Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ад пятніцы ўзмацняе кантроль на зьнешніх межах саюзу


Гэта тычыцца як грамадзян і жыхароў ЭЗ, якія вяртаюцца ў Эўропу, так і краін зь бязьвізавым уездам у Эўразьвяз.

Рада Эўразьвязу у пятніцу на экстраным паседжаньні па барацьбе з тэрарызмам на ўзроўні міністраў унутраных спраў і юстыцыі прыняла рашэньне «зрабіць больш жорсткім кантроль зьнешніх межаў супольнасьці, у тым ліку для асоб, якія карыстаюцца правам вольнага ўезду». Аб гэтым па выніках пасяджэньня заявіў віцэ-прэм’ер Люксэмбургу Эцьен Шнайдэр, чыя краіна цяпер зьяўляецца старшынёй ЭЗ.

Некаторыя краіны ЭЗ, у прыватнасьці Фінляндыя, прапаноўвалі прыняць рашэньне аб адзіным і часовым аднаўленьні памежнага кантролю на ўсёй Шэнгенскай прасторы. Аднак на такі радыкальны крок улады ЭЗ не пайшлі.

«Дасягнутая дамоўленасьць ад сёньняшняга дня ўзмацніць кантроль зьнешніх межаў. Гэта закране і ўсіх уладальнікаў эўрапейскіх пашпартоў, якія вяртаюцца ў Эўропу», — заявіла раней эўрапейская крыніца ў кулюарах пасяджэньня.

На ўзмацненьні жорсткасьці кантролю эўрапейцаў, якія вяртаюцца ў ЭЗ, у прыватнасьці, настойваў міністар унутраных спраў Францыі Бэрнар Казьнёў. Ён тлумачыў неабходнасьць гэтых мер тым, што большая частка эўрапейскіх экстрэмістаў сёньня ўжо мае грамадзянства дзяржаў ЭЗ.

Узмацненьне жорсткасьці кантролю на межах ЭЗ закране грамадзян Эўропы і краін зь бязьвізавым рэжымам, удакладніў Казьнёў па выніках пасяджэньня. Гэта, да прыкладу, Ізраіль, Аўстралія, ЗША і значная частка краін Лацінскай Амэрыкі.

Рада ЭЗ падтрымала і іншыя антытэрарыстычныя ініцыятывы — аб абмене дадзенымі аб авіяпасажырах і прыняцьці экстраных мер па барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму.

«Таксама мы прынялі рашэньне значна ўзмацніць магчымасьці барацьбы зь фінансаваньнем тэрарызму і адмываньнем грошай», — распавёў Эцьен Шнайдэр.

Акрамя таго, паводле яго, Рада ЭЗ падтрымала дырэктыву аб узмацненьні кантролю абароту агнястрэльнай зброі ў Эўропе (уключаючы сьпісаную і выведзеную з ладу зброю) і паставіў задачу як мага хутчэй запусьціць эўрапейскую сыстэму абмену дадзенымі па авіяпасажырах (Passenger Name Record, PNR) — як мяркуецца, ужо да канца году.

XS
SM
MD
LG