Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у Бэльгіі: Мультыкультурны экспэрымэнт ня ўдаўся


Алег Мінакоў

Алег Мінакоў

Брусэлі на экстраную нараду сабраліся міністры ўнутраных спраў і юстыцыі краінаў Эўразьвязу. Падставай — тэракты ў Парыжы 13 лістапада.

Тым часам у Францыі і Бэльгіі працягваюцца антытэрарыстычныя мерапрыемствы. Шукаюць меркаваных арганізатараў і выканаўцаў сэрыі тэрактаў.

За апошнія дзесяцігодзьдзі абедзьве краіны сталі месцам прытулку для тысячаў мігрантаў розных нацыянальнасьцяў і веравызнаньняў, але далёка ня ўсе «новыя эўрапейцы» плацяць за такі гуманны жэст узаемнасьцю.

Дык ці меў плён «мультыкультурны экспэрымэнт», распачаты ў шэрагу эўрапейскіх краінаў на пачатку 1990-х? Сваім меркаваньнем са Свабодай падзяліўся музыка і кампазытар Алег Мінакоў, заснавальнік некалі папулярнага гурту «Рублёвая зона». Амаль 20 гадоў Алег з жонкай Вольгай жывуць у Бэльгіі, у невялікім гарадку Русэларэ недалёка ад Бругэ.

Як расказаў Алег Мінакоў, новая хваля мігрантаў абрынулася на невялікую Бэльгію з пачаткам сырыйскага крызісу. Літаральна за 5 кілямэтраў ад Русэларэ месьціцца лягер для ўцекачоў, і, як кажа суразмоўца, суседзтва ўжо напружвае мясцовых жыхароў. Паўсталі праблемы, на якія бэльгійцы былі даўно забыліся — крадзяжы, засьмечанасьць, антысанітарыя. Зьявіліся клапы, якіх не было ад сярэдзіны 1950-х. Тутэйшыя бязь лішняй патрэбы проста не рызыкуюць выходзіць на вуліцу.

Алег Мінакоў канстатуе, што за прамінулы час спакойная і разважлівая Бэльгія адчувальна зьмянілася: цяпер гэта зусім ня тая краіна, у якую ён трапіў пад канец 1990-х. А пасьля падзеяў у суседняй Францыі зьнікла адчуваньне расслабленасьці і абароненасьці — прамэнад па старажытных вуліцах таго ж Бругэ пастаянна суправаджаецца думкамі пра выбухі і тэрарыстаў:

Minakow-2 Алег Мінакоў на вуліцах Русэларэ

Minakow-2 Алег Мінакоў на вуліцах Русэларэ

«Так, вельмі зьмянілася Бэльгія, на жаль, ня ў лепшы бок. І ўсё ад таго, што два дзясяткі гадоў таму была абвешчаная мультыкультура. Тады ўсе спадзяваліся, што гэтая мультыкультура зробіць больш багатым, разнастайным жыцьцё краіны. Але ж гэтага ня здарылася, нават у парлямэнце было заяўлена: мультыкультура не працуе! Пры гэтым „матэрыял“, на які рабіўся разьлік — калі думалі, што ўсё будзе працаваць — застаўся. І ніхто не жадае прыбіраць сьляды няўдалага экспэрымэнту.

Магу патлумачыць гэта як музыкант. Скажам, я пішу нейкую песьню. Дык вось у галаве ты ўяўляеш нешта адно, а потым накладаеш на гукі — і яно табе не падабаецца. Што тады робіш? Delete, пум — і ўсё. І як не працуе мультыкультура, што трэба рабіць? Прыбраць, зрабіць перазагрузку, сказаць: „Так, хлопцы, усё: інтэграцыі ня здарылася. Не паважаеце нашы каштоўнасьці — дадому“.

Зразумела, будуць абурацца. Таму тыя, хто адпавядае эўрапейскаму мэнталітэту і культуры, могуць тут жыць, астатнія — соры, мэханізм не працуе. Але ж не, яны ўсе тут засталіся і точаць на нас нажы, навязваюць „бабулі-Эўропе“ сваё сярэднявечнае ўяўленьне пра культуру і лад жыцьця. Нават у Беларусі ўжо ходзяць дзеўкі ў доўгіх сукенках. Ёў! Дзеўкі, хлопцы чакаюць лета, каб пабачыць вашы ногі, а ня доўгія арабскія сукенкі!».

Алег Мінакоў падсумоўвае: усьведамленьне, што ўратаваць увесь сьвет немагчыма, нарэшце дайшло да заканадаўцаў. Прынамсі, апошнія захады сьведчаць, што размоваў пра атрыманьне мігрантамі віду на жыхарства, ня кажучы пра грамадзянства, ужо не вядзецца. Вымушаныя ўцекачы будуць заставацца ў лягерах толькі на той час, пакуль ня вырашацца праблемы ў зоне канфлікту.

Але, спадзяецца суразмоўца, пасьля вяртаньня менавіта гэтыя людзі, якія мелі магчымасьць дакрануцца да агульначалавечых каштоўнасьцяў, змогуць распачаць якасныя пераўтварэньні ў сябе на радзіме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG