка неэфэктыўная, перакласьці выдаткі за ЖКГ і транспарт на насельніцтва. Таму ўлады хочуць, не рабіўшы структурных рэформаў, перакласьці вяртаньне магчымага крэдыту на насельніцтва».

На думку доктара эканамічных навук, прафэсара Барыса Жалібы, Вашынгтон будзе зацягваць вырашэньне пытаньня пра крэдыт для Беларусі:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Шанец атрымаць крэдыт ёсьць заўжды. Але ад’езд місіі і заява Долмана падштурхоўваюць мяне да думкі, што МВФ, як кажуць, спусьціць гэту справу на тармазах. Не сумняваюся, што спадару Долману давялі тэкст інаўгурацыйнай заявы Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ў гэтай важнейшай прамове кіраўнік Беларусі адкрыта заявіў, што рэформаў ня будзе.

Таму, я думаю, МВФ будзе пад рознымі прычынамі цягнуць час. Карацей, на мой погляд, у бліжэйшы час крэдыту для нас ад МВФ ня будзе».

Мэтай візыту місіі ў Беларусь была ацэнка зьменаў у нацыянальнай эканоміцы, якія назіраліся ў апошні час, а таксама абмеркаваньне новай эканамічнай праграмы, якая магла б быць падтрымана фінансавымі рэсурсамі МВФ.

XS
SM
MD
LG