Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міжнародныя суды Расеі непрыемныя»


Расейскі гісторык Барыс Сакалоў — пра стаўленьне Крамля да Нюрнбэрскага працэсу.

20 лістапада спаўнілася 70 гадоў з дня пачатку ў 1945 Нюрнбэрскага судовага працэсу над былымі кіраўнікамі нацысцкай Германіі. Ён доўжыўся больш за 10 месяцаў і скончыўся 1 кастрычніка 1946 году. У сучаснай расейскай улады і падкантрольных ёй мэдыях, у якіх увесь час гучаць такія словы і словазлучэньні, як «фашызм», «перапісваньне гісторыі» і гэтак далей, да памяці і спадчыны Нюрнбэрскага працэсу сёньня вельмі дваістае стаўленьне.

Увесь характар Нюрнбэрскага працэсу, вылучаныя абвінавачваньні, ня толькі супраць асобных асоб, але і цэлых груп і арганізацый, якія ня мелі прэцэдэнтаў у сусьветнай гісторыі і юрыспрудэнцыі. Нюрнбэрскі працэс, які прызнаў агрэсію, злачынствы супраць міру і чалавечнасьці і ваенныя злачынствы найцяжэйшымі злачынствамі сусьветнага характару, часам называюць «судом гісторыі». З-за распачатага адразу пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны абвастрэньня адносінаў паміж СССР і Захадам працэс ішоў зь вялікімі ўскладненьнямі, якія суправаджаліся сумневамі ў маральным праве таго ці іншага боку судзіць пераможаных па тых ці іншых канкрэтных пунктах, некаторыя зь якіх маглі б быць дастасавальныя ў першую чаргу да СССР і яго кіраўнікоў.

Барыс Сакалоў

Барыс Сакалоў

Гэта шмат у чым вызначае стаўленьне да памяці Нюрнбэрскага працэсу сёньняшніх крамлёўскіх уладароў, усё больш шчыра атаясамліваць сябе і сваю дзейнасьць з імпэрскай спадчынай Савецкага Саюзу, лічыць гісторык Барыс Сакалоў, зь якім пагутарылі супрацоўнікі расейскай службы Свабоды Андрэй Шараградзкі і Аляксандар Госьцеў. Паводле яго, вышэйшыя расейскія палітыкі цяпер наагул ня любяць міжнародную юстыцыю, і на тое ў іх ёсьць важкія падставы:

— Фармальна стаўленьне расейскай улады да Нюрнбэрскага працэсу пазытыўнае. Крытыку яго рашэньняў неаднаразова прапаноўвалася прыраўняць да крымінальна-каральных дзеяньняў. Але, зь іншага боку, шэраг тэмаў старанна не абмяркоўваецца і не вітаецца. У прыватнасьці, тое, што Нюрнбэрскі працэс у значнай меры быў «юстыцыяй пераможцаў». Таму, у прыватнасьці, паводле папярэдняй дамоўленасьці, дасягнутай да працэсу, дзяржавы-пераможцы не павінны былі абмяркоўваць там злачынствы, учыненыя саюзнымі войскамі ў ходзе вайны, а таксама не закранаць шэраг далікатных момантаў, накшталт сакрэтнага пратакола да савецка-нямецкай дамовы 1939 г., або, напрыклад, выкарыстаньне прымусовай працы грамадзянскага насельніцтва Нямеччыны ў СССР, і, вядома, шэраг анэксій, якія зьдзейсьніў Савецкі Саюз у пэрыяд 1939-1941 гадоў. Бо савецкая акупацыя Літвы, Латвіі і Эстоніі нічым не адрозьнівалася ад нямецкай акупацыі Чэхаславаччыны або Люксэмбурга, якія былі менавіта далучаны да Трэцяга рэйху.

— Гаворка ішла аб злачынствах, учыненых усімі ўдзельнікамі антыгітлераўскай кааліцыі, як можна зразумець: ад расстрэлу ў Катыні да бамбардзіроўкі Дрэздэна ў лютым 1945 года. Савецкі Саюз быў зацікаўлены ў такім пагадненьні больш чым ЗША і Вялікабрытанія?

— Так, таму што на ім вісела больш злачынстваў. Катынскі расстрэл беспасьпяхова ў Нюрнбэргу спрабавалі зваліць на немцаў, але гэта не ўдалося. У заходніх саюзьнікаў таксама былі сумнеўныя апэрацыі, якія маглі ўсплыць на працэсе. Напрыклад, нямецкі бок абвінавачваўся, у тым ліку, за бамбардзіроўкі Бялграда ў красавіку 1941 года, але нямецкія падсудныя паказвалі, што колькасьць ахвяр пры гэтай бамбардзіроўцы было несупастаўляльнай з любым буйным налётам саюзнай авіяцыі на нямецкія гарады.

— У СССР і ў Расеі цалкам усе дакумэнты і пратаколы Нюрнбэрскага працэсу так і не былі апублікаваныя?

— Так, на расейскай мове я ня бачыў поўнай стэнаграфічнай справаздачы ніколі. Яна ёсьць на ангельскай, на іншых эўрапейскіх мовах, а на расейскай — толькі выбраныя матэрыялы. Гэта быў усё ж спаборны працэс, на ім выступалі і сьведкі абвінавачваньня, і сьведкі абароны. Там было, вядома, шмат таго, чаго не хацелася асабліва асьвятляць савецкаму боку для шырокага чытача. Таму, хоць і была пастанова, што павінны быць апублікаваныя поўныя стэнаграмы, але ў СССР гэта так і не было выканана. А ў Расеі таксама не, магчыма, таму што вельмі ўжо вялікі аб’ём матэрыялу выдаваць трэба. Я думаю, гэта ў нейкай меры і ў фінансавы бок ўпіраецца.

— Вы ў адным са сваіх артыкулаў пісалі, што для Крамля сёньня Нюрнбэрскі працэс — гэта зброя адстойваньня сваіх інтарэсаў у Эўропе і на постсавецкай прасторы. Вы што мелі на ўвазе — адбельваньне сталінскага СССР і злачынстваў НКВД у параўнаньні з тым, што рабіла гітлераўская Нямеччына? Ці шырэй — у гэтым адбіваецца настальгія па мінулым, па Ялцінскай-Патсдамскай сыстэме?

— Другая сусьветная вайна замацавала ролю СССР як вялікай імпэрыі. І цяперашнія паводзіны расейскай улады — гэта туга па часах, да якіх хацелася б вярнуцца. На Нюрнбэрскім працэсе не разглядаліся тыя злачынствы, якія зьдзяйсьняліся для стварэньня савецкай імпэрыі. І расейская ўлада хацела б, каб пра гэтыя злачынствы наогул забыліся, асабліва пра злачынствы НКВД і іншых спэцслужбаў, якія зьдзяйсьняліся на тэрыторыях іншых краінаў, у першую чаргу на той тэрыторыі Савецкага Саюзу, якая зараз не ўваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі, гэта значыць у краінах Балтыі, ва Ўкраіне і гэтак далей.

— Па вялікім рахунку, многае з таго, што інкрымінавалася кіраўнікам нацысцкай Нямеччыны, магло быць вылучана адначасова, і з посьпехам, супраць кіраўнікоў СССР той пары?

— Герман Герынг, які як бы негалосна ўзначальваў абарону падсудных, паколькі быў самым высокапастаўленым нацыстам на гэтым працэсе, калі гаворка зайшла аб «акцыях зьнішчэньня» — яўрэяў, ваеннапалонных, мірнага насельніцтва, палітычных праціўнікаў, закладнікаў, зьвярнуў увагу суда: «А вось савецкаму пракурору Раману Рудэнку не спатрэбілася перакладаць з нямецкай мовы, што такое „акцыя“. Ён відавочна і сам ведае, што гэта такое, па ўласным вопыце». Многія савецкія злачынствы спрабавалі ў Нюрнбэргу сьпісаць на нацыстаў — шэраг масавых пахаваньняў, якія былі знойдзеныя, дапусьцім, ва Ўкраіне, на акупаваных тэрыторыях, якія ставіліся да часоў Вялікага тэрору 1937-1938 гадоў, або ахвяр расстрэлаў, якія рабіліся Чырвонай арміяй пры адступленьні ў 1941- 1942 гадах.

— Нюрнбэрскі працэс адкрыў нешта новае тым, хто судзіў, гэта значыць для кіраўнікоў СССР, Вялікабрытаніі і ЗША? Новая інфармацыя для іх там зьявілася?

— Прынцыпова новай інфармацыі, я думаю, для іх там не ўсплыло. Яны аб усіх злачынствах нацыстаў у той ці іншай ступені былі дасьведчаныя. Іншая справа, што адкрыўся, можа быць, у большай меры маштаб гэтых злачынстваў. У прыватнасьці, на Нюрнбэрскім працэсе ўпершыню прагучалі дадзеныя пра 6 мільёнаў зьнішчаных яўрэяў. Вядома, памеры нацысцкіх злачынстваў выявіліся ў большай меры, чым гэта было вядома да працэсу. Гэта стварыла прэцэдэнт: кіраўнікі дзяржаў, якія разьвязваюць агрэсіўную вайну, зьдзейсьнілі злачынства супраць народаў, могуць панесьці пасьля за гэта адказнасьць перад Міжнародным трыбуналам, на міжнародным узроўні, незалежна ад іх нацыянальнага заканадаўства, згодна зь якім іх учынкі і рашэньні, можа, і не прызнаюцца злачыннымі.

— Дзейнічае Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, мы бачылі трыбуналы па былой Югаславіі, па Руандзе. У апошнія пару гадоў «міжнароднае правасудзьдзе» — гэта непрыемнае словазлучэньне для расейскай улады?

— Так, гэта грозны такі прывід для іх, па зразумелых прычынах. Самае непрыемнае з апошняга — гэта суды па справе ЮКАСа. Нядаўна Міжнародны трацейскі суд прысудзіў акцыянэрам ЮКАСа 50 мільярдаў даляраў кампэнсацыі з Расеі. Эўрапейскі суд па правах чалавека таксама яшчэ каля 2 мільярдаў, па-мойму, прысудзіў за тое ж самае. Але пакуль гэтыя рашэньні Расія не сьпяшаецца выконваць, — кажа Барыс Сакалоў.

XS
SM
MD
LG